Fourth season of “Faces of Projects” introduces new heroes

image2 29.05.2018

Чацвёрты сезон “Праекты ў асобах” прадстаўляе новых герояў

29 мая ў Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё чацвёртага сезону фотавыставы “Праекты ў асобах”, якая распавядае аб праектах, што рэалізуюцца пры падтрымцы Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.

Упершыню экспазіцыя “Праекты ў асобах” была выстаўлена 1 ліпеня 2015 у Мінску на ўзбярэжнай Цэнтральнага дзіцячага парку імя М. Горкага. За папярэднія гады “Праекты ў асобах” пабывала ў 23 буйных і малых гарадах Беларусі, прадставіла 58 праектаў, яе героямі сталі людзі самых розных прафесій і кірункаў дзейнасці: грамадскія дзеячы і прадстаўнікі мясцовых уладаў, супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў, настаўнікі, студэнты, школьнікі, вучоныя, інжынеры, фермеры, − усяго 58 персанальных гісторый.

У звароце да гледачоў Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, Пасол Андрэа Віктарын адзначыла: “Выстава “Праекты ў асобах” распавядае пра натхняльных і крэатыўных беларусаў. Еўрапейскі саюз дапамагае ім рэалізаваць свае мары”. Канцэпт выставы захаваўся ад пачатку, ён ставіць на мэце праз асобу героя падаць праект, які змяніў жыццё людзей да лепшага. Інфаграфіка таксама грае важную ролю, наглядна прадстаўляючы механізм і важныя характарыстыкі кожнага з праектаў. Тэматыка новага сезону − зялёная эканоміка, развіццё сельскіх тэрыторый, адукацыя, турызм, культура, бізнес, інклюзіўныя практыкі.

Перад наведвальнікамі ўрачыстай цырымоніі таксама выступілі Дзмітрый Ермалюк, намеснік начальніка ўпраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, фотомастачка, аўтарка выставы Юлія Мацкевіч і вучань старэйшых класаў Данііл Савёнак. У межах ініцыятывы праекта “Наваполацк – ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада” ў сярэдняй школе №8, дзе вучыцца Даніііл і яшчэ трыццаць падлеткаў з асаблівасцямі ў развіцці, усталяваны новы ліфт. У вучняў, якія раней навучаліся дыстанцыйна, з’явілася магчымасць вучыцца разам са сваімі аднагодкамі, перасоўвацца па усёй школе. Інклюзіўны праект рэалізуюць Наваполацкі гарвыканкам, а таксама грамадскія аб’яднанні “Беларускі саюз транспартнікаў” і “Беларускае таварыства інвалідаў” пры фінансавай падтрымцы Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.

Выстава будзе працаваць у Мінску да 10 чэрвеня, затым пабывае яшчэ ў 13 гарадах Беларусі. Новымі кропкамі для праекта стануць Валожын, Браслаў, Наваполацк, Мсціслаў, Бяроза, Навагрудак. Жыхары і госці Гродна, Брэста, Гомеля, Магілёва і Віцебска будуць сустракаць выставу ў другі раз.
EU_007.jpg
EU_010.jpg
EU_012.jpg
EU_014.jpg
EU_015.jpg
EU_016.jpg
EU_017.jpg
EU_023.jpg
EU_027.jpg