image2 11.07.2018

У Камарова абралі 5 бізнес-ініцыятыў, якія атрымаюць падтрымку ад Еўрапейскага саюза

6 ліпеня 2018 года ў Камарова абралі 5 мясцовых прыватных ініцыятыў, якія атрымаюць фінансавую падтрымку ад Еўрапейскага саюза. У гэты раз прадстаўляць свае бізнэс-ідэі строгаму журы маглі не толькі выпускнікі Школы сельскага бізнесу ў Камарова, але і ўсе жадаючыя з чатырох раёнаў.

Падаць заяўку на ўдзел у пятым Стартап Уікэндзе можна было да 22 чэрвеня 2018 года. Распрацаваны бізнес-план журы прадставілі 14 прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў з Мядзельскага, Астравецкага, Пастаўскага і Смаргонскага раёнаў. З усіх удзельнікаў толькі чацвёра раней праходзілі навучанне асновам бізнес-планавання ў Камарова.

1.JPG

У журы ўвайшлі прадстаўнікі мясцовых уладаў, бізнесменаў, беларускіх і замежных грамадскіх арганізацый. Менавіта яны вырашалі, хто атрымае фінансавую падтрымку ў памеры ад 2 да 10 тысяч еўра ад праекта Еўрапейскага саюза.

2.JPG

Прадстаўленыя бізнес-ідэі тычыліся розных сфер жыцця рэгіёну: ад стварэння мабільнага салона прыгажосці і адкрыцця сэканд-хэнду да вырошчвання буякоў і спаржы.

3.JPG

Па выніках галасавання журы найбольшую колькасць балаў набрала бізнес-ініцыятыва па вырошчванні і астуджэнню арганічнай клубнікі Андрэя Кісель-Загарянскага са Смаргонскага раёна. Ён ужо вырошчвае клубніку і знаходзіцца ў працэсе атрымання еўрапейскага сертыфіката, які пацвярджае статус арганічнай прадукцыі.

4.JPG

Адным з лідэраў сярод удзельнікаў таксама стаў Віктар Какурын з бізнес-ініцыятывай па стварэнні вытворчасці крафтавага піва ў вёсцы Камарова. Удзельнік плануе прыцягнуць пакупнікоў незвычайным густам піва і яго экалагічнасцю, бо пры вытворчасці не будуць выкарыстоўвацца дадаткі. Да таго ж бліжэйшая міні-броварня знаходзіцца ў радыусе 200 км, а ў турыстычны сезон ужо адчуваецца вялікі попыт на мясцовыя прадукты.

5.JPG

Высокімі баламі ацаніла журы бізнес-ініцыятыву Яўгена Лакуціеўскага па стварэнні станцыі рамонта і тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў у Камарова. У цяперашні час у вёсцы няма сваёй аўтамайстэрні і жыхарам прыходзіцца рамантаваць свае аўто ў бліжэйшых раённых цэнтрах.

6.JPG

Падтрымку праекта атрымае вядомы мастак Артур Клінаў, які плануе стварыць сцэну-залу для правядзення мерапрыемстваў у сваёй аграсядзібе ў Пастаўскім раёне. Артур Клінаў упэўнены, што зможа прыцягнуць у в. Лынтупы творчых людзей і круглы год праводзіць розныя майстар-класы, пленэры і іншыя актыўнасці для аматараў мастацтва.

7.JPG

Адным з пераможцаў праекта таксама стала Іна Жызнеўская з бізнес-ініцыятывай па стварэнні сезоннай міні-фермы па вытворчасці мяса качак. Яна адзначае, што ў рэгіёне сярод турыстаў ёсць попыт на мясцовыя прадукты, але ў цяперашні час ім могуць прапанаваць толькі яйкі, малако і гародніну. Качынае мяса зможа парадаваць гурманаў і тых, хто сочыць за сваім здароўем, бо яно пераўзыходзіць іншыя гатункі мяса па змесце многіх карысных рэчываў. Іна ўжо разводзіць розныя віды хатніх птушак на сваім хутары ў Пастаўскім раёне, а дзякуючы праекту зможа павялічыць колькасць асобін і палепшыць умовы іх утрымання.

8.JPG

У завяршэнне мерапрыемства дырэктар УПУПП «БИКомарово» Эдуард Вайцяховіч падкрэсліў, што ўсе прадстаўленыя ідэі могуць быць паспяховымі і спрыяць развіццю рэгіёну. Нават тыя, хто не стаў пераможцам Стартап Уікенда, могуць звяртацца ў бізнес-інкубатар па кансультацыі і дапамогу ў пошуку інвестараў.

9.JPG

Перад удзельнікамі мерапрыемства таксама выступілі прадстаўнікі Банка развіцця Рэспублікі Беларусь і Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, якія распавялі аб магчымасцях і ўмовах атрымання крэдытаў для малога бізнэсу.

Конкурс мясцовых прыватных ініцыятыў праводзіўся ў рамках праекта «Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: Павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва ў РБ шляхам стварэння і запуску ў Камарова сельскага бізнес-інкубатара», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і сафінансуецца Праграмай малых грантаў Амбасады ЗША ў Мінску.