image2 05.06.2017

Дні зялёнай эканомікі прайшлі ў пяці рэгіёнах Беларусі

Інфармацыйны цыкл мерапрыемстваў “Прасоўванне зялёнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь: прынцыпы, механізмы, перспектывы” пачаўся 19 красавіка ў Брэсце і цягам мая — пачатку чэрвеня прайшоў у Віцебскай, Гродзенскай, Гомельскай і Мінскай абласцях. Арганізатарам мерапрыемстваў выступіла Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь пры ўдзеле Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама аблвыканкамаў.

Брест_Клепач.jpg

Інфармацыйныя дні арыентаваныя перш за ўсё на прадстаўнікоў мясцовай выканаўчай улады, дэпутатаў мясцовых Саветаў, кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў і журналістаў. Іх задача — пашырыць веды аб прынцыпах зялёнай эканомікі, прадставіць вынікі праектаў у гэтай сферы і пазначыць магчымасці, якія зрабіліся б штуршком для рэалізацыі зялёных праектаў у рэгіёне.

Брест_Буренкин_2.jpg

Праграма мерапрыемства выбудоўвалася такім чынам, каб усебакова асвятліць тэматыку зялёнай эканомікі: у першай частцы дня перад аўдыторыяй выступалі эксперты, другая палова мерапрыемства прадугледжвала практычную частку на пляцоўках «зялёных» праектаў і вытворчасцях.

гомель_2.jpg

Пул экспертаў склалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, акадэмічнай супольнасці і вышэйшай школы: старшыня МГА “Экапартнёрства” Юлія Яблонская, дырэктар фонду “Інтэракцыя” Іван Шчадронак, каардынатары Цэнтра экалагічных рашэнняў Любамір Клепач і Дзмітрый Буронкін, Сяргей Дарожка, прафесар Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ, дырэктар Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Мікалай Міхальчук, дырэктар Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Алена Абарава.

гродно 1.jpg

Спікерамі сярод іншых выступілі галоўныя спецыялісты беларускіх прадпрыемстваў: намеснік галоўнага інжынера ААТ Аршанскі станкабудаўнічы завод “Чырвоны барацьбіт” Віталь Круцько, прадстаўнікі Гродзенскай абласной асацыяцыі фермераў Уладзімір Ушкевіч і Алена Хвашчэўская, намеснік дырэктара ЗАТ “Інжынерна-экалагічны цэнтр БЕЛІНЭКОМП” Уладзімір Адамовіч, дырэктар вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “БМЗ-Экасервіс” Анатоль Панкавец.

гродно_3.jpg

Усяго перад удзельнікамі інфадзён выступілі 30 спікераў. Тэматыка прэзентацый, у прыватнасці, была прысвечаная арганічнай сельскай гаспадарцы, абыходжанню з адходамі, рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці, гарадской мабільнасці, механізмам экалагічнага бізнесу, турызму, сучасным метадам, накіраваным на развіццё ў насельніцтва «зялёнага» мыслення.

Гомель.jpg

У другой частцы інфадзён былі прадстаўленыя вынікі ініцыятываў, рэалізаваных у межах праекта “Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам (рэалізацыя Праграмы развіцця ААН). У Брэсце аўдыторыя пазнаёмілася з ініцыятывамі “Стварэнне комплексу па перапрацоўцы драўняных адходаў у дранку” і “Арганічная вытворчасць і прасоўванне экапрадуктаў “Водар Белавежжа”. Інфадзень у Гродзенскай вобласці прайшоў на тэрыторыі ГПУ “Азёры”, дзе была прэзентаваная ініцыятыва “Пашырэнне магчымасцяў выкарыстання турыстычнага патэнцыялу асабліва ахоўваных прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь”. У Гомелі слухачы сталі ўдзельнікамі адкрыцця вытворчасці экалагічна бяспечнага антыфрызу (ініцыятыва “Экалагічная бяспека ахаладжальных вадкасцяў для рухавікоў унутранага згарання”).

Минская область_2.jpg

У Мінскай вобласці пляцоўкай правядзення мерапрыемства стала тэрыторыя пілотнай ініцыятывы ГА “Беларускі зялёны крыж” “Стварэнне сеткі інавацыйна-дэманстрацыйных пляцовак па земляробстве і арганічнай сельскай гаспадарцы”. Скончыўся інфадзень наведваннем аб'екта “Зялёны дах» на базе Мар'інагорскай гімназіі, экскурсію па якой правяла ініцыятыва “Азеляненне дахаў будынкаў” ГА “Пухавіцкі край”.

310.jpg

Інфармацыйны цыкл аб'яднаў больш за 250 слухачоў з 35 рэгіёнаў Беларусі пяці абласцей краіны, у іх ліку — амаль 100 дзяржаўных службоўцаў і столькі ж прадстаўнікоў грамадскіх і камерцыйных арганізацый. Мерапрыемства наведала больш за 30 прадстаўнікоў СМІ, а ў інфармацыйнай прасторы выйшла больш за 50 унікальных публікацый, якія дазволяць шырокаму колу людзей даведацца аб прасоўванні зялёнай эканомікі ў Беларусі.