image2 03.10.2017

У Камарова вызначылі лепшых прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў

Лепшыя бізнес-праекты абралі 30 верасня ў вёсцы Камарова Мядзельскага раёна. Тут прайшоў Startup Weekend, на якім слухачы Школы сельскага бізнесу прэзентавалі свае ідэі і планы па іх рэалізацыі.

На суд журы былі прадстаўлены 12 бізнес-планаў, падрыхтаваных за час навучання ў Школе сельскага бізнесу. Прадпрымальнікі-пачаткоўцы спрабуюць свае сілы ў розных сферах, сярод іх сельская гаспадарка, экатурызм, дызайн і рамонт адзення. У кожнага з удзельнікаў было толькі некалькі хвілін, каб прадставіць членам журы свае бізнес-планы і прадэманстраваць перспектывы развіцця іх бізнесу. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі бізнесу, грамадскіх арганізацый і органаў улады.

3.jpg

Падчас прэзентацый удзельнікі запальвалі свечкі з натуральнага воску, дэманстравалі вырабы з аўтэнтычнай вышыўкай, частавалі самаробным сырам і гулялі на тыбецкіх музычных чарах.

Па выніках галасавання журы на першым Startup Weekend фінансавую падтрымку ад 2 да 10 тысяч еўра ад праекта Еўрапейскага саюза атрымаюць 4 будучых прадпрымальніка.

1.jpg

Аляксандра Чыжэўская з вёскі Залессе Смаргонскага раёна плануе адкрыць вытворчасць драўляных вокнаў, якія будуць больш экалагічнымі у параўнанні з ПВХ і будуць пераўзыходзіць канкурэнтаў па якасці. Аляксандра збіраецца накіраваць грошы на закупку неабходнага абсталявання і наём работнікаў. Добрай дапамогай для яе стане падтрымка сваякоў, якія ўжо вырабляюць дзверы.

Святлана Сенькавец з вёскі Паўлюгі Пастаўскага раёна накіруе грошы Еўрапейскага саюза на развіццё перапрацоўкі арганічнага зерня грэчкі ў крупы. Зараз яны з мужам ужо вырошчваюць грэчку і прадаюць яе ў неапрацаваным выглядзе ў Польшчу. У планах Святланы прадаваць зялёную грэчку ў Беларусі. Зараз на прылаўках у краіне можна знайсці толькі імпартную зялёную грэчку па высокіх коштах. Па падліках Святланы прадукт, вырашчаны і перапрацаваны ў Паўлюгах, будзе ў 3 разы танней. Зялёная грэчка ўжо зараз карыстаецца попытам сярод вегетарыянцаў.

5.jpg

Людміла Стручко з вёскі Тракелі Астравецкага раёна ўжо зараз шые вопратку на заказ для сваіх аднавяскоўцаў. У Школе сельскага бізнесу яна прыйшла з ідэй адкрыць сваю майстэрню. Памяшканне і кліенцкая база для старту бізнесу ў сельчанкам ўжо ёсць. З дапамогай падтрымкі праекту яна зможа набыць неабходную тэхніку, каб пашырыць бізнес, а пазней і наняць іншых швачак.

Вераніка Шчуроўская з гэтай жа вёскі плануе засяродзіцца на стварэнні вырабаў з элементамі камбінаванай вышыўкі. Ужо цяпер яна паспяхова прадае тканкавыя сумкі з вышыўкай у беларускіх і літоўскіх матывах, а таксама наборы для хрышчэння дзяцей. Вераніка спадзяецца з дапамогай праекту адкрыць інтэрнэт-краму і прайсці сертыфікацыю, каб яе вырабы маглі прадавацца ў крамах.

4.jpg

У Школе сельскага бізнесу ў Камарова ўжо пачалі заняткі слухачы другога і трэцяга набору, а бліжэйшы Startup Weekend пройдзе ў снежні. Праходзіць навучанне і ўдзельнічаць у конкурсе на атрыманне фінансавай падтрымкі могуць жыхары чатырох раёнаў – Мядзельскага, Смаргонскага, Пастаўскага і Астравецкага.

Школа сельскага бізнесу ў Камарова працуе ў рамках праекта «Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: Павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва ў РБ шляхам стварэння і запуску ў Камарова сельскага бізнес-інкубатара». Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і сафінансуецца пасольствам ЗША ў Мінску, яго бюджэт складае 588 тысяч еўра, дзе ўклад ЕС – 556,5 тысяч еўра. Рэалізацыяй праекта займаюцца МГА «Экапартнёрство» (Мінск) і ГА «Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю» (Камарова).