image2 06.03.2018

5 ЛАЙФХАКАЎ, ЯК ПАСПЯХОВА ЗЛАДЗІЦЬ ДНІ ЭНЕРГІІ Ў ВАШЫМ ГОРАДЗЕ

Як 6 год запар паспяхова ладзіць свята энергаэфектыўнасці? Лепшымі практыкамі ў арганізацыі Дзён Энергіі на прыкладзе беларускага Полацку падзялілася эксперт праекту «Пагадненне мэраў – Усход» з Беларусі Марына Барысава на вэбінары 1 сакавіка 2018 году. 180 удзельнікаў з краін Усходняга партнёрства даведаліся, як зладзіць Дні Энергіі ў сябе.

Што такое Дні энергіі?

Дні энергіі – гэта мерапрыемствы, якія папулярызуюць ідэі эка-дружалюбнага і энергаэфектыўнага ладу жыцця ды падштурхоўваюць гараджан ашчаджаць электраэнергію і выкарыстоўваць яе альтэрнатыўныя крыніцы. Удзельнікі Пагаднення мэраў абавязаныя іх праводзіць. У Полацку – першым беларускім горадзе-падпісанце Пагаднення – Дні энергіі праходзяць з 2012 году, восенню 2018 яны адбудуцца ў выглядзе Фестывалю святла.

Лайфхак 1: Розныя аўдыторыі – розныя падыходы

Памятайце, што ад мэтавай групы залежыць фармат мерапрыемства. Калі вы працуеце з школьнікамі, тады ім будзе цікава паўдзельнічаць у конкурсах, спаборніцтвах, экскурсіях,флэшмобах, мерапрыемствах падчас летніх лагераў. А дарослым падыйдуць лекцыі, майстар-класы, канцэрты.

Як зразумець, хто ваша мэтавая група? Вы можаце звярнуцца да статыстыкі. Напрыклад, лічбы паказалі, што ў горадзе становіцца болей машын. Тады аўтамабілісты могуць быць адной з вашых мэтавых груп. Іх мэтазгодна падахвочваць меней карыстацца аўтамабілем.

Лайфхак 2: Не цягніце ўсё сам-адзін – шукайце партнёраў

Вашымі партнёрамі могуць быць студэнты, мясцовы бізнес, дамы культуры ды іншыя творчыя цэнтры, музычныя гурты, грамадзянскія арганізацыі. Яны добра ведаюць свае мэтавыя групы і іх праблемы, могуць прапанаваць ідэі мерапрыемстваў, даць нешта бясплатна і ня толькі.

У 2016 годзе разам з Цэнтрам урбаністыкі і дызайну ў Полацку арганізатары зладзілі студэнцкі архітэктурны форум «Арх. Пра. Свет». Маладыя архітэктары распрацоўвалі вырашэнні, як удасканаліць вулічнае асвятленне ў горадзе. Адну з канцэпцый – «Светласферы» ­з перапрацаваных матэрыялаў ­­– яны рэалізавалі пасля форуму. Светласферы павесілі ў скверы, дзе адбываўся гарадскі пікнік, а ў наступным годзе яны свяцілі на Днях энергіі ў Вілейцы ды фестывалі вулічнага мастацтва Vulica Brasil у Мінску.

Лайфхак 3: Рабіце стаўку на нестандартныя мерапрыемствы

Моду дыктуюць мерапрыемствы новага пакалення – заснаваныя на камунікацыі паміж удзельнікамі, абмене ведамі і думкамі ў нефармальных абставінах. Гэта могуць быць канферэнцыі ў стылі TED, хакатоны, квэсты, міравыя кафэ. У забаўляльныя мерапрыемствы можна таксама дадаць адукацыйную частку: інтэрактыўныя майстар-класы ды лекцыі.

