image2 10.05.2022

Цэнтр падтрымкі аграэкапрадпрымальніцтва ў Бярозаўскі раёне: новыя магчымасці для сельскіх жыхароў

У красавіку 2022 года ў вёсцы Стрыгінь Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці адкрыўся Цэнтр падтрымкі аграэкапрадпрымальніцтва. Гэты цэнтр унікальны для Беларусі па наборы паслуг для прадпрымальнікаў. 

Жыхары раёна могуць прайсці тут навучанне аграэкатэхналогіям, прынцыпам зялёнай эканомікі, асновам вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці і фінансавай пісьменнасці. Тут таксама прадпрымальнікам могуць даць насенне і саджанцы, з імі падзеляцца інавацыйнымі тэхналогіямі работы з сельскагаспадарчымі культурамі, навучаць іх будаваць цяпліцы і садовыя гадавальнікі.

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці цэнтра – дапамога прадпрымальнікам у перапрацоўцы і рэалізацыі вырашчанай прадукцыі. Для гэтага створаны цэнтр калектыўнага карыстання абсталяваннем. Закупілі сушыльныя шафы, 30-ярусныя сушыльныя апараты, сыраварні, пастэрызатары, сепаратары, маслабойку, сіропагатавальны кацёл, алейны прэс, бочку для ферментацыі траў, слайсер, вакуумны ўпакоўшчык, сокавыціскалку і іншае абсталяванне. Скарыстаць абсталяванне для перапрацоўкі сыравіны можна бясплатна. Неабходна толькі заключыць дамову і стаць партнёрам Цэнтра.

Акрамя гэтага, Цэнтр прадастаўляе інфармацыйную і кансультацыйную падтрымку для мясцовых прадпрымальнікаў (не датычыцца ліцэнзуемых відаў дзейнасці), дапамагае ў распрацоўцы бізнес-мадэляў і дакументаў па развіццю бізнесу.

За 2020 -2022 гады ў рамках рэалізацыі ініцыятывы «Стварэнне і развіццё цэнтра падтрымкі аграэкапрадпрымальніцтва»: 

- 100 чалавек навучыліся ў Цэнтры; 

- не менш за 5 тон гатовай аграэкапрадукцыі было рэалізавана; 

- 60 жыхароў раёна заняліся вырошчваннем сельскагаспадарчых культур на ўмовах самазанятасці; 

- 10 дзеючых прадпрымальнікаў сталі партнёрамі Цэнтра.

Натхняльніцай стварэння Цэнтра і яго дырэктарам з'яўляецца Наталля Строк. Наталля мае багаты досвед вядзення бізнесу. Яна таксама з'яўляецца генератарам ідэй і валодае надзвычайным уменнем убачыць перспектыўныя магчымасці для самазанятасці.

Мы марым, каб Бярозаўскі раён асацыяваўся з вытворчасцю карыснай і экалагічна чыстай прадукцыі. З гэтай мэтай мы аб'ядноўваем прадпрымальных людзей, якія маюць цікавыя ідэі, але не ведаюць, як увасобіць іх у жыццё. Пры неабходнасці мы іх навучаем, дапамагаем, каб ідэя ператварылася ў канчатковы вынік, вучым прасоўваць прадукт, каб ён дайшоў да пакупніка. У цэнтры прадпрымальнікі будуць аб'ядноўвацца, каб быць карыснымі адно аднаму. Мы павінны кааперавацца, а не канкурыраваць”, - пракаментавала Наталля Строк, дырэктарка Цэнтра падтрымкі аграэкпрадпрымальніцтва.

У рамках праекта “Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” у Бярозаўскім раёне рэалізуюцца 14 ініцыятыў на агульную суму 563 498 даляраў ЗША. Цэнтр падтрымкі аграэкапрадпрымальніцтва ў вёсцы Стрыгінь - адна з такіх ініцыятыў. Акрамя таго, праект падтрымлівае 1 кластарную ініцыятыву, 5 сацыяльна-значных і 7 прадпрымальніцкіх ініцыятыў. Рэалізацыя ініцыятыў дае штуршок развіццю рэгіёна, магчымасць для самазанятасці мясцоваму насельніцтву, а значыць і дадатковы даход вяскоўцам. Дзякуючы рэалізацыі ініцыятыў у раёне створана 45 новых працоўных месцаў, у тым ліку 36 для жанчын.

Ініцыятыва "Стварэнне і развіццё цэнтра падтрымкі аграэкапрадпрымальніцтва" рэалізавана ў рамках праекта "Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.

Бярозаўскі раён мае вялікі патэнцыял для аграэкавытворчасці. Калі ёсць ідэя, не бойцеся спрабаваць. У цэнтры падтрымкі прадпрымальніца вам падкажуць, дапамогуць і на справе дакажуць, што ўменне працаваць на роднай зямлі - гэта каштоўны рэсурс, якім важна ўмець карыстацца. Мы жадаем, каб вы ведалі аб новых эканамічных магчымасцях! Мы жадаем, каб вы ганарыліся сваім раёнам, сваім сялом і бераглі сваю зямлю!

Наталля Строк, дырэктарка Цэнтра падтрымкі аграэкапрадпрымальніцтва

Партнёрамі ініцыятывы выступілі Бярозаўскі раённы выканаўчы камітэт, Стрыгіньскі сельскі выканаўчы камітэт, ДПУ “Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Спораўскі”, кампанія DARY NATURY, ДУ “Бярозаўскі ТЦСДН”.