image2 08.06.2022

Гарантыя высокай якасці і абсалютнай свежасці хлеба для кожнага пакупніка

Усім вядома, што хлеб – адзін з асноўных прадуктаў харчавання чалавека. Вытворчасць і продаж хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў з'яўляецца найбольш важным сацыяльна-значным напрамкам. У кошыку спажывання хлебабулачная прадукцыя складае каля 15%. Таму важна, каб хлеб быў смачны і бяспечны.

У невялікіх гарадах і сельскіх населеных пунктах асартымент хлебабулачных вырабаў даволі сціплы, часта ўзнікае пытанне якасці і свежасці. Дастаўка хлебабулачных вырабаў у сельскую мясцовасць часта ажыццяўляецца адзiн раз у 2-3 дні. У гандлёвых сетках і невялікіх крамах прысутнічае вялікі аб'ём прадукцыі, дзе выкарыстоўваюцца харчовыя дабаўкі для павелічэння тэрмінаў прыдатнасці. Гэта адмоўна ўплывае на здароўе людзей.

1.png

Для Сяргея Амельянчука, уладальніка пякарні “ДабрыняДар” у Кобрыне, якасны хлеб – гэта не проста бізнес, гэта – асацыяцыя з хатняй утульнасцю і цёплыя дзіцячыя ўспаміны. “Я нарадзіўся ў вёсцы. І як зараз памятаю, як па святах мама ставіла цеста, калі яно падыходзіла, адпраўляла яго ў печ. Дом напаўняўся пахам духмянага хлеба. Ужо дарослым я вырашыў выпякаць хлеб – натуральны, без хіміі і дабавак”, - распавядае Сяргей.

У 2014 годзе Сяргей Амельянчук пабудаваў пякарню. Спачатку выпякалі і прадавалі хлеб у магазінах Кобрына. Пасля асартымент пашырылі, дадалі булачныя і кандытарскія вырабы. Пашырылі і геаграфію продажаў - сталі вазіць хлеб на продаж у бліжэйшыя вёскі.

У 2020 у Кобрынскім раёне вытворцы хлебабулачных вырабаў вырашылі аб'яднацца ў галіновую асацыяцыю “Хлебныя рэцэпты”, каб зрабіць вытворчасць кожнага з іх больш рэнтабельнай. Імпульсам для аб'яднання стала высокая канкурэнцыя ў галіне, верагоднасць прыходу глабальных сеткавых рытэйлераў у Кобрын. Дзякуючы праекту “Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь" для асацыяцыі было закуплена высокатэхналагічнае абсталяванне для шокавага ахаладжэння хлебных паўфабрыкатаў і канчатковага выпякання іх на месцах. Былі распрацаваны 20 рэцэптур вытворчасці хлебабулачных вырабаў, складзены тэхналагічныя карты, навучаны тэхнолагі. Адпаведна, быў удасканалены працэс вытворчасці, захоўвання і лагістыкі, адкрыты новыя гандлёвыя кропкі. На дадзены момант асацыяцыя мае 17 гандлёвых кропак, якія пакрываюць 3 сельскія саветы, гэта больш за 15 вёсак, насельніцтва якіх больш за 8000 чалавек. У выніку павелічэння вытворчасці і колькасці гандлёвых кропак былі створаны 15 працоўных месцаў.

156606294_255743689485468_7211128405614752717_n.jpg

У рамках асацыяцыі была створана франшыза “Пякарня Хатняя", продажы якой на дадзены момант набіраюць абароты. Акрамя таго, асацыяцыя “Хлебныя рэцэпты” распрацавала адзіную анлайн платформу, якая дазваляе замовіць свежы хлеб і выпечку. Сёння на платформе можна зрабіць папярэднюю замову хлеба і выпечкі. У будучыні дастаўка будзе аператыўнай, на працягу гадзіны.

Для прафарыентацыі моладзі і стварэння рэзерву кадраў асацыяцыя праводзіць курсы па падрыхтоўцы повараў, пекараў, экспедытараў, сушы-майстроў. На сённяшні дзень навучанне прайшлі 24 чалавекі. Тыя, хто скончыў курсы, маюць магчымасць прайсці практыку і нават працаўладкавацца на прадпрыемствах асацыяцыі пры наяўнасці вакансій

Асацыяцыя сур'ёзна ставіцца да якасці сваёй прадукцыі і харчовай бяспекі. Усе пастаўшчыкі праходзяць строгую сістэму адбору, тавары, якія пастаўляюцца, павінны быць высокай якасці і адпавядаць патрабаванням НАССP – сістэме харчовай бяспекі, якую пякарня “ДабрыняДар” укараніла ў 2015 годзе. У 2022 годзе кампанія распрацавала і зарэгістравала ў Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДзІСС) Тэхнічныя ўмовы на вытворчасць, захоўванне, перавозку і рэалізацыю кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў, а таксама атрымала Дэкларацыю адпаведнасці тэхнічным рэгламентам аб бяспецы харчовай прадукцыі Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэтыя два дакументы таксама сталі пацвярджэннем высокай якасці і адпаведнасці патрабаванням харчовай бяспекі прадукцыі асацыяцыі. “У якасці інгрэдыентаў мы выкарыстоўваем шмат мясцовых прадуктаў - джэм, тварог, яблыкі і іншае. Наша прадукцыя не захоўваецца доўга, і гэта, вядома, дадае складанасцяў са збытам. Але для нас вельмі важна, каб спажыўцы атрымлівалі смачны і карысны для здароўя прадукт. Мы ствараем моцны і вядомы брэнд, назва якога будзе гарантыяй высокай якасці і абсалютнай свежасці”, - гаворыць Сяргей Амельянчук.

Ініцыятыва “Хлебная справа - новыя магчымасці" рэалізуецца ў рамках праекта “Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.