image2 03.12.2018

Еўрапейскі саюз і Рэспубліка Беларусь актывізуюць супрацоўніцтва ў сферы воднай палітыкі

5 снежня 2018 года ў Мінску адбудзецца Першае пасяджэнне міжведамаснага камітэта па кіраванні праектам EUWI+, у падтрымку Нацыянальнага дыялогу па развіцці воднага сектара. Сустрэча арганізавана Міністэрствам прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Удзельнікі сустрэчы, якія прадстаўляюць розныя міністэрствы і арганізацыі, што адказваюць за кіраванне воднымі рэсурсамі, абмяркуюць ролю праекта EUWI+ для рэалізацыі нацыянальнай воднай палітыкі, пашырэння трансгранічнага супрацоўніцтва, развіцця планавання кіравання рачнымі басейнамі і далейшага развіцця лабараторый і маніторынгу паверхневых і падземных вод у Рэспубліцы Беларусь. Прадстаўнікі EUWI+ раскажуць аб дасягнутых выніках, прадставяць план далейшых мерапрыемстваў, а таксама падзеляцца досведам Нацыянальных палітычных дыялогаў у галіне інтэграванага кіравання воднымі рэсурсамі як асноўнай платформы для прасоўвання рэформаў у сферы нацыянальнай воднай палітыкі. У рамках абмеркавання доўгатэрміновых прыярытэтаў для воднага сектара будуць разгледжаны пытанні падрыхтоўкі і ўкаранення Планаў кіравання рачнымі басейнамі, а таксама завяршэння распрацоўкі Нацыянальнай воднай стратэгіі на перыяд да 2030 года.

Парадак дня пасяджэння (на рускай мове).

Агульная інфармацыя:

Чатырохгадовы праект «Водная ініцыятыва Еўрапейскага саюза плюс» стартаваў у верасні 2016 года. Праект дапамагае Беларусі і 5 іншым краінам Усходняга партнёрства (Арменіі, Азербайджану, Грузіі, Малдове і Украіне) наблізіць сваё заканадаўства да палітыкі ЕС у галіне кіравання воднымі рэсурсамі для паляпшэння якасці вады ў доўгатэрміновай перспектыве і яе даступнасці для ўсіх. Праект спрыяе распрацоўцы планаў кіравання рачнымі басейнамі і ўстойліваму выкарыстанню трансгранічных водных рэсурсаў з дапамогай паляпшэння супрацоўніцтва на нацыянальным і трансгранічным узроўнях, а таксама ўключэння грамадскасці ў планаванне кіравання рачнымі басейнамі. Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам, а рэалізоўваецца Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН (ЕЭК ААН) і кансорцыумам краін-членаў ЕС, які ўключае Аўстрыйскае агенцтва па навакольным асяроддзі (Аўстрыя) і Міжнародны водны офіс (Францыя).

Нацыянальныя палітычныя дыялогі (НПД) – гэта асноўны аператыўны інструмент Воднай ініцыятывы Еўрапейскага саюза для краін Усходняй Еўропы і Каўказа. Мэта НПД заключаецца ў спрыянні рэформам у водным сектары ў канкрэтных краінах. ЕЭК ААН з'яўляецца стратэгічным партнёрам па пытаннях падтрымкі НПД у галіне Інтэграванага кіравання воднымі рэсурсамі; АЭСР – стратэгічным партнёрам па пытаннях падтрымкі НПД у галіне водазабеспячэння і санітарыі, а таксама працуе над эканамічнымі і фінансавымі аспектамі водных палітык.