У 2017 на Днях энергіі ў Полацку адбыўся Энергічны квэст. Удзельнікі шукалі па ўсім горадзе сакрэтныя кады і рашалі нестандартныя задачы на тэму энергазберажэння. Карысным лайфхакам гаражане вучыліся падчас анлайн-марафону энергаэфектыўнасці ў суполцы «Энергічны Полацк». Месяц удзельнікі выконвалі заданні ды прыдумвалі свае спосабы ашчаджэння электраэнергіі.

Лайфхак 4: Шукайце даступныя рэсурсы

Прыцягвайце валанцёраў, калі не хапае вольных рук. Іх можна адшукаць сярод студэнтаў, моладзевых арганізацый ці проста кінуўшы кліч у Інтэрнеце. З валанцёрамі абавязкова трэба праводзіць сустрэчы перад мерапрыемствам ды ўводзіць у курс справы.

Супрацоўнічайце з мясцовымі ды нацыянальнымі СМІ і тымі, хто піша аб мясцовых ініцыятывах, экалогіі ды энергэтыке. Арганізатары Дзён энергіі ў Полацку даўно супрацоўнічаюць з мясцовымі анлайн-парталамі ды папулярнай радыястанцыяй. Не забывайце пра сацыяльныя сеткі – заводзьце там старонкі вашых мерапрыемстваў, запрашайце ўдзельнікаў, дзяліцеся публікацыямі.

Лайфхак 5: Пераймайце досвед іншых гарадоў

Шукайце натхненне ў калег з іншых гарадоў. На мінулых Днях энергіі ў Полацку студэнты будавалі эка-павільён, палачане ўдзельнічалі ў гарадской гульні, а для школьнікаў адбыўся спартова-інтэлектуальны турнір. Глядзіце, як яны прайшлі, у справаздачы. Цікава Дні энергіі праходзяць у Берасці, Вілейцы, Чаусах, Навагрудку.

Шмат чаму можна павучыцца ў іншых краін Усходняга партнёрства. У сталіцы Малдовы – Кішынёве – Дні энергіі-2016 адзначылі фестывалем эка-тэхналогій і прадуктаў ды канцэртам жывой музыкі з падпіткай ад сонечнай энергіі. Глядзіце, як гэта было, у рэпартажы па спасылцы. А ў Арменіі ў межах праекта Еўрапейскага Саюза CLEEN дзяцей вучылі рамантаваць драўляныя вокны і ашчаджаць электраэнергію.

Беларуская каманда праекту «Пагадненне мэраў - Усход» запрашае беларускіх падпісантаў на трэнінг па арганізацыі Дзён энергіі. Разам з экспертамі ўдзельнікі складуць план Дзён энергіі для свайго гораду. Трэнінг адбудзецца напрыканцы сакавіка ў Нясвіжы.

Вэбінар праходзіў у межах праекту «Пагадненне мэраў - Усход», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам у межах ініцыятывы EU4Energy.

Ініцыятыва EU4Energy накіравана на ўдасканаленне энергазабеспячэння, бяспекі і доступу, а таксама папулярызацыі ідэй энергаэфектыўнасці і выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў краінах Усходняга партнёрства. Гэта дасягаецца шляхам фінансавання праектаў і праграм, якія спрыяюць рэфармаванню энергетычнага рынку для скарачэння залежнасці ад крыніц энергіі і яе спажывання на нацыянальным узроўні. У доўгатэрміновай перспектыве энергазабеспячэнне становіцца больш даступным, надзейным і празрыстым. Такім чынам, скарачаецца дэфіцыт энергарэсурсаў і памяншаецца кошт энергіі для грамадзян і прыватнага сектара. Больш падрабязна аб ініцыятыве: www.EU4Energy.eu

Дадзеная публікацыя створана пры падтрымцы Еўрапейскага Саюза ў межах ініцыятывы EU4Energy. Змест публікацыі з’яўляецца прадметам выключнай адказнасці Мясцовага фонда садзейнічання развіццю міжнароднага дыялога і супрацоўніцтва “Інтэракцыя” і ніякім чынам не можа адлюстроўваць афіцыйную пазіцыю Еўрапейскага Саюза.