26 мая 2018 года прадстаўнікі дзяржорганаў і бізнесу наведалі в.Камарова Мядзельскага раёна, каб паглядзець на працу бізнес-інкубатара і прыняць удзел у добраўпарадкаванні парку.
Вёска Камарова Мядзельскага раёна стала цэнтрам падтрымкі мясцовых прадпрымальнікаў. У 2017 годзе тут адкрыўся бізнес-інкубатар, дзе жадаючыя стварыць свой бізнэс з Мядзельскага, Смаргонскага, Пастаўскага і Астравецкага раёнаў праходзяць навучанне, атрымліваюць кансультацыі і стартавы капітал.
Актыўная дзейнасць бізнес-інкубатара, які мае статус вучэбна-практычнай установы па падтрымцы прадпрымальніцтва «БИКомарово», стала магчымай дзякуючы рэалізацыі праекта Еўрапейскага саюза па развіцці сельскіх тэрыторый.
Сёння каля 60 чалавек прайшлі навучанне ў Школе сельскага бізнесу ў Камарова. У працэсе навучання слухачы Школы распрацоўвалі ўласныя бізнес-планы і прадстаўлялі іх на Стартап Уікэндах. Самыя перспектыўныя бізнес-ідэі атрымалі фінансавую падтрымку ад 2 да 10 тысяч еўра ад праекта Еўрапейскага саюза. Агульны фонд праекта, прызначаны для вылучэння пачаткоўцам-прадпрымальнікам, складае 182 тысячы еўра. На мінулых чатырох Стартап Уікендах былі падтрыманы 20 слухачоў Школы.
Па дарозе ў Камарова дэлегацыя, сярод членаў якой былі прадстаўнікі Мінэканомікі, МАРТа, Дэпартамента па прадпрымальніцтве, Мінаблвыканкама і розных бізнес-саюзаў, наведала двух прадпрымальніц, якія атрымалі фінансавую падтрымку ад праекта Еўрапейскага саюза.
Аляксандра Чыжэўская з в.Залессе Смаргонскага раёна адкрыла бізнэс па вытворчасці драўляных вокнаў. Дзяўчына з дзяцінства назірала за тым, як бацька збірае мэблю, і магла дапамагчы на многіх этапах вытворчасці. Для таго, каб адкрыць уласную справу, ёй не хапала ведаў па вядзенні бізнесу і стартавага капіталу.
− Драўлянае акно дапамагае стварыць атмасферу натуральнасці і прыгажосці. Зараз у Беларусі таксама да гэтага прыйшлі. Многія людзі хочуць замяніць пластык на натуральнае дрэва, − падкрэслівае Аляксандра.
Прадпрымальніца Вераніка Шчуроўская з той жа в.Залессе пасля навучання ў Школе сельскага бізнесу ў Камарова адкрыла ўласную справу па вырабе тканкавых сумак і іншых прадметаў з камбінаванай вышыўкай. Майстрыха выкарыстоўвае як беларускія арнаменты, так і прыдумляе аўтарскія ўзоры. На яе погляд, вышыўка можа ўпрыгожыць любое старое паліто, сукенку або штаны, зрабіць іх унікальнымі. Вышываць Вераніка пачала яшчэ ў школьныя гады, але думка зарабляць любімым хобі да навучання ў Школе сельскага бізнесу здавалася занадта нерэальнай.
Гісторыі выпускніц навучальнай праграмы «Школа сельскага бізнэсу» натхнілі журналістаў, якія таксама ўдзельнічалі ў паездцы. Тэлесюжэты можна ўбачыць па спасылках:
• Тэлеканал "Беларусь 1"
Бізнес-інкубатар на Мядзельшчыне. Панарама, 2018/05/26
• Тэлеканал "ОНТ"
Вялікі бізнэс у маленькай вёсцы: як развіваецца прадпрымальніцтва на сяле, 2018/05/27, 2018/05/28
Пасля наведвання мясцовых ініцыятыў прадстаўнікі дзяржорганаў і бізнесу абмеркавалі, у якой падтрымцы маюць патрэбу прадпрымальнікі ў сельскай мясцовасці.
− У апошні час быў прыняты даволі вялікі пакет дакументаў, накіраваных на паляпшэнне бизенс-клімату, актывізацыю дзелавой актыўнасці. У першую чаргу, гаворка ідзе пра дэкрэт №7, а таксама яго падзаконных актах. Шэраг з іх ужо прыняты і працуюць, частка падрыхтаваных і ўзгодненых праектаў знаходзяцца на разглядзе ў Саўміне. Мы чакаем іх у бліжэйшы час, − адзначыла дырэктар Дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак.
Затым госці прынялі ўдзел у працоўнай акцыі па ўборцы тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу вёскі Камарова.
Даведка
Школа сельскага бізнесу ў Камарова працуе ў рамках праекта «Развіццё сельскіх тэрыторый у Рэспубліцы Беларусь: Павышэнне ролі сельскага прадпрымальніцтва ў РБ шляхам стварэння і запуску бізнес-інкубатара». Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і сафінансуецца пасольствам ЗША ў Мінску, яго бюджэт складае 588 тысяч еўра, дзе ўклад ЕС − 556,5 тысяч еўра. Праект рэалізуецца МГА «Экапартнёрства» і ГА «Жанчыны за адраджэнне Нарачанскага краю» ў 2017 − 2019 гг. Больш інфармацыі на www.ecopartnerstvo.by і www.komarovo.com
