image2 07.09.2017

Даступны Брэмен – урокі для Беларусі

З 21 па 25 жніўня адбыўся адукацыйны візіт удзельнікаў працоўнай групы ў межах мерапрыемстваў праекту “Валожын без бар’ераў” у нямецкі горад Брэмен. Мы сабрали самыя карысныя урокі, якія дапамогуць беларускім гарадам стаць даступнымі.

Як дыялог уладаў і жыхароў горада змяняе грамадскі транспарт?

Актыўнае жыццё ў такім вялікім горадзе, як Брэмен (каля 500 000 жыхароў) немагчыма без выкарыстання грамадскага транспарту. Важным штрушком да адаптацыі транспартнай інфраструктуры горада стала, у першую чаргу, ініцыятыва саміх жыхароў. Прадстаўнікі брэменскага трамвайнага акцыянернага таварыства адзначылі, што кожнае прадпрыемства лічыць кожны еўра і ня будзе закупаць новае абсталяванне, калі самі жыхары ня будуць прасіць аб гэтым. Напрыклад, у 90-х гадах грамадскія арганізацыі звярнуліся да ўладаў Брэмена з просьбай абсталяваць транспарт пад’ёмнымі ліфтамі. Цяпер жыхары гораду ня могуць уявіць Брэмен без транспарту з пад’ёмнікамі.

Мясцовыя улады намагаюцаа зрабіць усе трамвайныя прыпынкі ў цэнтры Брэмена максімальна даступнымі для людзей з інваліднасцю. Але жыхары хочуць прыпынкі такімі, каб для уваходу ў транспартны сродак ня трэба было карыстацца пад’ёмнікамі або пераадольваць прыступкі. Патрэбы жыхароў горада дыктуюць умовы для вытворцаў трамваяў - пастаўляць гораду адаптаваны для маламабільных людзей транспарт.

Гараджанам і турыстам – даступныя музеі

Вялікі адсотак эканомікі завязаны на турызме. Жыхары Германіі аддаюць перавагу падарожжам па сваёй краіне, а 14% насельніцтва краіны маюць інваліднасць. Таму музеі Брэмена імкнуцца да даступнасці. Напрыклад, марскі музей стварыў тэставую экспазіцыю з дапамогай гукаў, пахаў і відэа. Дзверы ў выставачнай залі электрыфікаваныя, і ў яе можна прыйсці з дапамогай ліфта.

museum.jpg

Таксама для слабых на зрок і татальна невідушчых ёсць рэльефная падлога, каб яны маглі лягчэй арыентавацца ў прасторы. Увесь год супрацоўнікі музея праводзяць экскурсіі для людзей з інваліднасцю і пасля абмяркоўваюць разам з удзельнікамі, ці было ім зручна і што неабходна палепшыць.

Усё пра даступнасць інфраструктуры – на адным сайце

На афіцыйным сайце горада - bremen.de - ёсць гід па даступнасці аб’ектаў гарадской інфраструктуры. Сярод іх - дзяржустановы, аб’екты сацыяльнай сферы, адукацыі, грамадскага харчавання, медыцыны, транспарта, культуры і рэлігіі. Установы фільтруюцца па даступнасці для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, слыху, слабых на зрок и татальна невідушчых, людзей з ментальнай інваліднасцю.

Актывісты правяраюць кожны аб’ект з базы і пазначаюць, якія ў якой ступені даступныя тыя ці іншыя месцы. Напрыклад, галоўны ўваход ў гасцініцы даступны для людзей, якія перасоўваюцца на вазках, а нумары - не. Такая інфармацыя таксама ёсць на гэтым сайце.

Германія зачыняе інтэрнаты для людзей з інваліднасцю?

Цікава, што Германія імкнецца да таго, каб пазбавіцца ад інтэрнатаў для людзей з інваліднасцю і максімальна інтэграваць іх у грамадства. Брэменская арганізацыя Martinsclub таксама працуе ў гэтым напрамку. Напрыклад, у адным з кварталаў Брэмена ёсць дом, дзе жывуць людзі з ментальнымі парушэннямі. Кватэры, у якіх яны жывуць, зроблены па прынцыпе безбар’ернага асяроддзя. Акрамя таго, Martinsclub стварае працоўныя месцы. Яны запусцілі рэстаран Marie Weser, дзе 40% супрацоўнікаў - людзі з інваліднасцю. Сам рэстаран працуе ва ўмовах вольнага рынку.

Таксама улады Брэмена намагаюцца прытрымлівацца канцэпцыі “простай мовы” (easy language). Згодна гэтай канцэпцыі інфармацыя павінна дублявацца з дапамогай спрошчанных сказаў - каб людзі з ментальнымі парушэннямі таксама маглі зразумець напісанае. Напрыклад, сайты усіх дзяржаўных устаноў горада маюць “easy language” версію.

Атрыманыя ў ходзе візіту падыходы і метады удзельнікі будуць выкарыстоўваць у якасці мадэлі для правядзення мерапрыемстваў праекту “Валожын без бар’ераў”