Астатнія 78 супрацьпяхотных мін СФМ-1 будуць знішчаны 5 красавіка 2017 г. на беларускай ваеннай інжынернай базе, якая знаходзіцца каля г. Рэчыца (Гомельская вобласць).
Знішчэнне рэшты супрацьпяхотных мін СФМ-1 будзе ключавым момантам цырымоніі, прысвечанай завяршэнню праекта, рэалізаванага пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, мэтай якога з’яўляецца аказанне дапамогі Рэспубліцы Беларусь у ліквідацыі асобных, найбольш небяспечных касетных боепрыпасаў з вадкім выбуховым рэчывам.
Рэспубліка Беларусь пачала знішчэнне сваіх запасаў супрацьпяхотных мін пасля далучэння да Канвенцыі аб забароне прымянення, накаплення запасаў, вытворчасці і перадачы супрацьпяхотных мін і аб іх знішчэнні (Атаўская канвенцыя 2003 года).
У краіне знаходзілася каля 3,4 мільёны супрацьпяхотных мін СФМ-1, якія засталіся ў спадчыну ад СССР. Для іх бяспечнага знішчэння Рэспубліка Беларусь звярнулася да сусветнай супольнасці з просьбай пра аказанне ёй тэхнічнай і матэрыяльнай дапамогі.
У 2011 годзе Еўрапейскі саюз падпісаў кантракт на 3,9 мільёны еўра з іспанскай кампаніяй EXPAL, што стварыла ўнікальны мабільны завод з камерай халоднай дэтанацыі. Тэхналогія, распрацаваная адмыслова для знішчэння боепрыпасаў з вадкім выбуховым рэчывам, дазваляе бяспечна ўтылізаваць хімічныя кампаненты, якія ўваходзяць у іх склад, і астатнія адходы. Праект рэалізаваны ў поўнай адпаведнасці з беларускімі і еўрапейскімі экалагічнымі стандартамі.
Генерал-маёр Воінаў А. Л., начальнік Дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочнік Міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва, будзе кіраваць правядзеннем цырымоніі закрыцця.
Таксама на мерапрыемстве будуць прысутнічаць: Андрэа Віктарын, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь, кіраўнікі місій краінаў-членаў Еўрапейскага саюза, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, а таксама адмірал (у адстаўцы) Францыска Тарэнтэ, старшыня савета дырэктараў кампаніі-выканаўцы праекта EXPAL.