У перыяд з 4 па 9 верасня ў Францыі ў рамках праекта “Фаблаб” адбыўся трэнінг для будучых фабменеджараў. Удзельнікі трэнінгу наведалі тры выдатныя французскія гарады – Ліён, Сан-Эцьен, Лё-П’юі-ан-Вэле, у якіх створаныя і паспяхова дзейнічаюць фаблабы, крэатыўныя прасторы, каворкінг-зоны, класы тэхнічнай творчасці і іншая інфраструктура падтрымкі прадпрымальніцтва, інавацыйнага мыслення і інжынірынгавай творчасці, даступная для ўсіх і кожнага.
У трэнінгу ўзялі ўдзел 19 прадстаўнікоў з арганізацый-партнёраў праекта з Вялікабрытаніі, Даніі, Партугаліі, Іспаніі, Бельгіі, Францыі, Беларусі і Украіны. У рамках трэнінгу ўдзельнікі наведалі і змаглі паразмаўляць з кіраўнікамі як прыватных, так і дзяржаўных фаблабаў і цэнтраў тэхнічнай творчасці, пазнаёміцца з тыповым для фаблаба наборам абсталявання, спосабамі арганізацыі прасторы і дызайнерскімі рашэннямі для афармлення інтэр’еру, бізнес-мадэлямі і PR-стратэгіямі, праблемнымі пытаннямі і магчымымі шляхамі іх рашэння.
Трэнінг пачаўся з наведвання фаблаба “Youfactory”, які з’яўляецца часткай крэатыўнага кластара “Pole Pixel”, размешчанага недалёка ад цэнтра Ліёна ў былым будынку завода.
Знаёмства з фаблабам пачалося з незвычайнага факта: тут выпіваюць каля 300 кг кавы ў год! Так мы даведаліся тры галоўныя правілы гэтага фаблаба:
1. кава – бясплатна,
2. wifi – бясплатна,
3. заўсёды “ты”, а не “Вы”;
і адно сакрэтнае: кава-машына з’яўляецца самым галоўным і самым незаменным абсталяваннем у фаблабе. Усю гэтую інфармацыю нам паведаміла дырэктарка і сузаснавальніца “Youfactory” Ізабэль Ларэнт. Але пра ўсё па парадку.
“Youfactory” ствараўся як камерцыйны праект па асабістай ініцыятыве Ізабэль і яе сына, які займаецца арганізацыяй “фаблаб-бізнесу” ўвогуле. Зараз у фаблабе працуюць яшчэ два маладыя і крэатыўныя інжынеры.
Увогуле фаблаб “Youfactory” плошчай каля 600 м2 займае два паверхі ў былым будынку завода і ўкамплектаваны базавым абсталяваннем для трататыпавання і вытворчасці: лазерны разак, фрэзерны станок, станок для вакуумнай фармоўкі, швейная машына, вышывальная машына, электратэхнічнае абсталяванне і інш. На другім паверсе размешчаная зона для каворкінгу, офіснае і выставачнае абсталяванне і некалькі 3D-друкарак. Бо фаблаб “Youfactory” з’яўляецца прыватнай камерцыйнай арганізацыяй, карыстанне абсталяваннем і паслугамі фаблаба магчыма толькі пры куплі абанемента. У фаблаба таксама ёсць свая праграма лаяльнасці, якая прадугледжвае зніжкі для пастаянных наведнікаў, якія купляюць доўгатэрміновыя абанементы. Праграма лаяльнасці распаўсюджваецца і на працу з карпаратыўнымі кліентамі, калі вялікія кампаніі цэнтралізавана купляюць абанементы для супрацоўнікаў праектных аддзелаў сваіх кампаній з мэтай развіцця іх інжынернай крэатыўнасці і творчага мыслення.
Ізабэль распавяла яшчэ шмат цікавага і пазнавальнага з паўсядзённага жыцця фаблаба. Інтэрв’ю з Ізабэль хутка ў нашай рубрыцы “Праект у фокусе”.
