Антон Раднянкоў
Што мы маем і што мы можам мець, калі сур’ёзна возьмемся за развіццё турызму.
Для сферы турызму гэты год павінен стаць пераломным. Пачатак 2017 адзначыўся сапраўднымі рэвалюцыйнымі зменамі: нечакана для ўсіх Беларусь адмяніла візы для грамадзянаў большасці развітых краін свету. Канешне, пакуль гэта тычацца толькі некалькіх турыстычных дэстынацыяў (як Аўгустоўскі канал і Гродна) і авіяпрылётаў. І хоць так у краіну прыбывае толькі кожны восьмы замежнік, але зрухі ўсё роўна пазітыўныя.
Такія смелыя крокі вельмі патрэбны турыстычнай галіне, якая апошнія гады знаходзілася ў стагнацыі. З году ў год, колькасць замежнікаў, якія прыбываюць у краіну змяншаецца (падзенне на 30% у параўнанні з 2013). З арганізаванымі турыстамі (тыя, хто скарысталіся паслугамі турфірмаў) сітуацыя падобная: падзенне на 25% у параўнанні з 2010 для гасцёў з краін не-СНД.
Тут трэба крыху закрануць праблему беларускай статыстыкі, якая пакуль не можа дакладна сказаць, толькі прыехала ў краіну турыстаў (адпаведна і вызначыць дакладны ўнёсак галіны ў ВУП). Дзяржаўны памежны камітэт падлічвае толькі перасячэнні мяжы (але не ўлічвае беларуска-расійскую частку), у той час як Белстат не ўмее лічыць неарганізаваных турыстаў (якія не карыстаюцца паслугамі турфірмаў).
І тым не менш, па ацэнках Сусветнага савету па турызму і падарожжах, унёсак турызму ў 2016 склаў 1,9% у ВУП краіны, 3,3% экспарту і $ 935 млн. даходаў. Адмена візаў, па вопыту Польшчы і Украіны, можа адразу павялічыць колькасць наведвальнікаў на 20%, што дадасць у экспарт паслуг як мінімум яшчэ $ 180 млн.
Такія змены могуць надаць пазітыўнай дынамікі развіццю рэгіёнаў, для якіх сфера турызму можа ператварыцца ў галоўную кропку росту. Гэта будзе вельмі дарэчы для тых жа аграсядзібаў, якія хоць і растуць у колькасці, але збольшага сканцэнтраваны на ўнутраных турыстаў, або гасцей з Расіі.
Пры гэтым, часцяком для дынамічнага развіцця турызму не хапае добра распрацаваных мясцовых стратэгіяў, кааперацыі паміж усімі лакальнымі гульцамі. Тыя ж рэгіёны, якія заняліся стварэннем турыстычных кластараў паказваюць прарыўны рост у параўнанні нават з суседнімі раёнамі.
Відавочна, калі кластарны падыход дае плён, трэба актыўней працаваць у гэтым накірунку. Сёння збольшага за ўкараненне інавацыйных падыходаў адказны праекты, якія рэалізуюцца пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Асабліва актыўна ўзаемадзеянне арганізавана праз праграмы памежнага супрацоўніцтва “Латвія-Літва-Беларусь” і “Польшча-Беларусь-Украіна”, хоць імі і не абмяжоўваецца. Толькі з гэтых двух праграм на развіццё турызма ў памежным рэгіёне Еўрапейскі Саюз выдзяляе дзясяткі мільёнаў еўра (каля 30 млн. еўра для сумесных праектаў на 2014-2020).
Мы паразмаўлялі з найбольш паспяховымі ініцыятывамі, каб зразумець, як развіццё турызму змяняе рэгіёны.
Праект: COMUS: удзел грамадства ў аднаўленні гістарычных гарадоў (2015-2017).
Агульны бюджэт праекту: 650 000 еўра
Што адбываецца ў праекце: Мсціслаў разам з яшчэ 8 гарадамі краін Усходняга партнёрства спрабуе прыцягнуць мясцовыя супольнасці і жыхароў, каб разам выпрацаваць стратэгію ўстойлівага развіцця гораду, стымуляваць развіццё бізнесу. Асноўная ўвага будзе нададзена развіццю турызму і аднаўленню гістарычных каштоўнасцяў, кіраванню гэтымі аб'ектамі.
К канцу праекту паўстане тэхнічная дакументацыя па аднаўленню пяці галоўных аб’ектаў у горадзе. Пад гэтыя інвестыцыйныя праекты потым плануюць прыцягнуць сродкі Сусветнага банку, буйных еўрапейскіх фондаў.
