23 сакавіка 2017 адбылася сустрэча партнёраў па падвядзенню вынікаў праекта «Адукацыя адчыняе дзверы», накіраванага на пашырэнне даступнасці адукацыі для асуджаных.

Дзякуючы рэалізаваным у ходзе праекта 6 адукацыйным міні-праектам, каля 600 асуджаных з 6 папраўчых устаноў Гомельскай вобласці прынялі ўдзел у разнастайных адукацыйных праграмах.

Падчас рэалізацыі праекта ўдзельнікі змаглі набыць прафесіі: «Пячнік», «Аператар ЭВМ», «Зваршчык на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах», «Цырульнік», «Майстар па манікюры і візажыст». Асуджаныя набылі навыкі працы на камп’ютары, планавання асабістага бюджэту, бесканфліктных паводзін. Набылі досвед валанцёрскай дзейнасці і навучання іншых асуджаных (на прынцыпах роўны навучае роўнага).

23 асуджаныя жанчыны сталі студэнткамі і ўпершыню ў Рэспубліцы Беларусь набылі магчымасць атрымліваць вышэйшую адукацыю ў месцах пазбаўлення волі (дыстанцыйнымі чынам).
Для арганізацыі адукацыйнага працэсу ў папраўчых установах было падрыхтавана (адрамантавана і абсталявана) 10 навучальных класаў. Навучанне праходзіла з прыцягненнем спецыялістаў з устаноў адукацыі, камерцыйных і грамадскіх арганізацый.

Падчас праведзенай выніковай сустрэчы яе ўдзельнікі (прадстаўнікі папраўчых устаноў, устаноў адукацыі, партнёрскіх арганізацый) неаднаразова адзначалі важную ролю адукацыйных праграм у падрыхтоўцы асуджаных да сацыялізацыі ў грамадстве, а таксама зніжэнне канфліктнасці і парушэнняў сярод тых, хто праходзіў навучанне.

Павысілі узровень сваіх ведаў дзякуючы праекту таксама і спецыялісты пенітэнцыярнай сістэмы. Усяго 125 чалавек прынялі ўдзел у адукацыйных семінарах, курсах, навучальных паездках, прысвечаных пытанням права на адукацыю, тэорыі і практыкі адукацыі дарослых, міжнародных практык навучання асуджаных.

Падрабязныя вынікі праекта зафіксаваны ў выніковай справаздачы, якая сабрала дадзеныя пра дасягненні праекта і змяненне стаўлення асуджаных і спецыялістаў да праблематыкі навучання на працягу ўсяго жыцця ў папраўчых установах.

Адным са стратэгічных дакументаў праекта сталі Гомельскія Рэкамендацыі па развіцці адукацыі ў пенітэнцыярных установах Рэспублікі Беларусь, якія абмеркавалі і прынялі падчас выніковай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў лістападзе 2016 г. Дадзены дакумент ўключае рэкамендацыі па ўдасканаленні нарматыўнай прававой базы ў сферы адукацыі асуджаных, павышэнні якасці арганізацыі і правядзення навучання ў пенітэнцыярнай сістэме, развіцці навукова-метадычнага суправаджэння навучальна-выхаваўчай дзейнасці, абмене досведам і ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва.



