image2 28.09.2016

У Ашмянах адкрыўся другі энергаэфектыўны дзіцячы сад у Беларусі

Дзякуючы ўкаранёным тэхналогіям, спажыванне цеплавой і электрычнай энергіі ў садку будзе скарочана ўдвая.

 “Мы працягнем фінансаваць праекты па энергаэфектыўнасці ў Беларусі”, – заявіла Аўдроне Урбанавічутэ, намесніца кіраўніка аперацыйнага аддзела праектаў і праграм Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

 “Удвая прыемней працаваць на карысць дзяцей, якія атрымаюць сёння новы цёплы і ўтульны дом! – адзначыў каардынатар праектаў ПРААН Ігар Чульба. – Гэта ўжо другі энергаэфектыўны дзіцячы сад у краіне. Першы мы адкрылі тыдзень таму ў Гродне”.

Нацыянальны каардынатар праекта, начальнік аддзела навукова-тэхнічнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязяў Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Андрэй Мінянкоў выказаў надзею, што ў будучыні хтосьці з выхаванцаў дзіцячага садка будзе працаваць у сферы энергаэфектыўнасці і, магчыма, будзе адкрываць новыя падобныя аб’екты ў Беларусі.

Міраслаў Сарасек, старшыня Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта, адзначыў, што адчынены дзіцячы сад з’яўляецца выдатнай дэманстрацыйнай пляцоўкай па ўкараненні “зялёных” тэхналогій, якая дапаможа змяніць светапогляд дзяцей, іх бацькоў, педагагічнага калектыву і мясцовай супольнасці ў цэлым.

Аляксандр Сангін, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта пажадаў выхаванцам дзіцячага садка моцнага здароўя і выказаў задавальненне ад сумеснай працы Еўрапейскага саюза, Праграмы развіцця ААН, Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь і мясцовых уладаў.

Дзякуючы рэалізацыі праекта ў садку ўкаранёныя сучасныя энергаэфектыўныя тэхналогіі, такія як сонечныя калектары і сістэма вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла, дзякуючы якім спажыванне цеплавой і электрычнай энергіі будзе скарочана ўдвая. Вада ў басейне дзіцячага сада будзе падагравацца выключна за кошт працы сонечных калектараў.

Таксама ва ўстанове адукацыі ўцепленыя сцены і дах, звычайныя вокны замененыя на двухкамерныя шклопакеты. Акрамя гэтага, была праведзеная замена энергаёмістага тэхналагічнага абсталявання кухні, лямпаў напальвання на энергазберагальныя, за ацяпляльнымі прыборамі ўсталяваныя цяплоадбівальныя экраны.

Дырэктар дзіцячага садка Марына Мельнікава правяла экскурсію па абноўленай установе адукацыі, пазнаёміўшы ганаровых гасцей з асноўнымі энергаэфектыўнымі тэхналогіямі, якія былі ўкаранёныя праектам.

Апрача тэхнічнага складніка, не менш важным у рэалізацыі праекта з’яўляецца адукацыйны аспект. Педагагічны калектыў дзіцячага садка правёў шэраг цікавых мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду “зялёнага” ладу жыцця. У прыватнасці, у Аддзяленні дзённага знаходжання ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна” юныя выхаванцы ясляў-сада правялі майстар-клас па навучанні энергаэфектыўнасці і зберажэнні паліўна-энергетычных рэсурсаў для пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. ДУА “Яслі-сад №6 г. Ашмяны” ўжо даўно супрацоўнічае з Ашмянскімі электрычнымі сеткамі (філіял РУП “Гроднаэнерга”), і экскурсіі для арганізаваных груп дашкольнікаў тут праводзяцца рэгулярна. У рамках экскурсій дзецям у даступнай форме распавядаюць пра тое, што такое электрычнасць, што такое электрычны ток, як ён трапляе ў нашы дамы, чаму загараецца электрычная лямпачка, чаму важна эканоміць электраэнергію і як бяспечна сябе паводзіць у дачыненні да ўсяго, што звязана з электрычнасцю. На запрашэнне адміністрацыі дзіцячага садка шэсць педагогаў дашкольнай адукацыі з устаноў адукацыі Літоўскай Рэспублікі наведалі ДУА “Яслі-сад №6 г. Ашмяны”. Літоўскія госці выказалі цікавасць да ўсіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў дзіцячым садку і высока ацанілі працу сваіх беларускіх калег па прасоўванні тэмы энергаэфектыўнага ладу жыцця ва ўстановах адукацыі.

Святочнае мерапрыемства завяршылася канцэртам выхаванцаў дзіцячага садка, пасля чаго юныя артысты і ганаровыя госці абмяняліся сувенірамі.

ДУА “Яслі-сад №6 г. Ашмяны”, пілотны аб'ект праекта “Энергаэфектыўнасць у школах”, будзе дэманстрацыйнай пляцоўкай комплекснага падыходу ў рэалізацыі энергаэфектыўных мерапрыемстваў.

Гэта ўжо другі аб’ект праекта “Энергаэфектыўнасць у школах”, які адкрываецца пасля энергаэфектыўнай мадэрнізацыі. 16 верасня ў Гродне адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця ДУА “Яслі-сад №45 г. Гродна”, дзе былі ўкаранёныя аналагічныя тэхналогіі.

Праект ажыццёўлены пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта. Выканаўцамі праекту выступілі Праграма Развіцця ААН (ПРААН) у Рэспубліцы Беларусь і Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту Рэспублікі Беларусь.

Праект адкрые яшчэ дзве энергаэфектыўныя ўстановы адукацыі ў найбліжэйшыя два месяцы.