Расказвае Святлана Зубрыновіч (Мсціслаўскі райвыканкам): Наш праект межсектаральны, мы спрабуем уцягнуць у яго рэалізацыю і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў, і актыўных жыхароў, мясцовыя супольнасці. Пры распрацоўцы візіі развіцця гораду мы ўцягвалі эканамістаў, урбаністаў з архітэктарамі, экспертаў па гісторыка-культурным каштоўнасцям, прадстаўнікоў крэатыўных індустрый. Нават студэнтаў і школьнікаў.
Спачатку гараджане ставіліся да ініцыятывы з асцярогай, цяпер жа самі праяўляюць ініцыятывы, выказваюць ідэі, як развіваць горад далей, чаго яму не хапае, што можна зрабіць па іншаму. Ёсць бачанне ўладаў, ёсць бачанне гараджан і мы ўсе вучымся ўзаемадзейнічаць разам.
Чаго не хапае для развіцця турызму ў Беларусі:
- У нас шмат гістарычных аб’ектаў, але не стае мэтанакіраванай працы па іх прасоўванню.
- Гарады не маюць навігацыйных сістэм, часам турысты проста не ведаюць як дабрацца да нейкага аб’екта.
- Для заходніх турыстаў існуе таксама моўная праблема. Калі б не гэта, развіваць турызм было б прасцей.
Праект: Белла Дзвіна 2: садзейнічанне развіццю турызма ў памежных рэгіёнах Латгаліі, Уцяны і Віцебску (2012-2014).
Агульны бюджэт праекту: 1 789 387 еўра
Што адбылося ў праекце: Памежны рэгіён вакол Заходняй Дзвіны атрымаў турыстычны брэнд “Белла Дзвіна”. Былі распрацаваны шматлікія турыстычныя маршруты, абсталяваны кропкі адпачынку для турыстаў, навігацыйныя стэнды, праведзена міжнародная маркетынгавая кампанія, а таксама музычныя фэсты і фэст сярэднявечнай культуры.
Праект даў заўважны штуршок для развіцця турызму на Віцебшчыне, дапамог мясцовым гульцам рэалізаваць яшчэ некалькі турыстычных праектаў, падтрыманых, у тым ліку, і Еўрапейскім Саюзам. А новыя партнёрскія стасункі з калегамі з Літвы і Латвіі дазваляюць сумесна прасоўваць агульны турыстычны прадукт і планаваць новыя ініцыятывы.
Расказвае Іван Шчадранок, дырэктар Фонду “Інтэракцыя”: Дзякуючы праекту, у рэгіёне наладзілася сапраўднае ўстойлівае ўзаемадзеянне паміж партнёрамі, няспынны абмен вопытам і практыкамі паміж адмыслоўцамі, выпрацоўка агульных падыходаў да вырашэння праблемаў, прасоўвання турыстычнага брэнду. І гэта нягледзячы на мяжу, якая ўсё такі стварае пэўныя перашкоды.
Галоўнае, што супрацоўніцтва не знікла са сканчэннем праекту, з таго моманту ўжо рэалізавана некалькі сумесных праектаў, некаторыя павінны пачацца бліжэйшым часам.
Чаго не хапае для развіцця турызму ў Беларусі:
- Візавае пытанне. Патрэбна, каб іх выдавалі больш чым на 5 дзён і не толькі ў аэрапорце. Пакуль абсалютная большасць замежныя турыстаў, якія прыязджаюць да нас - гэта расіяне. У гэтым няма нічога кепскага, нашы партнёры з Латвіі і Літвы таксама на іх факусуюцца. Але прыцягненне турыстаў з Заходняй Еўропы было бы вельмі пазітыўным фактарам.
- Павышаць якасць абслугоўвання. У нас не так шмат канкурэнцыі, не такі вялікі попыт на турыстычныя паслугі, таму і якасць абслугоўвання адстае. Часам не хапае прафесійнага бізнес падыходу, няспыннага развіцця турыстычнага прадукту. Мала проста распрацаваць брэнд, трэба ім увесь час займацца.
- Не забываць пра ўнутраны турызм. Асабліва гэта важна для раёнаў, куды замежніку цяжка дабрацца. Падмуркам для развіцця якаснага турыстычнага прадукту ў такім выпадку могуць быць толькі ўласныя турысты, якія могуць сесці на аўто і праз некалькі гадзін быць у вашай аграсядзібе, правесці там выходныя.
