image2 21.09.2017

Мерапрыемствы па адаптацыі гарадоў да змены клімату: рэкамендацыі і прыклады

Падчас распрацоўкі планаў па ўстойліваму энергетычнаму развіццю і клімату прадстаўнікі гарадоў-падпісантаў Пагаднення мэраў часта сутыкаюцца з недахопам інфармацыі аб кліматычных зменах, якія прагназуюцца для іх тэрыторыі. На круглым стале, які прайшоў 15 верасня 2017 года ў Чавусах спецыялісты падказалі, дзе браць інфармацыю, і далі шэраг рэкамендацый па планаванню мерапрыемстваў па адаптацыі да змены клімату.

У круглым стале, арганізаваным МГА «Экапартнёрства» сумесна з РСЭГА "Жывое Партнёрства" і Чавускім райвыканкамам, прынялі ўдзел прадстаўнікі Быхаўскага, Слаўгарадскага, Краснапольскага, Клічаўскага, Вілейскага, Мастоўскага і Чавускага раёнаў. Запрошаны эксперт з МГА «Экапраект» Марыя Фалалеева зрабіла кароткі агляд на тэму змянення клімату ў Беларусі. Сярод тэндэнцый яна адзначыла, што ў перыяд з 2010 да 2039 гадоў прагназуецца павелічэнне сярэднегадавой тэмпературы паветра на 1°С, адбудзецца з'яўленне новых агракліматычных зон на поўдні краіны і іх зрушэнне на поўнач, паступовая змена тыпаў лясоў, змяненне рэжыму ападкаў і рост колькасці неспрыяльных з'яў надвор'я. Кліматычныя змены паўплываюць на розныя галіны ‒ ад сельскай гаспадаркі да аховы здароўя. Паводле ацэнак Сусветнага банка эканамічныя страты, абумоўленыя ўздзеяннем неспрыяльных і небяспечных з'яў у Беларусі, ужо складаюць у сярэднім 93 млн. долараў у год (у коштах 2005 года). Сумарная частка кліматазалежных галін у эканоміцы Беларусі перавышае 41% ад вытворчасці ВУП.

Пры аналізе і прагназаванні кліматычных змен у пэўным раёне Марыя Фалалеева параіла карыстацца такімі крыніцамі, як

• Шостае нацыянальнае паведамленне Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з абавязацельствамі па РКЗК ААН (2015);

• Стратэгія адаптацыі сельскай гаспадаркі РБ да змен клімату (праект) (2017, праект ЕС СlimaЕast);

• Нацыянальны даклад: уразлівасці і адаптацыя да змен клімату ў Беларусі (2014, праект ЕС Сlimate Forum East);

• Навуковыя справаздачы (ацэнкі рызык паводак у басейнах рэк, стратэгія адаптацыі ў басейне р. Нёман);

• Мясцовыя стратэгіі адаптацыі да змен клімату Чавусаў, Моталя і Спорава (2017, праект ЕС Сlimate Forum East, МГА «Экапраект»);

• Сайт рэспубліканскага гідраметэацэнтра (дадзеныя шматгадовых назіранняў за надвор'ем).

Ацэнкі кліматычных рызык, уразлівасці і магчымасцяў, зробленыя на нацыянальным і рэгіянальным узроўні, з'яўляюцца асновай для аналізу магчымых наступстваў змены клімату на мясцовым узроўні. Тым не менш трэба ўлічваць мясцовую спецыфіку і асноўныя сектары эканомікі на канкрэтнай тэрыторыі.

На гэты час мясцовыя планы адаптацыі да змены клімату распрацаваны толькі для трох населеных пунктаў Беларусі (Чавусаў, Спорава і Моталя), але яны могуць служыць арыенцірам для іншых гарадоў. Гарады-падпісанты Пагаднення мэраў узялі на сябе абавязацельствы не толькі скараціць выкіды парніковых газаў, але і скласці план адаптацыі да змены клімату ў рамках Плана дзеянняў па ўстойліваму энергетычнаму развіццю і клімату.

IMG_1337.JPG

Эксперт прадставіла інфармацыю аб асноўных прагнозах кліматычных змяненняў па абласцях Беларусі. Напрыклад, для Магілёўскай вобласці Марыя Фалалеева адзначыла, што ў сярэднетэрміновай перспектыве будзе назірацца паляпшэнне ўмоў для сельскай гаспадаркі, але гэта будзе суправаджацца паступовым ростам рызыкі засух і патрэбнасці ў абрашэнні зямель. Чакаецца рост прадуктыўнасці збожжавых і памяншэнне пасадак бульбы і лёну за кошт больш паўднёвых відаў.

