Новы нумар “Еўрабюлетэня” прысвечаны праекту “Спрыянне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі”, які рэалізоўваўся Праграмай развіцця ААН пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.
У загалоўным матэрыяле Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын і міністр прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Андрэй Худык падзяліліся думкамі пра тое, чаму лічаць супрацоўніцтва ў сферы “зялёнай” эканомікі важным прыярытэтам для Беларусі і ЕС.
Каардынатар праекта Вольга Чаброўская распавяла пра асноўныя мэты і дасягненні праекта, а таксама пра рэалізаваныя ў яго рамках “зялёныя” ініцыятывы ў розных сферах.
Аляксей Кашын распавёў аб запуску ў Барысаве вытворчасці якаснай офіснай паперы з другаснай сыравіны. Новая лінія па ачыстцы макулатуры была ўсталяваная на Папяровай фабрыцы Дзяржзнака.
Астуджальныя вадкасці для аўтамабіляў на аснове этыленгліколю могуць нанесці шкоду навакольнаму асяроддзю, калі іх утылізаваць няправільна. Алена Вярбіцкая распавяла аб стварэнні на базе прадпрыемства “Гомельхімгандаль” першай у Беларусі вытворчасці экалагічна маланебяспечных антыфрызаў, якія не патрабуюць спецыяльнай утылізацыі.
У Камянецкім раёне сем аграсядзіб займаюцца вырабам фітагарбат і пчалярствам. Досведам арганічнай вытворчасці і прасоўвання экапрадукцыі падзялілася Кацярына Касых.
Міхаіл Дубовік распавёў аб стварэнні зялёнага даху ў Мар’інагорскай гімназіі №5, а Марына Бароўка на прыкладзе ААТ “Мілкавіта” растлумачыла, як утылізаваць адходы малочнай вытворчасці з выгадай для прадпрыемства.
Выпуск завяршае блок навін, у тым ліку аб заяве Вярхоўнага прадстаўніка ЕС Федэрыка Магеріні з нагоды Сусветнага дня правоў чалавека і апытанні наконт працэдуры выдачы шэнгенскіх віз, якое праводзіцца Еўракамісіяй.