Пляцоўка размяшчаецца ў ажыўленай частцы горада па вуліцы Чапаева 67 і дзякуючы рэкламным шчытам заўважна здалёку. Яе адкрыла ГУП «Вілейская ЖКГ» пры падтрымцы Еўрапейскага саюза, каб стварыць для жыхароў зручныя ўмовы для збору старой бытавой тэхнікі, шкла, пластыка і паперы.
У дзень адкрыцця Вілейская ЖКГ раздавала падарункі ўсім, хто прынёс другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Сумкі, блакноты, шакаладкі і дзіцячыя кніжкі парадавалі некалькі дзесяткаў чалавек. Вілейчане здавалі старыя тэлевізары, мікрахвалёўкі, тэлефон, батарэйкі і многае іншае. На працягу дня было здадзена больш за 2 тоны другасных рэсурсаў. З іх старой бытавой тэхнікі – 400 кг.
Вітальныя словы гасцям мерапрыемства сказалі каардынатар праектаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Алена Ракава, намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Аляксандр Катовіч, выканаўчы дырэктар МГА «Экапартнёрства» Аліна Бушмовіч.
«Падчас правядзення праекта пры падтрымцы Еўрапейскага саюза зроблена вялікая праца па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ЖКГ і інфармацыйна-агітацыйнай работы па паасобнаму збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. Аналага ў Беларусі такому праекту няма, – падкрэсліў Аляксандр Катовіч. – Гледзячы на наш раён, жыллёва-камунальныя гаспадаркі іншых раёнаў могуць пераняць у нас вопыт і скарыстаць для сваіх раёнаў».
Пасля разразання чырвонай стужкі гасцей мерапрыемства чакала некалькі творчых нумароў ад Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Таксама Аліна Бушмовіч перадала набор інфармацыйных банераў пра правільнае абыходжанне з адходамі дырэктару ДУА «Сярэдняя школа №3 г.Вілейкі» Мікалаю Гіро. Менавіта гэта ўстанова перамагла ў конкурсе па зборы адпрацаваных батарэек у Вілейскім раёне ў 2019 годзе.
Практыка стварэння пунктаў для збору адходаў, якія можна адправіць на перапрацоўку, шырока распаўсюджана ў Еўропе. У Беларусі аналагічныя пляцоўкі ёсць толькі ў некалькіх гарадах, сярод якіх Мар'іна Горка і Бабруйск. Паасобны збор і перапрацоўка адходаў дазваляе зменшыць негатыўны ўплыў чалавека на навакольнае асяроддзе.
Пляцоўка для часовага захоўвання адходаў электрычнага і электроннага абсталявання і іншых другасных матэрыяльных рэсурсаў адкрыта ў рамках праекта «Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам.
На сродкі праекта для Вілейскага раёна набыты 243 кантэйнера для паасобнага збору адходаў, кантэйнеры для небяспечных адходаў, лінія прэсавання і цюкавання адходаў пластыка, вілачны пагрузчык, а таксама смеццявоз. Новае абсталяванне і актыўная інфармацыйная праца з жыхарамі дазволіла Вілейскай ЖКГ значна павялічыць збор другасных рэсурсаў. За першае паўгоддзе 2019 года сабрана 479 тон, што на 19 % больш, чым за аналагічны перыяд 2018 года. Цалкам за 2018 год было сабрана 909 тон ДМР, што на 12,3% болей, чым у 2017 і на 42,2% больш, чым у 2016.