На круглым стале была разгледжана методыка Пагаднення мэраў па складанні Плана дзеянняў па ўстойліваму энергетычнаму развіццю і клімату (ПДУЭРК). Марыя Фалалеева і спецыяліст па энэргетычных праектах МГА "Экапартнёрства" Наталля Андрэенка адзначылі важнасць стварэння мясцовай рабочай групы з удзелам розных зацікаўленых бакоў і прызначэння адказнага, які будзе каардынаваць працу над складаннем ПДУЭРКа і збіраць інфармацыю з розных крыніц. У час мерапрыемства ва ўдзельнікаў была магчымасць папрацаваць над запаўненнем шаблону ПДУЭРКа для свайго раёна і атрымаць каментары экспертаў.

На круглым стале быў прадстаўлены паспяховы вопыт горада Чавусы, дзе створана міжгаліновая група па адаптацыі да змен клімату. Адным з найбольшых рызык для Чавускага раёна з'яўляецца зніжэнне ўзроўню грунтовых і паверхневых вод, скарачэнне колькасці артэзіянскай вады. Рабочая група правяла аналіз і рэкамендавала шэраг тэхнічных, інфармацыйных і прафілактычных мер. Напрыклад, была ўкаранёна сістэма інтэлектуальнага кіравання працай артэзіянскіх свідравін, што дазволіла знізіць страты паднятай вады. У якасці прафілактычнай меры мясцовыя актывісты прапанавалі ўкараняць выкарыстанне дажджавой вады для паліву агародаў. Поспех тэхнічных і прафілактычных мерапрыемстваў напрамую залежыць ад сістэмы інфармавання жыхароў, у сувязі з чым у Чавусах быў створаны інфармацыйны цэнтр «Вада і энергія», які праводзіць навучальныя заняткі па рэсурсазберажэнню.

Кіраўнік МЭГА «ЭНДО» Андрэй Пахоменка распавёў аб несуцяшальных высновах, да якіх прыйшла яго арганізацыя пасля аналізу Генеральнага плана Чавус да 2025 года. Паводле яго слоў, прапісаныя мяжы зялёных зон часта не адпавядаюць рэальнасці, у горада адсутнічае зялёны каркас, хоць здымкі на мясцовасці паказваюць вялікую колькасць зялёных зон. Нечаканым для многіх стаў той факт, што на генплане захаваліся тэрыторыі, адведзеныя пад грамадскія агароды. У стварэнні на іх аснове грамадскіх прастор Андрэй Пахоменка бачыць вялікі патэнцыял для адаптацыі горада да змен клімату. У бліжэйшы час у Чавусах пачне дзейнічаць эксперыментальная пляцоўка «Грамадская прастора ‒ «Гарадскі агарод». Мясцовыя жыхары ўжо актыўна выкарыстоўваюць такія экатэхналогіі, як кампаставанне раслінных рэшткаў, добраўпарадкаванне домікаў для насякомых, збор дажджавой вады на паліў.

IMG_1256.JPG

Удзельнікі круглага стала змаглі азнаёміцца ​​з інфармацыйным цэнтрам «Вада і энергія», створаным у рамках праекта Еўрапейскага саюза «Сістэма аўтаматызацыі працэсу ўліку выдаткаванай энергіі і вады: беражыце ваду». Менеджэр праекта Ганна Шэндарава распавяла аб мерапрыемствах праекта, сярод якіх удасканаленне тэхналогіі біаачысткі сцёкаў і мадэрнізацыя цэнтральнага каналізацыйнага калектара, а таксама дыспетчарызацыя свідравін.

На круглым стале таксама быў прадстаўлены вопыт ДУА «Асінаўскае КПК дзіцячы сад ‒ сярэдняя школа Чавускага раёна», дзе на прышкольным участку развіваюць экалагічную сельскую гаспадарку, а ў будынку ‒ асновы рэсурсазберажэння.

Круглы стол «Мерапрыемствы па адаптацыі да змен клімату ў рамках Пагаднення мэраў» праводзіўся пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза (праект «Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» ў Беларусі») і Праграмы падтрымкі Федэральнага ўрада Германіі (праект «Экалагічны менеджмент як інструмент нарошчвання патэнцыялу мясцовай супольнасці ў інтарэсах яго ўстойлівага развіцця»).