image2 16.03.2018

Ад Полацка пачаўся свет: як студэнты хочуць змяніць горад?

Як “запальваць” гарады? Больш 40 будучых архітэктараў, дызайнераў ды інжынераў працавалі над сваімі ідэямі на першым светлавым хакатоне ў Наваполацку з 12 па 13 сакавіка 2018 года. Расказваем, як і навошта студэнты хочуць змяніць Полацк на Фестывалі святла гэтай восенню. Свята адбудзецца ў межах фінансуемага Еўрапейскім саюзам праекту “Гарсвятло”.

Горад фарміруюць самі жыхары – гэтая ідэя аб’яднала ўдзельнікаў хакатону. На фінале аўтары прадставілі 10 канцэпцый – інтэрактыўных, энергаэфектыўных, прысвечаных змене клімату і ня толькі. Як студэнты хочуць змяніць гарадскую прастору з дапамогай святла?

Інтэрактыўныя арэлі «NoCost»

Акция 1.jpg

Пракаціцца на арэлях гараджанам прапаноўваюць аўтары канцэпцыі «NoCost». Яны будуць працаваць без падключэння да сеткі – энергія выпрацоўваецца, калі на іх катаюцца. Чым больш чалавек на арэлях, тым больш светлавых элементаў працуе. Студэнты хочуць размясціць іх каля прыродна-экалагічнага музея. Яны лічаць, што арэлі могуць прывабіць наведнікаў.

Расказвае Кацярына Царук, адна з аўтараў канцэпцыі «NoCost»:

«Ідэя інсталяцыі ў тым, каб чалавек адчуў тое, што мае дачыненне да таго, што робіць. Арэлі будуць працаваць аўтаномна: калі нехта катаецца на арэлях, то выпрацоўваецца энергія і загараюцца лямпачкі. Мы спадзяемся, што так гараджане зразумеюць і зваротную сістэму: чым менш яны будуць зажыгаць святло і вытрачаць электраэнергіі дома, тым меньш будуць уздзейнічаць на клімат»

Азонавая сфера

Акция2.jpg

Аўтары спраектавалі купал у выглядзе азонавага слою, у цэнтры якога – планета Зямля. У начны час купал падсвечваецца акрамя разрываў, якія сімвалізуюць праблемы з азонавым слоем нашай планеты. Гараджане могуць “вылячыць” яго наступая на спецыяльныя кнопкі. Калі чалавек становіцца на іх, тады азонавая дзірка “вылечваецца”. Чым больш людзей удзельнічае, тым больш “здаровым” робіцца азонавы слой. Студэнты хочуць паказаць гараджанам, што лёс планеты ў руках кожнага з нас. Сфера можа з’явіцца на полацкай плошчы Францыска Скарыны.

INPANEL 

Акция3.jpg

Каманда называе сваю ідэю сумессю мастацства, энэргазберагальных тэхналогій і гульні. INPANEL – гэта інтэрактыўны светавы экран, які паўтарае рухі чалавека, што стаіць побач з ім. Але ёсць і іншы рэжым: гараджане змогуць стварыць сваю светлавую інсталяцыю, націская на яе элементы. Таксама INPANEL можна выкарыстоўваць як сцэну для грамадскіх мерапрыемстваў, а днём – як інфармацынае табло.

Пра конкурс светлавых інсталяцый

Удзельнікі распрацоўвалі канцэпцыі для Конкурсу светлавых інсталяцый для Фестывалю святла ў Полацку. Першы этап конкурса праходзіў з 12 лютага па 15 сакавіка. Тых, хто прайшоў у другі тур, апавясцяць пасля 23 сакавіка. Кожны пераможца атрымае ад 1000 да 1500 еўра на устаноўку і рэалізацыю сваёй інсталяцыі падчас свята. Больш пра конкурс: http://polack-light-fest.tilda.ws/arch-contest.

1.jpg

Расказвае Таццяна Цярэшчанка, арганізатар хакатону і начальнік аддзелу дызайну і кіравання брэндам Полацкага дзяржаўнага універсітэту:

«Мы зладзілі Хакатон, каб студэнты звярнулі ўвагу на тэму вулічнага асвятлення, асэнсаванага энергаспажывання і змены клімату. Такі фармат развівае крэатыўнае мысленне ды вучыць працаваць у камандзе ў сціснутыя тэрміны. Мы хацелі аб’яднаць студэнтаў розных спецыяльнасцяў і рады, што на адной пляцоўцы сабраліся архітэктары, дызайнеры, сацыёлагі, радыё- ды энергатэхнікі. Прыемны бонус для ўдзельнікаў Хакатону – магчымасць адправіць праекты на конкурс і атрымаць грошы на іх рэалізацыю».

2.jpg

Хакатон зладзілі Цэнтр урбаністыкі і дызайну і Полацкі дзяржаўны універсітэт пры падтрымцы Фонда “Інтэракцыя” у межах праекту “Гарсвятло”. Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам у межах ініцыятывы EU4Energy.

Фестываль святла – гэта маштабнае свята светлавога мастацтва, якое адбудзецца ў межах Дзён Энергіі падчас Дню гораду ў Полацку ў гэтым годзе. Яго ладзяць фонд «Інтэракцыя» сумесна з Полацкім раённым выканаўчым камітэтам ў межах фінансуемага Еўрапейскім саюзам праекту «Гарсвятло». Па ўсім горадзе размесцяць светлавыя інсталяцыі, а таксама пройдуць майстар-класы, начныя экскурсіі, флэшмобы ды конкурсы.

3.jpg

Ініцыятыва EU4Energy накіравана на ўдасканаленне энергазабеспячэння, бяспекі і доступу, а таксама папулярызацыі ідэй энергаэфектыўнасці і выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў краінах Усходняга партнёрства. Гэта дасягаецца шляхам фінансавання праектаў і праграм, якія спрыяюць рэфармаванню энергетычнага рынку для скарачэння залежнасці ад крыніц энергіі і яе спажывання на нацыянальным узроўні. У доўгатэрміновай перспектыве энергазабеспячэнне становіцца больш даступным, надзейным і празрыстым. Такім чынам, скарачаецца дэфіцыт энергарэсурсаў і памяншаецца кошт энергіі для грамадзян і прыватнага сектара. Больш падрабязна аб ініцыятыве: www.EU4Energy.eu.

Дадзеная публікацыя створана пры падтрымцы Еўрапейскага саюза ў межах ініцыятывы EU4Energy. Змест публікацыі з’яўляецца прадметам выключнай адказнасці Мясцовага фонда садзейнічання развіццю міжнароднага дыялога і супрацоўніцтва “Інтэракцыя” і ніякім чынам не можа адлюстроўваць афіцыйную пазіцыю Еўрапейскага саюза.