Фаблабы – гэта не толькі бізнэс і навука, фаблабы – гэта ў першую чаргу крэатыўнае мысленне. У гэтым мы на свае вочы пераканаліся падчас наведвання лічбавай лабараторыі “LabLab” – своеасаблівага фаблаба для тых, хто заняты ў галіне візуальнага лічбавага мастацтва. “LabLab” уяўляе сабой невялікі белы пакой – “White box” (“Белы куб”), які ўкамплектаваны магутным аўдыё- і відэаабсталяваннем і выкарыстоўваецца як пляцоўка для тэставання праектаў у галіне лічбавага мастацтва перад іх масавым рэлізам. Мэта праекта – інтэграцыя паміж мастакамі і інжынерамі, якія займаюцца даследаваннямі ў галіне лічбавага мастацтва. Патэнцыйныя кліенты – мясцовыя ўлады, канцэртныя залы, івэнт-агенцтвы. Менеджар вытворчага аддзела Дарын Джычко правяла прэзентацыю лабараторыі, у якой распавяла аб перспектыўных праектах у галіне лічбавага мастацтва, якія выйшлі з лабараторыі і атрымалі шырокі рэзананс як у Францыі, так і ў ЕС. Прыкладам можа служыць сацыяльны праект, які ўяўляе сабой падсвечаную інсталяцыю ў выглядзе групы “гаваркіх” чалавечых фігур, якія раскрываюць актуальныя тэмы грамадства, такія, як, напрыклад, міграцыя і праблема бежанцаў. Кампанія, якая рэалізуе гэты праект, зрабіла інсталяцыю ўжо ў некалькіх гарадах Еўропы і нядаўна атрымала заказ ад групы еўракамісараў на яе ўсталяванне ў Бруселі.
Першы дзень трэнінгу скончыўся прэзентацыяй сумесных намаганняў Цэнтральнай школы Ліёна і Ліёнскай бізнес-школы па развіцці інавацый і будучыні прадпрымальніцтва ў сучасным лічбавым асяроддзі. Выяўляецца, паводле статыстычных дадзеных, у выніку імклівага развіцця інфармацыйных тэхналогій, у адносна хуткім часе могуць незваротна знікнуць да 47% існых цяпер спецыяльнасцей, таму сама канцэпцыя адкрыцця ўласнага бізнесу, як і партрэт будучага прадпрымальніка сёння перажываюць незваротныя змены. Прыклад бізнесу 21 стагоддзя: стартап прагназуе перавагі пакупнікоў у галіне дызайну ўпакоўкі і для індустрыі прыгажосці, аналізуючы пастаноўку “лайкаў” на facebook пры дапамозе “big data”. Кліентамі такога стартапа з’яўляюцца вялікія кампаніі і карпарацыі з сусветным імем.
На наступны дзень мы апынуліся ў мілым французскім мястэчку Лё-П’юі-ан-Вэле, дзе інжынер з кампаніі “Мішэлін” Анна Гойнвіц распавяла пра досвед супрацоўніцтва ліцэя горада Лё-П’юі-ан-Вэле і кампаніі “Мішэлін” у галіне развіцця інжынернай творчасці і ўзняцця прэстыжу інжынерных спецыяльнасцей сярод моладзі. Былі прадстаўленыя навучальныя мадэлі (электрычнага ровара, дрыфт-байка, сонечнай панэлі, марсахода “К’юрыёсіці” і інш.), створаныя ў выніку праблемнага навучання і інтэграцыі навучання падлеткаў, студэнтаў і дарослых. Да прыкладу, ідэя і фінальная зборка мадэлі марсахода “К’юрыёсіці” належала падлеткам – вучням ліцэя, 3D-праект быў зроблены студэнтамі бакалаўрыяту мясцовага ўніверсітэта, а дэталі – у рамках праграмы перападрыхтоўкі дарослых.
Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць П’еру Каралоджы, арганізатару трэнінгу з французскага боку, які падрыхтаваў даклад аб тыпалогіі фаблабаў у Францыі. У сваім дакладзе П’ер спыніўся на відах арганізацый тыпу “фаблаб” (хакерспэйс, мэйкерспэйс, тэкшоп) у Францыі і іх адрозненнях, мэтавай аўдыторыі, найбольш пашыраным абсталяванні, папулярных паслугах і відах дзейнасці. Дзякуючы гэтаму дакладу ва ўдзельнікаў трэнінгу склалася больш поўнае ўяўленне аб тыпалогіі французскіх арганізацый тыпу “фаблаб”.
Далей трэнінг закрануў адукацыйны кампанент дзейнасці фаблабаў, галоўны пасыл якога – праблемнае навучанне. Гэта пацвердзіла прэзентацыя рэальнага праекта, які быў рэалізаваны студэнтамі сельскагаспадарчага кірунку аднаго з рэгіянальных ВНУ. У рамках работы над вышэйзгаданым праектам студэнты спраектавалі цэлую сістэму па натуральным высушванні і захаванні корму для буйной рагатай жывёлы без выкарыстання ферментных прэпаратаў. Дадзены праект атрымаў жыццё ў рэальным свеце, бо адна з рэгіянальных фермерскіх гаспадарак спраектавала і пабудавала ферму па гэтым праекце.
