image2 17.01.2019

Усходняе партнёрства: апублікаваны план дзеянняў па інвеставанні ў транс’еўрапейскую транспартную сетку

Імкнучыся павысіць магчымасці падключэння і эканамічны рост у краінах Усходняга партнёрства (УП), Еўрапейская камісія і Сусветны банк сталі суаўтарамі “Індыкатыўнага плана дзеянняў па інвеставанні ў транс’еўрапейскую транспартную сетку (TEN-T)”, у якім вызначаныя прыярытэтныя праекты ў Арменіі, Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Рэспубліцы Малдова і Украіне.

Праекты запатрабуюць арыенціровачных сукупных інвестыцый памерам амаль 13 мільярдаў еўра і прадугледжваюць у агульнай колькасці 4800 кіламетраў аўтамабільных і чыгунак, 6 партоў і 11 лагістычных цэнтраў.

Ёханэс Хан, член Еўрапейскай камісіі па Еўрапейскай палітыцы суседства і перамовам аб пашырэнні падкрэсліў, што завяршэнне Індыкатыўнага інвестыцыйнага плана дзеянняў TEN-T з’яўляецца сумесным абавязацельствам па дасягненні адчувальных вынікаў для грамадзян усяго рэгіёна.

“План дапаможа асобам, якія прымаюць рашэнні, расставіць прыярытэты ў стратэгічных інвестыцыях у транспартную інфраструктуру з мэтай дапаўнення сеткі TEN-T, вызначанай як адзін з 20 вынікаў на 2020 год у Сумеснай дэкларацыі апошняга саміту Усходняга партнёрства ў Бруселі”, – дадаў ён.

Праекты, уключаныя ў інвестыцыйны план, былі вызначаны сумесна з краінамі Усходняга партнёрства і пры спрыянні міжнародных фінансавых інстытутаў.

Гэтыя праекты дазволяць пабудаваць і аднавіць новыя і існуючыя дарогі, чыгункі, парты і аэрапорты, а таксама лагістычныя цэнтры і пункты перасячэння мяжы.

Прыярытэтныя інвестыцыі ўключаюць як кароткатэрміновыя праекты, якія павінны быць завершаны да 2020 года, так і доўгатэрміновыя праекты, накіраваныя на паляпшэнне транспартных сувязяў на TEN-T да 2030 года.

Завяршэнне Індыкатыўнага інвестыцыйнага плана дзеянняў супадае з уступленнем у сілу асноўнай TEN-T на рэгіён Усходняга партнёрства.