image2 29.06.2018

Новы праект пры фінансавай падтрымцы ЕС дапаможа стварыць у Беларусі сетку «зялёных школ» і пашырыць маніторынг атмасфернага паветра

У Беларусі зарэгістраваны новы праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі, накіраваны на пашырэнне маніторынгу якасці навакольнага асяроддзя, перш за ўсё, атмасфернага паветра, шляхам павышэння патэнцыялу сеткi «зялёных школ». Праект «Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні» («Зялёныя школы») будзе рэалізаваны Праграмай развіцця ААН у Беларусі ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. Бюджэт праекта складае 3,5 млн еўра.

У межах чатырохгадовага праекта будуць створаны рэсурсныя цэнтры па «зялёных школах», праведзены конкурс экалагічных ініцыятыў, па выніках якога будуць абраныя для рэалізацыі 10-20 ініцыятыў.

Мерапрыемствы праекта будуць накіраваныя, ў тым ліку, і на ўцягванне ў дзейнасць па маніторынгу якасці навакольнага асяроддзя асоб з інваліднасцю. Дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў» будзе пілотным аб'ектам для тэставання праграм навучання "Зялёныя школы" ва ўстановах падобнага тыпу.
Праект «Зялёныя школы» таксама падтрымае Орхускія цэнтры Рэспублікі Беларусь.

Праект ахопiць усе шэсць абласцей Беларусі і горад Мінску, дзе пры ўдзеле арганізацый грамадзянскай супольнасці на базе «зялёных школ» будуць створаны экалагічныя клубы, што дасць магчымасць уключыць грамадскасць у мерапрыемствы па маніторынгу якасці атмасфернага паветра.