Першы модуль адукацыйнага курса «Школа менеджэраў», арганізаванага ў межах еўрапейскага праекта «Вучыцца, каб дзейнічаць», прайшоў з 26 па 30 мая 2017 г. у Валожынскім раёне Мінскай вобласці. Удзел у семінары прынялі 24 менеджары мясцовых і рэгіянальных грамадскіх арганізацый, занятых у сферы дадатковай і нефармальнай адукацыі, з усіх абласцей Беларусі.
Тэма семінара гучала як «Уводзіны ў дадатковую, нефармальную і грамадзянскую адукацыю. Маркетынг адукацыйных праграм». Беларускія трэнеры Вераніка Садоўнікава, Леанід Каліценя і Васіль Пронь прадставілі ўдзельнікам структуру адукацыйнага сектара Беларусі і месца ў ёй нефармальнай адукацыі, разабралі тэарэтычныя асновы і практычныя інструменты маркетынгу і менеджменту адукацыйных праграм, асвятлілі розныя падыходы да грамадзянскай адукацыі ў Беларусі.
Асобны блок семінара быў прысвечаны прадстаўленню вопыту Германіі: эксперт з Народнага універсітэта г.Кам (Баварыя) Моніка Дирфельд пазнаёміла ўдзельнікаў з галоўнымі элементамі германскай сістэмы адукацыі на працягу ўсяго жыцця і падзялілася сакрэтамі праектавання адукацыйных праграм для дарослых.
Адукацыйны курс «Школа менеджэраў» накіраваны на паляпшэнне кампетэнцый спецыялістаў мясцовых і рэгіянальных грамадскіх арганізацый з усіх рэгіёнаў Беларусі ў распрацоўцы і прасоўванні праграм дадатковай, нефармальнай і грамадзянскай адукацыі, а таксама выкарыстанні сучасных каналаў камунікацыі.
У межах Школы запланавана правядзенне яшчэ двух пяцідзённых семінараў: «Праектны менеджмент і кіраванне» (5-9 ліпеня 2017 г.), «Сеткавае ўзаемадзеянне, адвакатаванне і выкарыстанне сучасных каналаў камунікацыі» (25-29 жніўня 2017 г.).