- Комплекснага падыходу на мясцовым узроўні да развіцця турызму. Вельмі дарэчы была бы адпаведная падтрымка ад мясцовых уладаў, прычым не разавая, а ў межах нейкай стратэгіі. Пакуль да канца не сфармавалася разуменне, што турызм - гэта тая галіна, якая можа стаць адной з галоўных сфер прыбыткаў для рэгіёнаў.
Праект: Выкарыстанне гістарычных сядзіб і іх адаптацыя да сучасных культурных умоў (2012-2014).
Агульны бюджэт праекту: 575 268 еўра
Што адбылося ў праекце: Смаргонскія ўлады аб’ядналінамаганні з Тракаям, каб аднавіцьсвае гістарычныя сядзібы. У вёсцы Залессе адрэстаўравалі і абсталявалі канцэртную залу сядзібы Міхаіла Клеафаса Агінскага, якая стала месцам правядзення канцэртаў, канферэнцый і семінараў. Была праведзена шырокая інфармацыйная кампанія ў СМІ. Такія намаганні далі адчувальны плён: у 2016 музей наведала каля 25 000 турыстаў - гэта ў 6,5 разоў больш, чым было ў 2014 (тады музей наведала толькі 3 740 турыстаў).
Расказвае Таццяна Ражава (Смаргонскі райвыканкам): Дзякуючы праекту мы атрымалі выдатную магчымасць даведацца, як літоўскія партнёры падыходзяць да аднаўлення гістарычных аб’ектаў, асабліва паркаў, праца па адраджэнню якога ў нас яшчэ наперадзе. Атрымалася адрэстаўраваць канцэртную залу маёнтку, якая заўсёды была вядома сваімі музычнымі вечарынамі. А праз інфармацыйную кампанію мы здолелі не проста распавесці пра праект, але і нанава адкрылі беларусам сядзібу Міхаіла Клеафаса Агінскага. Менавіта гэта дазволіла зрабіць такі прарыў у прыцягненні новых турыстаў.
Чаго не хапае для развіцця турызму ў Беларусі:
- Інфраструктуры. Сучаснаму турысту патрэбны камфортныя ўмовы і тут усе дробязі маюць значэнне: стан дарог, харчаванне, грамадскі транспарт, месца для можна спыніцца на ноч. Маючы такія шыкоўныя гістарычныя, прыродныя і культурныя помнікі галоўная задача - стварыць вакол іх адпаведную інфраструктуру.
- Падзейны турызм. Нам трэба актыўней развіваць брэндавыя мерапрыемствы, актыўней іх рэкламаваць, ствараць комплексны турыстычны прадукт
Праект: Павышэнне прывабнасці трансгранічнага рэгіёна шляхам уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць (2012-2014).
Агульны бюджэт праекту: 1 270 306 еўра
Што адбылося ў праекце: На Гарадзеншчыне і Сувальшчыне актыўна заняліся этнічным турызмам. Этнакультурны музей у Гудзевічах атрымаў пасля рэканструкцыі новую інфраструктуру і сучасныя музейныя сродкі. Музей Яўхіма Карскага ў Першай гродзенскай гімназіі атрымаў новы інфармацыйны-выставачны цэнтр, у якім цяпер ладзяцца часовыя выставы і імпрэзы. Таксама для рэгіёну была створана энцыклапедыя этнакультурных і прыродных турыстычных аб’ектаў.
Расказвае Віталь Карнялюк (факультэт турызму “Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Я.Купалы”): Беларуска-польскае памежжа мае неабходны патэнцыял і культурны пласт спадчыны для развіцця этнічнага турызму, хапае захавальнікаў і папулярызатараў беларускай народнай традыцыйнай культуры. Галоўная ж перліна беларускай культуры Гарадзеншчыны – Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Тут знаходзіцца цудоўная калекцыя падвойнага ткацтва, фантастычная калекцыя рукапісаў беларускіх літаратараў, багатая карцінная галерэя. Гудзевічы - месца, якое ў сваёй важнасці для беларускай культуры знаходзіцца побач з Каложскай царквой, Мірскім і Крэўскім замкамі і міцкевіцкімі мясцінамі. І пакуль нацыянальны турызм не будзе цікавы самім грамадзянам, ён не будзе важны і для замежнікаў.
Чаго не хапае для развіцця турызму ў Беларусі:
- Папулярызацыі краіны ў свеце. Нажаль, пра нас нічога не ведаюць.
- Вызначэння прыярытэтнымі накірункамі айчыннага турызму: этнічнага турызму, “зялёнага” турызму (але не звадзіць яго да палявання), бізнес-турызму (MICE).
- Большай адкрытасці краіны. Гэта бы пацягнула за сабою турыстычны попыт, а значыць і турыстычную прапанову.