image2 25.03.2021

Падтрымка малога і сярэдняга бізнесу для ўстойлівага развіцця рэгіёнаў

Пераможцамі другога конкурсу ініцыятыў па развіцці прадпрымальніцтва сталі 32 ініцыятывы: 11 - у тэматычным кірунку “кластарныя ініцыятывы" і 21 ініцыятыва - у тэматычным кірунку “сацыяльна значныя”. У рамках іх рэалізацыі будуць створаны каля 150 працоўных месцаў, у тым ліку для людзей з інваліднасцю.

Рэалізацыя кластарных ініцыятыў будзе накіраваная на развіццё кааперацыйных адносін у сферы МСП, а таксама стварэнне ўстойлівых кластарных кропак росту ў галіне вытворчасці мэблі, вырошчвання ягаднай прадукцыі, аказання паліграфічных паслуг, турызму, рамесніцтва і інфармацыйных тэхналогій. У пілотных раёнах праекта будуць ўкаранёны і рэалізаваны наватарскія формы прадпрымальніцкай дзейнасці: стварэнне маркетплейсаў, лабараторый па вытворчасці інавацыйных прадуктаў, а таксама выкарыстанне квадракоптэраў у сельскай гаспадарцы.

Сацыяльна значныя ініцыятывы будуць адначасова развіваць бізнес і вырашаць сацыяльныя праблемы. У пілотных раёнах праекта будуць адкрыты прадпрыемствы па вытворчасці прадуктаў здаровага харчавання, а таксама ўкаранёны інавацыйныя метады вырашэння экалагічных праблем: вытворчасць біягумуса, перапрацоўка былога ва ўжыванні адзення, выраб папяровага посуду, а таксама вытворчасць 3D-вырабаў з перапрацаванага смецця і пластыка. Сярод пераможцаў конкурсу ёсць таксама ініцыятывы па развіцці сацыяльнага прадпрымальніцтва ў сферы турызму. Важны элемент працы сацыяльна значных ініцыятыў - пашырэнне даступнасці сацыяльных паслуг і медыцынскай дапамогі шляхам стварэння спецыялізаваных пляцовак і цэнтраў падтрымкі, а таксама магчымасцяў для працаўладкавання і сацыяльнай адаптацыі ўразлівых групаў насельніцтва.

У першым конкурсе ініцыятыў па развіцці прадпрымальніцтва, вынікі якога былі абвешчаныя ў лістападзе 2020 года, пераможцамі сталі 8 кластарных і 25 сацыяльна значных ініцыятыў. Такім чынам, па выніках 2-х конкурсаў ініцыятыў па развіцці прадпрымальніцтва на тэрыторыі 12 пілотных раёнаў праекта будуць рэалізаваныя 19 кластарных і 46 сацыяльна значных ініцыятыў.

“Развіццё рэгіёнаў з улікам унікальных канкурэнтных пераваг тэрыторый і стымулявання дзелавога патэнцыялу насельніцтва знаходзіцца ў фокусе інтарэсаў сацыяльна-эканамічнай палітыкі краіны на бліжэйшыя пяць гадоў. Ініцыятывы, што рэалізуюцца ў рамках праекта, зробяць уносак у вырашэнне гэтай задачы, стануць прыкладамі новых мадэляў прадпрымальніцтва, створаць новыя працоўныя месцы, дадуць магчымасць сацыяльна неабароненым групам насельніцтва ўдзельнічаць у эканоміцы краіны і атрымліваць даход”, - пракаментавала Ірына Бабачонак, Нацыянальны Каардынатар Праекта (Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь).

“Устойлівае эканамічнае развіццё немагчыма без моцнага прыватнага сектара. Ужо працуючыя малыя і сярэднія прадпрыемствы, а таксама маладыя прадпрымальнікі ствараюць аснову для развіцця прыватнага сектара, і, такім чынам, для ўстойлівага эканамічнага росту рэгіёнаў”, - адзначыў Дзірк Шубель, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі.

“Рэалізацыя ініцыятыў, якія перамаглі ў дадзеным конкурсе, будзе спрыяць павелічэнню колькасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў і іх ролі ў ВУП, забеспячэнню эканамічных магчымасцяў для сацыяльна слабых груп, у тым ліку жанчын і моладзі ў рэгіёнах, што адпавядае прыярытэтам эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь”, - сказала Аляксандра Салаўёва, Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі.

Азнаёміцца з поўным спісам пераможцаў і кароткім апісаннем ініцыятыў можна па спасылцы: https://bit.ly/3f8eax8

2-гі Конкурс ініцыятыў па развіцці прадпрымальніцтва прайшоў у рамках рэалізацыі праекту “Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.

Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі, калі ласка, звязвайцеся са спецыялістам праекта па сувязях з грамадскасцю Надзеяй Сінельнік па электроннай пошце nadzeya.sinelnik@undp.org