6 ліпеня Сумесны маніторынгавы камітэт (СМК) Праграмы ўхваліў вынікі 3-га конкурснага набору праектаў. Дадзены конкурс быў прысвечаны мікрапраектам і праводзіўся ў рамках тэматычнай мэты «Спадчына».
3-і конкурс праектаў быў запушчаны ў сувязі з тым, што не былі выкарыстаныя ўсе сродкі (5,2 млн еўра), прадугледжаныя для мікрапраектаў 2-га набору. Завершаны 3-ці конкурсны набор з’яўляецца апошнім у рамках бягучага праграмнага перыяду на 2014–2020 гады. Агульны арыентыровачны бюджэт для 3-га набору склаў 1,5 млн еўра. Для ўдзелу было пададзена 178 заявачных форм, а агульная сума запытанага суфінансавання з боку ЕС склала 9,41 млн еўра, што даказвае велізарную папулярнасць і патэнцыял мікрапраектаў.
СМК прыняў рашэнне аб суфінансаванні 26 праектаў (22 праекты па прыярытэце 1.1. Прасоўванне мясцовай культуры і гісторыі і 4 праекты па прыярытэце 1.2. Прасоўванне і захаванне прыроднай спадчыны), а таксама зацвердзіў рэзервовы спіс, які складаецца з 11 праектаў, для магчымага сумеснага фінансавання ў будучыні. Праектныя заяўкі-пераможцы прадстаўляюць 12 рэгіёнаў, якія ўваходзяць у праграмную тэрыторыю. Агульная сума грашовых сродкаў, якія будуць выдзелены ў якасці суфінансавання, складае 1,47 млн еўра. Ліст пераможцаў даступны па спасылцы.
Лісты з вынікамі 3-га конкурснага набору ў цяперашні час рассылаюцца ўсім заяўнікам. Адначасова з гэтым Сумесны тэхнічны сакратарыят Праграмы ініцыюе працэс пацверджання прымальнасці выбраных заяўнікаў. Наступным этапам стане кантрактаванне праектаў (гэтая працэдура павінна быць завершаная на працягу 6 месяцаў).
Сярод беларускіх заяўнікаў выбраных праектаў – Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама, Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама, Гродзенскае абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз». Таксама партнёрамі выбраных праектаў з беларускага боку выступаюць наступныя арганізацыі: Дзяржаўная ўстанова «Камянецкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва», Клінічны радзільны дом Мінскай вобласці, Ашмянскі райвыканкам, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама, Мясцовы культурна-асветніцкі фонд «Шчорсы і Храптовічы».
Праграма трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча – Беларусь – Украіна» 2014–2020 функцыянуе ў рамках Еўрапейскага інструмента суседства (ЕІС). ЕІС падтрымлівае ўстойлівае развіццё ўздоўж знешніх межаў ЕС, дапамагае скараціць адрозненні ў стандартах узроўню жыцця і вырашае агульныя праблемы на Праграмнай тэрыторыі. Праграма працягвае і пашырае супрацоўніцтва паміж трыма краінамі-ўдзельніцамі і Еўрапейскім саюзам, якое доўжыцца ўжо больш за 15 гадоў, пачынаючы з Праграмы Добрасуседства «Польшча – Беларусь – Украіна» ІНТЭРРЭГ IIIА/ТАСІС ТГС перыяду 2004–2006 і працягваючы Праграмай ЕІДП ТГС «Польшча – Беларусь – Украіна» перыяду 2007–2013.
Усе праекты, якія фінансуюцца ў рамках Праграмы, з’яўляюцца некамерцыйнымі і накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця жыхароў усходняй Польшчы, заходняй Беларусі і заходняй Украіны. Асноўная ідэя кожнага праекта – трансгранічнае супрацоўніцтва паміж бенефіцыярамі з абодвух бакоў знешняй мяжы ЕС. Тэрыторыя Праграмы складае больш за 316 тыс. кв. км у трох суседніх краінах – у Падляшскім, Мазавецкім, Люблінскім і Падкарпацкім ваяводствах у Польшчы; у Валынскай, Ровенскай, Львоўскай, Цярнопальскай, Івана-Франкоўскай і Закарпацкай абласцях ва Украіне; у Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай і Гомельскай абласцях у Беларусі.
15.07.2020