Faces of Projects in the southernmost points of its Belarus route

image2 08.08.2018

“Праекты ў асобах” – у самай паўднёвай кропцы свайго маршрута па Беларусі

6 жніўня грузавікі са стэндамі фотавыставы “Праекты ў асобах” перасеклі мяжу Гомельскай вобласці. На другі дзень апоўдні адбылося яе ўрачыстае адкрыццё ў Жыткавічах. Гэта бадай што самая паўднёвая кропка маршрута за ўсе чатыры сезоны фотавыставы, якая распавядае аб праектах, што рэалізуюцца пры фінансавай падтрымцы Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. Жыткавічы знаходзяцца ў самым цэнтры беларускага Палесся, тут жыве амаль 16 000 чалавек, недалёка – Столін, Лунінец, Тураў.

1а.jpg

Святлана Ульяновіч, кіруючая справамі Жыткавіцкага райвыканкама, адзначыла, што на жыткавіцкай зямлі Грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ўжо рэалізаваны праект “Аб’ядноўваючыся вакол прыроды”.

1.jpg

Таццяна Аляксеева, каардынатарка па пытаннях прэсы і інфармацыі аддзела праграм супрацоўніцтва Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь у сваім выступе на адкрыцці сказала: “Гэтая выстава дае шмат прыкладаў таго, як беларусы змаглі давесці важную для іх ідэю да канкрэтнага выніку. Еўрапейскі саюз, у дадзеным выпадку, дапамог ім ператварыць мару ў рэальнасць. Спадзяюся, выстава натхніць усіх прысутных тут на новыя праекты”.

3.jpg

Нагадаем, што ідэя выставы – праз асобу героя расказаць аб праекце, які змяніў жыццё людзей да лепшага. Інфаграфіка дапамагае прадставіць механізм і важныя характарыстыкі кожнага з праектаў. Аўтарам фатаграфій стала вядомая беларуская фотамастачка Юлія Мацкевіч.

5.jpg

Перад першымі наведвальнікамі выставы ў Жыткавічах таксама выступіла Алена Марыгероўская, удзельніца праекта “Развіццё сацыяльнага прадпрымальніцтва”: “У нашым цэнтры мы дзелімся карыснай інфармацыяй, некаторым даем новую прафесію, ствараем спецыяльныя клубы для актыўных зносін. З гадамі праблема адзіноты становіцца ўсё больш востра, мы дапамагаем людзям залатога ўзросту рэалізаваць свае жаданні!”

8.jpg

Выстава будзе працаваць у Жыткавічах да 19 жніўня, наступны горад – Бяроза. Нагадаем, што свой чацвёрты сезон выстава пачала ў Мінску, ужо пабывала ў Валожыне, Браславе, Наваполацку, Мсціславе.