image2 04.03.2021

У Мінску абмеркавалі больш амбіцыйную мэту Беларусі па скарачэнню выкідаў парніковых газаў у рамках Парыжскага пагаднення

Праграма развіцця ААН у Беларусі (ПРААН) сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (Мінпрыроды), а таксама Прадстаўніцтвам Еўрапейскага Саюза ў Беларусі (ЕС) 25 лютага 2021 года правяла рабочую сустрэчу* па абмеркаванні другога Нацыянальна-вызначанага ўнёску Рэспублікі Беларусь (НВУ) у рамках Парыжскага пагаднення.

Найбуйнейшае ў свеце апытанне грамадскай думкі па пытаннях змянення клімату, якое было праведзена ПРААН і апублікавана 27 студзеня 2021 года, паказала, што 64% ​​насельніцтва ўсяго свету лічыць змяненне клімату надзвычайнай сітуацыяй глабальнага характару. У 2016 годзе Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Парыжскае пагадненне па клімаце і ўзяла на сябе абавязацельства па скарачэнні выкідаў парніковых газаў. Тым самым вызначыла свой Нацыянальна-вызначаны ўнёсак – скараціць аб'ём выкідаў CO2 на 28% да 2030 года ў параўнанні з узроўнем 1990 года. Пры гэтым кожныя 5 гадоў абавязацельства павінна пераглядацца на больш амбіцыйнае.

«ПРААН высока цэніць выкананне Рэспублікай Беларусь абавязацельстваў па скарачэнні выкідаў парніковых газаў, а таксама павышэнне амбітнасці Нацыянальна-вызначанага ўнёску. Гэта становіцца магчымым у тым ліку дзякуючы садзейнічанню ПРААН у выкананні Кліматычнага абяцання, эфектыўнага інструмента па падтрымцы павышэння амбітнасці краін у галіне змены клімату. Мы разглядаем нізкавугляроднае развіццё як нашу агульную задачу, дасягнуць якой можна толькі сумеснымі намаганнямі. Гэтая праца павінна весціся ў цесным супрацоўніцтве з усімі зацікаўленымі бакамі, уключаючы навуковую супольнасць і бізнес, на розных узроўнях і ў розных галінах – энергетыцы, прамысловасці, сельскай і лясной гаспадарках. Тут падкрэслю важнасць ўцягнутасці нацыянальнага партнёра Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, а таксама ўсіх падведамных арганізацый. Мы таксама рады, што Еўрапейскі Саюз дзеліцца з намі практычным вопытам і аказвае ўсебаковую падтрымку», - адзначыла Пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва.

«У адпаведнасці з Парыжскім пагадненнем па клімаце, Беларусь і іншыя краіны Ўсходняга партнёрства зараз актыўна працуюць над абнаўленнем сваіх Нацыянальна-вызначаных унёскаў, а таксама над усталяваннем мэтаў у галіне змякчэння наступстваў і адаптацыі да змены клімату. У рамках праекта «ЕС для клімату» Еўрапейскі Саюз дапамагае Беларусі ў дасягненні пастаўленых мэтаў шляхам абмену міжнародным вопытам, лепшымі практыкамі і рашэннямі праблем, якія могуць паўстаць у ажыццяўленні гэтых планаў», - падкрэсліў Томас Стравінскас, Кіраўнік праграм Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі.

Працуючы ў цесным супрацоўніцтве з партнёрамі – Праграмай ААН па навакольным асяроддзі, Глабальным экалагічным фондам, Глабальнай праграмай падтрымкі, Праграмай малых грантаў і іншымі стратэгічнымі партнёрамі, каманда экспертаў па НВУ распрацавала і прадставіла на разгляд магчымыя сцэнарыі для вызначэння больш амбіцыйнай мэты, у параўнанні з папярэдняй, па скарачэнні выкідаў парніковых газаў у Рэспубліцы Беларусь да 2030 года.

На рабочай сустрэчы прадстаўнікі ЕС, ПРААН, Мінпрыроды, міністэрстваў і падведамных арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў, недзяржаўных арганізацый, навуковай супольнасці, міжнародныя і нацыянальныя эксперты па НВУ разгледзелі вынікі праведзенай працы па вызначэнні другога НВУ Рэспублікі Беларусь да 2030 года, а таксама абмеркавалі тэхнічныя і эканамічныя перспектывы планавання, якія закладаюцца ў кожны сцэнарый зніжэння выкідаў CO2. Эксперты падзяліліся вынікамі звядзення прагнозаў выкідаў парніковых газаў, а таксама параўнальным аналізам амбітнасці меркаванага НВУ з іншымі краінамі.

У бліжэйшы час пасля правядзення рабочай сустрэчы плануецца калегіяльнае ўзгадненне другога Нацыянальна-вызначанага ўнёску, які ў далейшым будзе прадстаўлены ў Сакратарыят Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату.
*Сустрэча была арганізавана ў рамках рэалізацыі праекта ЕС/ПРААН «ЕС для клімату», нацыянальным партнёрам якога з'яўляецца Мінпрыроды. Мэтай праекта з'яўляецца інтэграцыя задач па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і па ўстойлівасці да змены клімату ў палітыку развіцця Рэспублікі Беларусь.

Даведка аб праекце «ЕС для клімату»:

Праект «ЕС для клімату» аказвае дапамогу Ўраду Рэспублікі Беларусь у барацьбе са зменай клімату. Гэты праект падтрымлівае краіну ў рэалізацыі Парыжскага пагаднення па клімаце і ва ўдасканаленні кліматычнай палітыкі і заканадаўства. Яго мэта – абмежаваць уплыў змены клімату на жыццё грамадзян і зрабіць іх больш устойлівымі да такой змены. Праект «ЕС для клімату» фінансуецца Еўрапейскім Саюзам (ЕС) і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН).