image2 20.06.2018

У Пухавіцкім раёне адкрылі пляцоўку для збору электронных і электрычных адходаў ад насельніцтва

19 чэрвеня 2018 года ў Мар’інай Горцы ўрачыста адкрылі пляцоўку для збору электронных і электрычных адходаў. Стварэнне такога аб’екта зробіць сістэму збору адходаў электроннага і электрычнага абсталявання больш зручнай для жыхароў.

Цяпер жыхары змогуць самастойна адвезці старую бытавую тэхніку на пляцоўку ў зручны для іх час, а не чакаць, калі камунальныя службы змогуць забраць іх электронныя і электрычныя адходы. Акрамя таго, на пляцоўцы будуць размяшчацца кантэйнеры для пластыку, паперы, шкла, ртуцьзмяшчальных лямпаў, таму за адну паездку можна вывезці з дома ўсё адсартаванае смецце.

Пляцоўка знаходзіцца на тэрыторыі станцыі сартавання цвёрдых бытавых адходаў УП “Жылцепласэрвіс” па вул. Кастрычніцкая, 131, г. Мар’іна Горка. Знайсці пляцоўку лёгка па яркіх банэрах, якія ўпрыгожваюць яе сцены.
У адкрыцці пляцоўкі ўзяла ўдзел праграмны менеджар Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Тару Кернісала, старшыня МГА “Экапартнёрства” Юлія Яблонская, дырэктар УП “Жылцепласэрвіс” Іосіф Кучко і прадстаўнікі СМІ.

– Праца па абыходжанні з адходамі за апошнія некалькі гадоў у Пухавіцкім раёне ўдасканаленая. З аднаго боку гэта вынік таго, што пытанні абыходжання з адходамi з’яўляюцца адным з прыярытэтаў на нацыянальным узроўні, але дзякуючы праекту, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам, многія рэчы ўдалося зрабіць хутчэй, грунтуючыся на міжнародных падыходах, – падкрэсліла Юлія Яблонская. – Праца па абыходжанні з адходамі ў рамках еўрапейскіх праектаў у Пухавіцкім раёне пачалася ў 2010 годзе, калі была распрацаваная стратэгія абыходжання з камунальнымі адходамі, тады яна была першай у краіне. Калі паглядзець сёння, то ўжо многае з запланаванага ў стратэгіі рэалізавалася.
puch3.jpg
Пасля ўступных слоў і пераразання чырвонай стужкі гасцям паказалі, як пляцоўка абсталяваная ўнутры. Яна падзеленая на тры блокі: у адным жыхары змогуць пакінуць старую тэхніку, у другім – батарэйкі, у трэцім – пластык, паперу і шкло. На кантэйнерах размешчаны наклейкі, якія падказваюць, што і куды выкідаць.

Затым госці мерапрыемства наведалі ДУА “Ананіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”, якая перамагла ў конкурсе па зборы адпрацаваных элементаў сілкавання сярод устаноў адукацыі Пухавіцкага раёна. Журналісты змаглі пагутарыць з самымі актыўнымі па зборы батарэек школьнікамі і паглядзець на кантэйнер для кампаставання арганічных адходаў, які таксама з’явіўся ў школе дзякуючы праекту. Калектыў школы з яго дапамогай атрымлівае з скошанай травы і іншых зялёных адходаў каштоўнае ўгнаенне.

Адкрыццё пляцоўкі з’яўляецца адным з мерапрыемстваў праекта Еўрапейскага саюза, накіраванага на развіццё сферы абыходжання з адходамі ў Пухавіцкім раёне. За 2,5 гады рэалізацыі праекта ў грамадскіх месцах усталяваныя кантэйнеры для збору адпрацаваных батарэек, набыты мікрааўтобус для збору электронных і электрычных адходаў у сельскай мясцовасці, бульдозер для ліквідацыі стыхійных звалак і створаныя іншыя элементы інфраструктуры, якія робяць сістэму збору адходаў у раёне больш зручнай і экалагічнай.

Паляпшэнне інфраструктуры па абыходжанні з адходамі суправаджаецца шырокай інфармацыйнай працай з жыхарамі раёна: праводзяцца конкурсы, акцыі і семінары, выдадзеныя брашуры і плакаты, усталяваныя тэматычныя білборды.
Мерапрыемствы праводзяцца пры падтрымцы праекта “Развіццё паслуг у сферы кіравання адходамі для сельскага насельніцтва Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Партнёрамі праекта выступаюць Пухавіцкі райвыканкам і МГА “Экапартнёрства”.

Фотаздымкі: Павел Шніп (газета “Мінская праўда”) і МГА “Экапартнёрства”