
Пасля ўрачыстых слоў ад намесніка старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянціна Трубчыка ўсе ўдзельнікі мерапрыемства селі на ровары і праехаліся па новай веладарожцы.

Для стварэння веладарожкі нанеслі дарожную разметку, была зніжана вышыня бардзюраў і тратуараў, умацаваны абочыны дарог, устаноўлена 189 дарожных знакаў, 32 святлодыёдных пражэктара, 14 велапарковак. Было набыта 12 ровараў для арганізацыі пункта пракату, арганізавана светлафорнае рэгуляванне для бяспекі руху веласіпедыстаў.


Веладарожка была адкрыта ў рамках мясцовай ініцыятывы праекту «Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Работы праводзіліся Кобрынскім ЖКГ пад кіраўніцтвам Кобрынскага райвыканкама.

Веладарожка праходзіць па асноўных вуліцах і гістарычнаму цэнтру Кобрына. Шпацыр па ёй зойме каля гадзіны і дазволіць пазнаёміцца з асноўнымі славутасцямі горада.

Намеснік старшыні Кобрынскага райвыканкама Валянцін Трубчык адзначыў:
– Такія ініцыятывы, як Пагадненне мэраў, даюць нам магчымасць бачыць наш Кобрын чыстым, утульным і камфортным для жыцця, а аматарам ровараў – займацца актыўным выглядам адпачынку, не парушаючы дарожную бяспеку.