Нягледзячы на тое, што мэтай трэнінгу з’яўляецца ў большай ступені адукацыйны складнік і абмен досведам, не абышлося і без рэкламы. Аб праекце “Фаблаб” напісалі ў мясцовай газеце! А ўвечары адбылася сустрэча з мэрам горада!
Інфармацыйныя тэхналогіі шчыльна ўвайшлі ў наша жыццё. Без іх не абышлося і ў рамках трэнінгу. Так, праектная група ўзяла ўдзел у скайп-канферэнцыі з вынаходнікам партатыўнай 3D-друкаркі, менеджарам фаблаба “ENSGSI” і заснавальнікам кампаніі “Nancy Makerspace Nybi.cc” Эмануэлем Гілоз, які распавёў, як досвед працы ў фаблабе дапамог яму “намацаць” свой блакітны акіян і адкрыць уласны паспяховы бізнес па вытворчасці партатыўных 3D-друкарак.
Мерапрыемствы апошняга дня трэнінгу адбыліся ў легендарным Сан-Эцьен, дзе праектная група наведала цэлы “крэатыўны раён”, размешчаны на тэрыторыі былога завода па вытворчасці зброі. У гэтым раёне засяроджаны самыя творчыя арганізацыі горада. Тут размешчана некалькі ўніверсітэтаў і бізнес-школ, фаблаб, каворкінг-зоны, розныя майстэрні, дызайнерскія студыі, стартап-клубы і ўласна стартап-кампаніі, якія арандуюць плошчы на льготных умовах. Мы наведалі большасць з гэтых структур, але, вядома, найбольш пільную ўвагу надалі мясцоваму фаблабу.
Фаблаб “Openfactory”, які функцыянуе дзякуючы сумесным намаганням мясцовага ўніверсітэта, гарадской адміністрацыі і прыватнай кампаніі, ствараўся дзякуючы прыватнай ініцыятыве на закінутых плошчах завода па вытворчасці зброі, у памяшканні без вады і ацяплення. Да гэтага часу самае грувасткае і “бруднае” абсталяванне знаходзіцца ў тым самым памяшканні без выгод. Электроніка і абсталяванне для 3D-друку вынесеныя ў іншае ацепленае памяшканне і сумешчаныя з каворкінг-зонай універсітэта, што дазваляе інтэграваць адукацыйны працэс з працэсам тэхнічнай творчасці. У дадзены момант фаблаб існуе за кошт фінансавання з бюджэту горада і ўласнага прыбытку. Пасля абеду фаблаб адкрыты штодня і бясплатна для ўсіх ахвочых. Да абеду – толькі платна і для прыватных кампаній і стартапаў, якім неабходна захаваць канфідэнцыйнасць сваёй распрацоўкі. Штодня ў “Openfactory” знаходзіцца адзін з 12 валанцёраў (студэнтаў, выкладчыкаў, работнікаў прыватных кампаній), якія забяспечваюць функцыянаванне фаблаба. Дарэчы, мэблю для фаблаба распрацавалі дзве дзяўчыны – заснавальніцы дызайнерскага стартапа, які знаходзіцца тут непадалёку, на кампусе. У апошні час паслугі фаблаба сталі вельмі запатрабаваныя сярод мясцовага насельніцтва, буйных кампаній, стартапаў і студэнтаў, таму ў планах у арганізатараў у найбліжэйшы час увесці сталую стаўку фаб-менеджара, каб працаваць у фаблабе стала яшчэ больш цікава!
Праграма дня і трэнінгу ў цэлым завяршылася нефармальнай гутаркай за кубкам кавы з мясцовымі стартапамі, інавацыйнымі кампаніямі, бізнес-акселератарамі ў рамках сустрэчы “DesignTech After” ад Адміністрацыі горада Сан-Эцьен. Праект “Фаблаб” – спецыяльны госць вечара. Дзякуй за аказаны давер!
І, вядома ж, не абышлося без уручэння сертыфікатаў.
Шчыры дзякуй усім удзельнікам і арганізатарам трэнінгу. Наступны трэнінг для фабменеджараў ужо ў кастрычніку ў Даніі! Да сустрэчы ў Капенгагене!



