Паляпшэнне бізнес-клімату і ўмацаванне прыдпрымальніцтва ў Беларусі -- асноўныя мэты дзвюх кансультацыйных праграм развіцця прыватнага сектару, сумесна запушчаных сёння Еўрапейскім саюзам і Групай сусветнага банка.
«Мы імкнемся прынесці канкрэтную карысць беларускім прадпрыемствам шляхам рэалізацыі ініцыятыў па павышэнні канкурэнтаздольнасці сектару, а таксама шляхам нарошчвання патэнцыялу розных устаноў, уключна з Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, Нацыянальным агенцтвам па інвестыцыях і прыватызацыі, а таксама Цэнтрам дзяржаўна-прыватнага партнёрства», — сказала кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.
Фінансаваная ЕС праграма тэхнічнай дапамогі з бюджэтам у 4,8 мільёны еўра, якая будзе ажыццёўлена Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця, накіравана на актывізацыю росту прыватнага сектару ў Беларусі. У межах праекта Сусветны банк будзе аказваць кансультацыйную дапамогу ў такіх сферах, як развіццё малога і сярэдняга бізнесу, прыцягненне і ўтрыманне інвестыцый, а таксама падрыхтоўка сістэмы беспапяровага гандлю.
«Сярод іншага, Сусветны банк будзе кансультаваць па пытаннях прыцягнення прыватных інвестыцый для фінансавання грамадскай інфраструктуры і паслуг (дзяржаўна-прыватнага партнёрства), абапіраючыся на перадавыя сусветныя практыкі, -- сказаў кіраўнік Прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер. -- Прыватнае фінансаванне, падтрыманае надзейнымі інвестыцыйнымі пагадненнямі, мае вялікае значэнне для забеспячэння беларусаў надзейнай інфраструктурай».
Новая кансультацыйная праграма МФК па павышэнні канкурэнтаздольнасці Беларусі, сумесна фінансаваная Еўрапейскім саюзам і Шведскім агенцтвам міжнароднага развіцця, накіравана на прыцягненне экспертнай падтрымкі ўрада ў скарачэнне расходаў пры вядзенні бізнесу. Гэта будзе дасягнута дзякуючы дэрэгуляванню, удасканаленню рэгуляцыйнага кіравання і зніжэнню расходаў прыватнага сектару, звязаных з ацэнкай адпаведнасці і сертыфікацыяй тавараў у міжнародным гандлі.
«Сёння мы запускаем новую праграму МФК, каб дапамагчы ўдасканаліць нацыянальную палітыку ў галіне канкурэнцыі і ўкараненне прынцыпаў канкурэнцыі пры рэфармаванні заканадаўства ў мэтах актывізацыі росту прыватнага сектару, -- сказаў Кіраўнік Глабальнай практыкі па пытаннях кіравання фінансамі і рынкамі ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі Групы Сусветнага банка Рольф Берндт. -- Яна будуецца на нашай папярэдняй працы па аказанні дапамогі ў спрашчэнні заканадаўства ў галіне бізнесу і ўдасканаленні асяродку для вядзення бізнесу ў краіне. У бліжэйшы час мы засяродзім высілкі на асобных прыярытэтных сектарах эканомікі для выяўлення заканадаўчых абмежаванняў і аказання дапамогі ў складанні дарожнай карты для распрацоўкі заканадаўчых актаў, накіраваных на развіццё канкурэнтнага рынку. Гэтая праца з’яўляецца часткай нашых больш шырокамаштабных намаганняў у Беларусі па падтрымцы развіцця прыватнага сектару, стварэння працоўных месцаў і стымулявання доўгатэрміновага эканамічнага росту».
За апошнія дзесяць гадоў Беларусь значна прасунулася ў рэфармаванні свайго базавага заканадаўства ў галіне бізнесу. Тым не менш, шматлікія ўдасканаленні не прывялі да заўважнага развіцця прыватнага сектару, а таксама малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Праекты як такія павінны ў доўгатэрміновай перспектыве забяспечыць эканамічныя палітыку і практыку, якія прыцягвалі б прамыя інвестыцыі і стымулявалі б развіццё рынку на карысць усіх беларусаў.