image2 04.05.2017

Прадстаўніцтва ЕС абвясціла конкурс заявак

Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі абвясціла конкурс заявак на праекты па падтрымцы развіцця і ўмацавання партнёрства грамадзянскай супольнасці і мясцовых органаў улады. Інфармацыйная сесія для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці прайшла 4 мая ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў (IBB).

Кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын у сваім выступе адзначыла, што Еўрасаюз развівае супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю і органамі ўлады ў Беларусі на прынцыпах свабоды, дэмакратыі, павагі правоў чалавека і вяршэнства закона. Гэтыя ж прынцыпы, падкрэсліла яна, закладзеныя і ў аснову праграм, што рэалізуюцца ў Беларусі пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі.

Паводле яе слоў, з 2007 па 2017 год ЕС выдзеліў больш за 40 мільёнаў еўра на падтрымку праектаў грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і амаль 10 мільёнаў еўра – на падтрымку дзейнасці мясцовых уладаў. “Гэтыя сродкі былі прапанаваныя галоўным чынам на конкурснай аснове Прадстаўніцтвам ЕС ва Украіне і з 2013 года – Прадстаўніцтвам ЕС у Беларусі, – сказала Андрэа Віктарын. – Мы падтрымалі праекты самых розных катэгорый удзельнікаў – дзяцей і моладзі, жанчын, жыхароў сельскіх раёнаў, інвалідаў, зняволеных. Тэмы гэтых праектаў таксама былі рознымі, аднак усе яны накіраваныя на развіццё дэмакратычных прынцыпаў кіравання грамадствам”.

Актуальны конкурс праектаў фінансуецца за кошт ініцыятывы “Арганізацыі грамадзянскай супольнасці і мясцовыя органы ўлады”, якая накіраваная на ўмацаванне грамадзянскай супольнасці і ўладных структур у краінах-партнёрах ЕС, і “Еўрапейскай ініцыятывы ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека”, закліканай спрыяць развіццю і ўмацаванню дэмакратыі, вяршэнства закона і павагі да асноўных свабодаў.

Андрэа Віктарын адзначыла, што мэтай гэтага конкурсу праектаў з’яўляецца ўмацаванне супрацоўніцтва грамадзянскай супольнасці і мясцовых органаў улады, каб яны сумесна кіравалі дэмакратычнымі рэформамі для ўсебаковага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі.

“Мы добра разумеем умовы, у якіх вы працуеце ў Беларусі. Тым не менш, мы перакананыя ў тым, што дадзены конкурс прыцягне шэраг заявак, у выніку якіх будзе рэалізавана пяць-дзесяць высокаэфектыўных праектаў у інтарэсах усяго беларускага грамадства”, – падкрэсліла Андрэа Віктарын.

Прэзентацыя

Пытанні і адказы (па-ангельску)