image2 25.10.2016

Здабыча сапрапелю ў Жыткавіцкім раёне становіцца безадкіднай інавацыйнай вытворчасцю

У Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці на тэрыторыі ААТ “Жыткавічыхімсэрвіс” адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы першай партыі абсталявання для транспарціроўкі і перагрузкі сапрапелю, якое было закуплена пры падтрымцы праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”, што фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.

На базе прадпрыемства працягваецца рэалізацыя пілотнай ініцыятывы па атрыманні высокаэфектыўных арганічных угнаенняў і кармавых дабавак для патрэб сельскай гаспадаркі, а таксама сыравіны для буравых раствораў шляхам глыбокай перапрацоўкі сапрапелю.

Выступаючы з прывітальным словам Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Марленавіч Каўхута звярнуўся да мясцовых уладаў і заклікаў іх актыўна развіваць праект, каб прадукцыя з сапрапелю стала артыкулам экспарту Беларусі. Ён таксама адзначыў, што ў выніку здабычы каштоўнай сыравіны возера чысціцца, што спрыяе павелічэнню біяразнастайнасці. Міністр падзякаваў ЕС і ПРААН, а таксама адміністрацыі прадпрыемства за паспяховую рэалізацыю праекта.

житковичи 2.jpg

“У нас самая простая роля  – мы даём грошы, – сказаў Фрэдэрык Кунэ, кіраўнік аддзела праектаў і праграм Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, – і мы даем грошы нашаму надзейнаму партнёру – ПРААН. Гэта вялікая адказнасць, і яны ўмеюць імі эфектыўна распараджацца”. Фрэдэрык Кунэ таксама выказаў словы падзякі адміністрацыі раёна за неабыякавую пазіцыю і актыўны ўдзел у праекце.

“Для нас гэтая ініцыятыва – канкрэтны прыклад рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця, – падкрэсліла Кацярына Паніклава, намеснік Пастаяннага прадстаўніка Праграмы развіцця ААН у Беларусі, – тут мы спалучылі адразу некалькі мэт – гэта і інавацыі, і адказная вытворчасць, і барацьба са змяненнем клімату, і дастойная праца. Хацелася б, каб гэта быў эфектыўны прыклад для ўсёй Беларусі”.

Пры падтрымцы праекту “Зялёная эканоміка” былі закупленыя і ўсталяваныя наземны пульпаправод, плывучы пульпаправод, пагрузчык і бустэрная станцыя. Земснарад для адпампоўкі сапрапелю быў набыты прадпрыемствам на ўласныя сродкі. Дадзенае абсталяванне па мадэрнізацыі адпампоўкі, транспарціроўкі і перагрузкі сапрапелю дазволіць значна павысіць эфектыўнасць вытворчасці і на 30% знізіць выдаткі.

житковичи 3.jpg

Зэканомленыя грошы праекта будуць накіраваныя на закупку сучаснай лініі па глыбокай перапрацоўцы сапрапелю. Гэта другі этап рэалізацыі дадзенай ініцыятывы, які будзе завершаны ў канцы 2017 года. У выніку ўводу новага абсталявання ў дзеянне на прадпрыемстве было створана 5 новых працоўных месцаў, а пасля таго, як запрацуе ўвесь комплекс, колькасць працоўных месцаў значна вырасце.

Мадэрнізацыя вытворчага цыклу таксама палепшыць экалагічную сітуацыю на возеры Чырвонае. Здабыча сапрапелю дапамагае ачысціць возера ад глею і палепшыць якасць грунтавых вод. Для вытворчасці 100 тыс. тон сапрапелю трэба выпампаваць 500 тыс. тон пульпы з возера, адпаведна, штогод будзе ачышчацца 50 га возера Чырвонае.

Пілотная ініцыятыва “Атрыманне высокаэфектыўных арганічных угнаенняў шляхам глыбокай перапрацоўкі сапрапелю”, якая рэалізуецца на тэрыторыі ААТ “Жыткавічыхімсэрвіс”, з’яўляецца адным з 23 пілотных праектаў і ініцыятыў праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН . Нацыянальным выканаўчым агенцтвам праекта з’яўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Даведка

Сапрапель – комплекснае аргана-мінеральнае ўгнаенне. Сухое рэчыва сапрапелю складаецца з дзвюх груп рэчываў – мінеральных і арганічных. Мінеральная частка сапрапелю прадстаўленая карбанатамі, фасфатамі, сульфатамі, якія з агранамічнага і біялагічнага пунктаў гледжання з’яўляюцца карыснымі, мінеральная частка сапрапелю змяшчае і мікраэлементы.

Сапрапелі прызначаныя для паскоранага павышэння ўрадлівасці розных тыпаў глеб, яны ўтрымліваюць усе пажыўныя рэчывы, неабходныя для развіцця раслін. Пасля ўнясення сапрапелю, значна паляпшаецца структура, гумусны стан, водна-фізічныя, аграхімічныя і біялагічныя ўласцівасці глеб, што забяспечвае павышэнне іх прадуктыўнасці. Сапрапель – экалагічна чысты тып угнаенняў па ўсіх параметрах, ён лёгка засвойваецца раслінамі.

Галіной прымянення сапрапелю з’яўляецца выкарыстанне іх не толькі ў якасці ўгнаенняў, але і ў якасці аргана-мінеральных сумесяў, сыравіны для прыгатавання буравых раствораў, кармавых дабавак пры вытворчасці камбікармоў.

Вядомы попыт на сапрапель складае больш за 260 000 тон у год. Асноўнымі спажыўцамі сапрапелю як арганічнага ўгнаення ў РБ з’яўляюцца прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу. Аргана-мінеральныя сумесі ў выглядзе пажыўных грунто, пастаўляюцца ва ўласныя гандлёвыя кропкі, у гандлёвыя кропкі ААТ “Гомельаблаграсэрвіс”, ТАА “БелЭкаСан” для рэалізацыі насельніцтву ў рознічным гандлі.

Другой значнай нішай для прадуктаў з сапрапелю з’яўляецца нафтагазавая галіна як Беларусі, так і Расійскай Федэрацыі, а таксама краін Еўрасаюза. Аб’ём гэтага рынка ў Рэспубліцы Беларусь ацэньваецца ў 20–30 тысяч тон у год. Асноўнымі спажыўцамі сапрапелю для буравых раствораў з’яўляюцца: РУП “Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта»” і ААТ “Гомельпрамбурвод”.