image2 28.11.2018

Еўрапейскі саюз падтрымаў унікальны для Беларусі кліматычны праект

29-30 лістапада 2018 года ў Браславе адбудзецца выніковая канферэнцыя праекту «Браслаўскі раён – першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі», які рэалізуецца Браслаўскім раённым выканаўчым камітэтам і установай «Цэнтр экалагічных рашэнняў» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

На выніковай канферэнцыі будуць прадстаўлены стратэгічныя напрацоўкі Браслаўскага раёна (напрыклад, некалькі сцэнараў энергетычнага развіцця і дасягнення кліматычнай нейтральнасці). Акрамя таго, рэгіён пазнаёміць са сваім вопытам у рэалізацыі практычных мерапрыемстваў па скарачэнні энергаспажывання, павышэнні энергаэфектыўнасці, павелічэнні долі аднаўляльных крыніц энергіі ў агульным энергабалансе, а таксама скарачэнні выкідаў СО2. Удзельнікі змогуць наведаць дэманстрацыйныя аб'екты, што з'явіліся тут у рамках праекта: кацельню з абноўленымі катламі на лучыне, дзіцячы сад, у якім усталяваныя сонечныя калектары і энергаэфектыўная тэхніка, участкі гарадскіх вуліц, дзе была праведзена замена лямпаў на святлодыёдныя.

Дадзены праект з'яўляецца стратэгічна важным у нацыянальным кантэксце: гэта першы для Беларусі прыклад маштабнай сістэмнай работы не толькі па павышэнні энергаэфектыўнасці раёна, пераходу на мясцовыя віды паліва і часткова на крыніцы аднаўляльнай энергіі, але і па дасягненні кліматычнай нейтральнасці.

– Дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза ў нас атрымалася зрабіць ў Браслаўскім раёне канкрэтныя крокі для таго, каб рэгіён стаў безвугляроднай сталіцай. Але самы галоўны эфект праекта як раз у тым, што вопыт можна мульціплікаваць на іншыя раёны краіны, – каментуе каардынатар праекта ад Цэнтра экалагічных рашэнняў Дзмітрый Буронкін. – Велізарны кампанент працы быў звязаны яшчэ і з асветай і інфармаваннем насельніцтва. Бо кожны жыхар горада павінен разумець і ўсведамляць, што праз канкрэтныя дзеянні і асабістыя звычкі можа ўплываць на глабальныя працэсы.