image2 01.03.2018

Энергааўдыт Браслава: спецыялісты праверылі грамадскія будынкі горада

Школы, дзіцячы садок, бальніца, дамы шматкватэрнай і прыватнай забудовы праверылі супрацоўнікі энергетычнай праграмы Цэнтра экалагічных рашэнняў. Мэта такога абследавання – ацаніць энергаэфектыўнасць будынкаў і зразумець, якія змены могуць і павінны быць праведзены ў першую чаргу. 

Такія змены вядуць рэгіён да кліматычнай нейтральнасці, да якой ён імкнецца. Гэтая дзейнасць ідзе ў рамках праекта «Браслаўскі раён – першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт Беларусі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Браслаўскім раённым выканаўчым камітэтам і Цэнтрам экалагічных рашэнняў.

IMG_0916.JPG

– Пасля нашага абследавання стала зразумела, што самая вялікая праблема ў горадзе – гэта вокны. Нягледзячы на тое, што практычна ўсюды стаяць новыя пластыкавыя шклопакеты, будынкі праз іх губляюць вельмі шмат цяпла. Справа ў тым, што мантаж большасці шклопакетаў быў зроблены няправільна: дзесьці вокны дрэнна запененыя, дзесьці канструкцыі пастаўлены не па тэхналогіі, – каментуе супрацоўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў Уладзімір Рак. – Менавіта таму мы рэкамендуем ўважліва ставіцца да мантажу. Для таго, каб знізіць выдаткі энергіі, цяпла і рэсурсаў, многія з устаноў могуць зрабіць даволі простыя крокі: напрыклад, паставіць за батарэі экраны з фальгой, а на краны – аэратары, якія дапамагаюць скараціць расход вады.

– У школах, у якіх мы былі, няма праблем з асвятленнем кабінетаў. Часцей за ўсё разводка дазваляе ўключыць святло асобна над дошкай або над любым з шэрагаў парт. Больш актуальна для ўстаноў адукацыі – сачыць за ўзроўнем СО2 ў навучальных аўдыторыях, – кажа супрацоўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў. – Мы рэкамендуем рабіць частыя караткачасовая скразныя ветраванні, каб павысіць якасць паветра ў класах. Напрыклад, на перапынках насцеж трэба адчыняць вокны і дзверы, каб паветра асвяжылася, а памяшканні не паспелі застыць.

IMG_0917.JPG

Паралельна ў некалькіх школах Браслаўскага раёна прайшлі адукацыйныя мерапрыемствы.

– З аднаго боку, мы працуем над тэхнічным кампанентам нашага праекта – канкрэтнымі мерапрыемствамі па павышэнні энергаэфектыўнасці, развіццём аднаўляльнай энергетыкі. Але, з другога боку, разумеем, наколькі вялікая роля насельніцтва раёна: кожная хатняя гаспадарка можа ўнесці ўклад у дасягненне кліматычнай нейтральнасці. І значыць, людзей проста трэба навучыць рабіць гэта. Для нас важна працаваць у тым ліку са школьнікамі: у гэты раз мы правялі некалькі заняткаў у сярэдняй школе № 2 Браслава і ў школе аграгарадка Слабодка Браслаўскага раёна, – падсумаваў каардынатар праекта ад Цэнтра экалагічных рашэнняў Дзмітрый Бурёнкин.