Як правільна і эканамічна рэарганізаваць гарадскую прастору з зялёнымі насаджэннямі? Наколькі эфектыўным апынуўся зялёны дах, пабудаваны ў Мар'інай Горцы? Якія мерапрыемствы па паляпшэнню гарадской інфраструктуры можна ў бліжэйшы час рэалізаваць у Вілейцы, абмеркавалі на трэнінгу "Зялёныя зоны гарадоў: новыя падыходы і ўдзел насельніцтва". Мерапрыемства прайшло 25 ліпеня ў Вілейцы і сабрала прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, жыллёва-камунальных службаў, грамадскіх арганізацый і актыўных грамадзян.
Аб асновах зялёнага горадабудаўніцтва распавяла старэйшы выкладчык кафедры горадабудаўніцтва архітэктурнага факультэта БНТУ Паліна Вардэванян. Яна акрэсліла асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія гарады. Сярод іх залішняе асфальтаванне, вырошчванне чужых для беларускай мясцовасці раслін, а таксама неадпаведнасць заканадаўчай базе.
У сваёй прэзентацыі яна прывяла дадзеныя пра тое, колькі метраў зялёных насаджэнняў павінна прыходзіцца на чалавека, напрыклад, у жылой забудове нарматыўныя дакументы прадугледжваюць 10-11 кв.м. зялёных насаджэнняў.
- Зразумела, што грошай на азеляненне не хапае ні ў каго, але нам толькі неабходна змяніць маштаб амбіцый. Напрыклад, забудоўваць горад і арганізоўваць яго прастору мэтазгодна і кампактна, дазваляць насельніцтву ўдзельнічаць у азеляненні сваімі сродкамі, нават праз краўдфандзінг (заўв. збор сродкаў праз калектыўнае фінансаванне), - адзначыла Паліна Вардэванян.
Ландшафтны дызайнер Ігар Куталоўскі ў сваім выступе прапанаваў некалькі рашэнняў па праблемных пытаннях азелянення гарадоў:
- Для таго, каб "расфарбаваць" горад, не трэба многа. Усяго толькі высадзіць густыя масівы роднага беларускага разнатраўя (герані лясной, канюшыны, павоя, мышынага гарошка, вераса, рамонка і г.д.), хмызнякоў і павойных раслін (тыпу гартэнзіі, клематіса, бэза) і дрэў (таполяў, ліпы, дуба, вярбы), - даў рэкамендацыі дызайнер.
Падчас трэнінгу ўдзельнікі пазнаёміліся з рознымі грамадскімі ініцыятывамі, якія дапамагаюць палепшыць знешні выгляд гарадоў і ўмовы пражывання ў іх. Напрыклад, ініцыятыва "Гарадскі ляснічы" накіравана на стварэнне пераліку значных прыродных аб'ектаў (дрэў, валуноў, крыніц і г.д.), што спрыяе стварэнню экамаршрутаў і развіцця беларускага турызму. На сайце кампаніі можна паглядзець і спампаваць брашуру з ужо гатовай экавандроўкай па Мінску.
На трэнінгу старшыня ПРГА "Пухавіцкі край" Міхаіл Дубовік распавёў аб стварэнні зялёнага даху ў ДУА "Мар'інагорская гімназія", які цяпер радуе вучняў і педагогаў, а таксама выконвае важную функцыю адаптацыі горада да змены клімату.
Адна з прадстаўленых грамадскіх кампаній "Зробім Мінск зялёным" накіравана на вяртанне зеляніны на прывакзальную плошчу. Прадстаўнік ініцыятывы Алег Ларычаў распавёў, што ўжо створана петыцыя, распачата кампанія па збору сродкаў, а таксама ідзе праца над стварэннем тэматычных мультфільмаў.
Удзельнікі трэнінгу змаглі папрацаваць у групах па такіх тэмах, як "Захаванне дрэў", "Зялёны маршрут Вілейкі" і "Азеляненне мікрараёна Паўночны". У выніку групавой працы былі падрыхтаваныя планы па рэалізацыі ідэй для пілотных ініцыятыў у Вілейцы.
Мерапрыемства прайшло пры падтрымцы праекта Еўрапейскага саюза "Патрэба ў эфектыўным кіраванні жыллёва-камунальнай гаспадаркай", які рэалізуецца МГА "Экапартнёрства", БГАП, Іўеўскім і Вілейскім райвыканкамамі.