Да прысутных – прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, мясцовай улады, журналістаў з прывітальным словам звярнулася Алена Ракава, каардынатарка праектаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама Юлія Чагарына, загадчыца аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Браслаўскага райвыканкама. У прыватнасці спадарыня Ракава адзначыла, што праекты ЕС маюць сваю гісторыю на браслаўскай зямлі, у дадзены момант тут рэалізуецца значны праект “Браслаўскі раён – першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі”, падрабязна пра яго расказвае адзін са стэндаў выставы. Алена Гірон, каардынатарка праекта, адзначыла, што ў выніку энергаспажыванне раёна знізіцца амаль што на 2%, а таксама значна скароцяцца выкіды СО2.
На ўрачыстым адкрыцці фотавыставы таксама выступіла удзельніца праекта “Развіццё гарадскога роварнага руху ў інтарэсах грамадскасці Рэспублікі Беларусь” Анастасія Янчэўская. Мэта праекта – распрацаваць план устойлівага развіцця роварнага руху і палепшыць роварную інфраструктуру ў Беларусі. Сярод значных вынікаў – першае сацыялагічнае даследаванне ў беларускай сталіцы, якое паказала, што большасць мінчукоў падтрымлівае развіццё роварнага руху.
Пасля адкрыцця выставы журналісты наведалі дзіцячы садок №1, дзе ў межах праекта “Браслаў – першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт у Беларусі” зараз адбываецца мантаж сістэмы сонечных калектараў, якая дазволіць награваць да 1000 літраў вады ў суткі.






