У Пухавіцкім раёне ўдасканальваюць сістэму збору электронных і электрычных адкідаў. На кансультатыўным семінары, які прайшоў 30 верасня, міжнародныя і беларускія эксперты абмеркавалі наяўную сітуацыю і планаваныя дзеянні.
Міжнародны эксперт па абыходжанні з адкідамі Сайман Поў у сваім выступе адзначыў, што ў Беларусі існуюць усе перадумовы для эфектыўнага збору адкідаў электроннага і электрычнага абсталявання. Толькі на тэрыторыі Пухавіцкага раёна дзейнічаюць 9 прыёмных пунктаў, працуе шырокая сетка рознічнага гандлю, якія можна задзейнічаць, ёсць развітая нарматыўная база.
Тым не менш у цяперашні час у Пухавіцкім раёне ў год збіраецца толькі 200 тон электронных і электрычных адкідаў, усё астатняе альбо адпраўляецца на звалку, альбо захоўваецца на дачах або гарышчах у насельніцтва.
– У Пухавіцкім раёне створаны ўмовы для раздзельнага збору адкідаў электроннага і электрычнага абсталявання, але патрэбны магутны штуршок, каб сістэма запрацавала на поўную сілу – кампанія па інфармаванасці насельніцтва, – лічыць Сайман Поў.
Як будзе развівацца сістэма абыходжання з адкідамі ў краіне, распавёў адзін з распрацоўшчыкаў Нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адкідамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ў Рэспубліцы Беларусь на перыяд да 2035 года Іван Міхальчук. У 2015 г. у Беларусі сабралі 3779 тон электронных і электрычных адкідаў, у тым ліку 1737 тон ад фізічных асоб і 2 042 тон ад юрыдычных асоб. Але ўжо да 2020 года плануецца збіраць за 24 000 тон у цэлым або 2 кг на чалавека. Шмат у чым гэтаму можа спрыяць увядзенне дэпазітна-закладной сістэмы, якое вельмі актыўна абмяркоўваецца апошнім часам.
Сайман Поў падкрэсліў, што сістэма збору АЭЭА павінна быць бяспечнай для навакольнага асяроддзя і здароўя людзей, а таксама быць эканамічна абгрунтаванай. Для эфектыўнай працы неабходна, каб збор адкідаў быў арганізаваны ў даступных месцах і без збірання платы з насельніцтва.
Стварэнне сучаснай сістэмы збору адкідаў электроннага і электрычнага абсталявання вядзецца пры падтрымцы праекта Еўрапейскага саюза «Развіццё паслуг у сферы кіравання адкідамі Пухавіцкага раёна». З пачатку года яго рэалізуюць Пухавіцкі райвыканкам і МГА «Экапартнёрства». Адначасова са стварэннем сістэмы збору АЭЭА, дзе пакуль адбываецца падрыхтоўчы этап, у праекце ідзе шырокая інфармацыйная праца – конкурсы малюнкаў, удзел у гарадскіх і раённых мерапрыемствах са стэндам праекта, друк плакатаў і выраб промапрадукцыі. 1 кастрычніка 2016 года пры падтрымцы праекта прайшла акцыя «Зробім», дзе для ўдзельнікаў былі падрыхтаваныя майстар-класы і сувеніры. А зусім хутка самыя наведвальныя месцы раёна ўпрыгожаць тэматычныя білборды.



