image2 23.05.2017

Еўрапейскі саюз праводзіць Дзень зялёнай эканомікі ў Гомелі

25 мая ў Гомелі пройдзе інфармацыйны дзень з цыклу “Прасоўванне зялёнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь: прынцыпы, механізмы, перспектывы”. Удзельнікамі падзеі стануць больш за 40 кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў, прадстаўнікоў выканаўчай улады і акадэмічнай супольнасці, розных грамадскіх арганізацый, журналісты. Арганізатар – Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь пры ўдзеле Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Гомельскага аблвыканкама.

Задача інфацыклу, мерапрыемствы якога ўжо прайшлі ў Брэсце, Віцебску і Гродзенскай вобласці, – пашырыць веды аўдыторыі аб прынцыпах зялёнай эканомікі, прадставіць практычныя вынікі розных праектаў у гэтай сферы, пазначыць магчымасці, якія сталі б штуршком для рэалізацыі зялёных праектаў, у тым ліку і рэгіянальных .

Тэматычны вектар інфармацыйнага дня ў Гомелі – зялёная эканоміка ў прамысловасці і транспарце. Сяргей Дарожка, прафесар Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ, раскажа аб практыцы арганізацыі рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці на прадпрыемствах Беларусі, Іван Шчадронак, дырэктар Фонду “Інтэракцыя”, прадставіць найбольш паспяховыя ўзоры ўдзелу беларускіх гарадоў у Пагадненні мэраў па клімаце і энергіі. Анатоль Панкавец, дырэктар вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “БМЗ-Экасэрвіс” выступіць з прэзентацыяй “Перапрацоўка і выкарыстанне адходаў металургічнай вытворчасці”.

Экспертны блок завершыць Вольга Чаброўская, кіраўнік праекта “Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”, прадставіўшы прамежкавыя вынікі пілотных ініцыятыў. Практычным пацвярджэннем вынікаў гэтага праекта, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, стане адкрыццё ў Гомелі вытворчасці экалагічна бяспечнага антыфрызу (ініцыятыва “Экалагічная бяспека ахаладжальных вадкасцяў для рухавікоў унутранага згарання”, рэалізацыя – установа “Спрыянне развіццю бізнесу”). На вытворчасці будуць арганізаваныя зоны актывацыі, на якіх удзельнікі падзеі змогуць атрымаць інфармацыю пра ўсе этапы стварэння экалагічна бяспечнага антыфрызу.

Наступны інфармацыйны дзень пройдзе ў Мінскай вобласці і будзе прысвечаны пытанням арганічнай сельскай гаспадаркі. Як і папярэднія мерапрыемствы, ён будзе складацца з двух блокаў – экспертнага і практычнага. Удзельнікі наведаюць інавацыйна-дэманстрацыйныя пляцоўкі па земляробстве і арганічнай сельскай гаспадарцы грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны крыж” у Смалявіцкім раёне і аб’ект “Зялёны дах” на базе Мар’інагорскай гімназіі грамадскай арганізацыі “Пухавіцкі край”.