Напярэдадні Дня Зямлі Вілейка атрымала новы смеццявоз і больш за 100 кантэйнераў для раздельнага збору смецця. Урачыстая цырымонія перадачы тэхнікі, набытай на грошы Еўрапейскага саюза, прайшла на Вільяніным хутары на Вілейшчыне 21 красавіка.
Набыццё новай тэхнікі стала адным з мерапрыемстваў праекта ЕС “Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай”, які рэалізуецца МГА “Экапартнёрства”, Вілейскім і Іўескім райвыканкамі, а таксама БТАС.
Зусім не вясновае надвор'е вілейчанам і гасцям са сталіцы кампенсавала святочная атмасфера сустрэчы. Прадстаўнікоў Дэлегацыі Еўрапейскага саюза і МГА “Экапартнёрства” сустрэлі румяным караваем у суправаджэнні ўзорнага духавога аркестра Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў.
Прывітальныя словы ўдзельнікам прамовіла каардынатар праектаў Еўрапейскага саюза па экалогіі і энергетыцы Алена Ракава і старшыня МГА “Экапартнёрства” Юлія Яблонская.

− Праект накіраваны на ўзмацненне інфраструктуры па абыходжанні з адходамі ў раёне, павышэнне інфармаванасці жыхароў па рэсурса- і энергазберажэнні, паляпшэнню працы сектара ЖКГ, − адзначыла Алена Ракава. – Мы ўскладаем на Вілейку вялікія надзеі і ўпэўнены, што новы смеццявоз, а таксама кантэйнеры еўрапейскага ўзору для раздзельнага збору смецця, трохгадовы праект дапаможа яго жыхарам у далучэнні да экалагічнага ладу жыцця.
Чырвоную стужку, якая сімвалізавала перадачу тэхнікі, разам з гасцямі перарэзалі намеснік дырэктара Вілейскага райвыканкама Генадзь Касцевіч і дырэктар ДУП “Вілейскага ЖКГ” Віктаў Паўлоўскі. Таксама Алена Ракава перадала ключы ад смеццявоза ДУП “Вілейскага ЖКГ”.

Каб прадэманстраваць, як будзе выкарыстоўвацца новая тэхніка, кіроўца смеццявоза пад'ехаў для пляцоўукі з еўракантэйнерамі і выгрузіў змесціва аднаго з іх у кузаў.
Смеццявоз можна будзе лёгка пазнаць на вуліцах Вілейкі па налепках на кузаве са слоганам «Хопіць смецце памнажаць! Лепш яго рассартаваць!». На Еўракантэйнерах таксама размешчаны налепкі, якія будуць падказваць вілейчнам, якія адходы трэба ў іх выкідаць.

Пасля ўрачыстай цырымоніі госці адправіліся ў ДУА “Сярэдняя школа №3 г.Вілейкі”, дзе змаглі папрысутнічаць на ўроку, прысвечаным абыходжанню з адходамі. Госці ўручылі вучням маляўнічыя дзіцячыя кнігі аб адходах.



