In Kamarova summed up the third Startup Weekend

image2 17.01.2018

У Камарова падвялі вынікі трэцяга Стартап Уікэнда

12 студзеня 2018 года прайшоў трэці Стартап Eікэнд у Школе сельскага бізнесу ў Камарова. Прадпрымальнікі-пачаткоўцы прадставілі падрыхтаваныя падчас навучання бізнес-планы і пазмагаліся за фінансавую падтрымку праекта Еўрапейскага саюза.

сайт 4.JPG

Удзельнікамі трэцяга Стартап Уікэнда сталі слухачы Школы, якія праходзілі навучанне з верасня па снежань 2017 года. Сярод іх былі жыхары Смаргонскага, Пастаўскага і Астравецкага раёнаў.

Лепшыя бізнес-планы вызначала журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі мясцовых уладаў, НДА і бізнесу. Пераможцы Стартап Уікэнда атрымаюць фінансавую падтрымку ў памеры ад 2 да 10 тысяч еўра ад праекту «Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: Павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва ў РБ шляхам стварэння і запуску ў Камарова сельскага бізнес-інкубатара», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

сайт 2.JPG

Найбольшую колькасць балаў ад строгага журы набрала мясцовая прыватная ініцыятыва па стварэнні спецыялізаванага сэрвісу рулявога кіравання аўтамабіляў ад Сяркевіча Дзяніса са Смаргонскага раёна. Паслугай па аднаўленню элементаў рулявога кіравання легкавых і грузавых аўтамабіляў, якія выйшлі са строю, змогуць скарыстацца аўтаўладальнікі, што пражываюць на тэрыторыі Смаргонскага, Ашмянскага і Астравецкага раёнаў. Згодна з пададзеным бізнес-планам кошт аднаўлення ў 2,5-3 разы ніжэй куплі новага агрэгата. Журы адзначыла моцны экалагічны кампанент дадзенай ініцыятывы: прадпрымальнік плануе арганізаваць збор адпрацаваных алеяў для наступнай перапрацоўкі.

Таксама журы падтрымала яшчэ адну ініцыятыву ў аўтамабільнай сферы. Аляксей Свірскі са Смаргонскага раёна плануе адкрыць сэрвіс па аднаўленні аварыйных аўтамабіляў. За кошт фінансавай падтрымкі праекта ён зможа аднаўляць каля 50 аўто ў год, а ў перспектыве рэстаўраваць антыкварыят і рамантаваць электрамабілі.

сайт 3.JPG

На Стартап Уікэндзе была прадстаўлена толькі адна ініцыятыва з Астравецкага раёна і яна ўвайшла ў лік пераможцаў. Данута Гражуль-Гульбінская плануе адкрыць міні-кандытэрскую. Жыхарка в.Альхоўкі даўно славіцца сваёй выпечкай сярод знаёмых, а з адкрыццём міні-кандытэрскай зможа прадаваць пірожныя, тарты і іншыя віды выпечкі на тэрыторыі раёна.

сайт 5.JPG

Адным з пераможцаў стаў пчаляр з шматгадовым стажам Леанід Мышко з Пастаўскага раёна, які плануе пашырыць вытворчасць і рэалізацыю прадуктаў пчалярства.

На Стартап Уікэндзе некалькі ініцыятыў прадстаўлялі вёску Лынтупы Пастаўскага раёна, дзе маладыя прадпрымальнікі плануюць стварыць культурны кластар для мясцовага насельніцтва, дачнікаў і турыстаў. Журы ўбачыла патэнцыял у стварэнні хостэла з безбар'ерным асяроддзем, які аказвае паслугі бюджэтнага начлегу, а таксама размяшчэння намётаў на тэрыторыі і пракату ровараў. Дадзеную ідэю прадстаўляў Раман Забела. Паводле яго слоў, у Лынтупах ужо існуе вялікі паток турыстаў, якіх зацікавіць магчымасць застацца з начлегам на некалькі дзён.

сайт 7.JPG

Ініцыятыве Артура Клінава па стварэнні абсталяванай залы-сцэны для пашырэння пакета камерцыйных паслуг культурнага цэнтра «Арт-вёска Каптураны» парэкамендавалі дапрацаваць бізнес-план і паспрабаваць паўдзельнічаць у дадатковым Стартап Уікэндзе.

сайт 6.JPG

Падчас працы журы перад удзельнікамі Стартап Уікэнда выступіў старшыня Вышэйшага Каардынацыйнага Савета Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімір Карагін.

Наступны Стартап Уікэнд у Школе сельскага бізнесу ў Камарова пройдзе вясной 2018 года.

 

Даведка:

Школа сельскага бізнесу ў Камарова працуе ў рамках праекта «Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: Павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва ў РБ шляхам стварэння і запуску ў Камарова сельскага бізнес-інкубатара». Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і сафінансуецца пасольствам ЗША ў Мінску, яго бюджэт складае 588 тысяч еўра, дзе ўклад ЕС ‒ 556,5 тысяч еўра. Праект рэалізуецца МГА «Экапартнёрства» і ГА «Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю». Больш інфармацыі на ecopartnerstvo.by.