image2 13.10.2016

Жыхары Мар’інай Горкі прыбралі смецце і атрымалі сувеніры

У пачатку кастрычніка Пухавіцкі раён далучыўся да акцыі па ўборцы смецця «Зробім». Падчас акцыі добраахвотнікі прыбралі берагі ракі Цітаўка і ўзялі ўдзел у майстар-класе па расфарбоўванні гіпсавых фігурак.

Усе ахвочыя зрабіць Мар’іну Горку чысцейшай маглі прыйсці на дзіцячы пляж ракі Цітаўка, дзе мясцовы каардынатар акцыі Юлія Сільчынская раздавала ўсім мяхі для смецця і пальчаткі. Пасля атрымання экіпіроўкі ўдзельнікі акцыі разышліся ўздоўж ракі ў пошуках бутэлек, пакетаў і іншых адкідаў. Усяго ў акцыі ўзяло ўдзел больш за 30 чалавек – падлеткі і дарослыя. Яны сабралі 7 мяхоў смецця па 120 літраў.

Пасля завяршэння ўборкі мясцовы каардынатар раздала ўдзельнікам торбы і магніты з выявай васьмінога, які сартуе адкіды. Гэты вобраз стаў лагатыпам праекта ЕС «Развіццё ў сферы кіравання адкідамі Пухавіцкага раёна». Акрамя таго, ахвочыя маглі размаляваць гіпсавую фігурку васьмінога і забраць яго з сабой.

Заклік далучыцца да акцыі «Зробім» падхапілі і ў іншых населеных пунктах Пухавіцкага раёна. Напрыклад, валанцёр з Рудзенска прыбрала ад смецця тэрыторыю недалёка ад чыгункі, яна таксама стане ўладальнікам сувеніра.

Добраахвотная акцыя па ўборцы ад смецця рэк, лясоў, паркаў «Зробім» праходзіць у Беларусі з 2012 года. У свеце яна вядомая пад назвай «Let’s do it» і пачалася ў Эстоніі ў 2008 годзе, калі 50.000 чалавек у адзін дзень выйшлі прыбраць смецце па ўсёй краіне. Штогод павялічваецца колькасць краін, якія ўдзельнічаюць у акцыі, сёння іх 112. Справаздачы аб акцыі можна паглядзець на сайце акцыі letsdoit.by.

У Пухавіцкім раёне акцыя «Зробім» прайшла пры падтрымцы праекта ЕС «Развіццё ў сферы кіравання адкідамі Пухавіцкага раёна».