У 2017 годзе Генеральная асамблея ААН абвясціла 20 траўня Сусветным днём пчол. Гэта зроблена з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы вымірання папуляцыі гэтых насякомых. Колькасць пчол у свеце скарачаецца хуткімі тэмпамі. Іх выміранне адбываецца з-за забруджвання атмасферы, выкарыстання пестыцыдаў і хімічных рэчываў на сельскагаспадарчых палях, хвароб пчол. Калі працэс будзе ісці гэтакімі ж тэмпамі, гэта прывядзе да значнага змяншэння ўраджайнасці, зніжэння эфектыўнасці сельскай гаспадаркі.
Наша гісторыя – пра тое, як у Беларусі павялічваюць папуляцыю пчол, і як пчалярства дапамагае беларусам вярнуцца да сваіх каранёў і знайсці сваё прызванне.
Ідэя дапамагчы развіццю пчалярства і садаводства на Брагіншчыне з'явілася ў каманды ўстановы “Майстэрня інавацыйных тэхналогій” некалькі гадоў таму. “Для жыхароў Брагіншчыны (самай паўднёвай кропкі Беларусі) садаводства і пчалярства гістарычна былі папулярнымі відамі дзейнасці. Аднак у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС садовы край паступова страчваў свае пазіцыі. З-за высокай верагоднасці адсялення з Чарнобыльскай зоны думаць аб доўгатэрміновых укладаннях не даводзілася. Калі ж стала магчымым вярнуцца да ранейшага ўкладу жыцця, паўстала пытанне аб наяўнасці фінансавых магчымасцяў”, - распавядае Ўладзімір Аляксандронец, дырэктар “Майстерні інавацыйных тэхналогій”.
На стыку традыцыйнага і новага ў рамках праекта “Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” узнікла сацыяльна-значная ініцыятыва “Брагінская сота: дапамога сельскаму бізнесу, дапамога людзям”. Пчолы і сад – два ўзаемазвязаныя прыродныя аб'екты, якія наўпрост уплываюць на працу адно другога, і даюць прыродны сінергетычны эфект. Каб гэта кааперацыя працавала, у рамках ініцыятывы мясцовым фермерскім гаспадаркам была аказана дапамога ў закладцы саду і стварэнні міні-вытворчасці па перапрацоўцы яблыкаў на яблычныя чыпсы і сухафрукты, а таксама запушчана лінія па разліву і фасоўцы мёду і пчолапрадуктаў. Ініцыятыва таксама распрацавала анлайн-платформу, якая ўключае адукацыйны анлайн-цэнтр і сайт-вітрыну.
Для пачаткоўцаў распрацаваны навучальныя відэакурсы па пчалярстве і садаводству. Першы відэакурс распавядзе ўсё аб уладкоўванні вулляў, біялогіі пчалінай сям’і, прафілактыцы і лячэнні хваробаў пчол, неабходным для пчалярства абсталяванні, прадуктах пчалярства. Другі відэакурс распрацаваны для тых, хто хоча стаць садаводам. На курсе можна даведацца аб планіроўцы садовай дзялянкі, выбары саджанцаў і падрыхтоўцы глебы, тэхналогіях пасадак, зборы і захоўванні ўраджаю і шмат іншага. Выкарыстоўваючы сайт-вітрыну, пчаляры і садаводы могуць прадаваць сваю прадукцыю.
Рэзультаты ініцыятывы “Брагінская сота: дапамога сельскаму бізнесу, дапамога людзям” за 2020-2021 годы:
20 мясцовых жыхароў набылі навыкі працы на пчальніку і лініі па разліве мёду, працы ў садзе і на вытворчасці яблычнай прадукцыі.
50 мясцовых жыхароў атрымалі кансультацыі і прынялі ўдзел у майстар-класах па аднаўленні яблыневых насаджэнняў і доглядзе за садам.
90 чалавек прайшлі анлайн-курсы па садаводству і пчалярству.
6 новых працоўных месцаў для людзей з сацыяльна-уразлівых катэгорыяў насельніцтва створана.
Закладзены новы сад з 1500 яблынь.
12 садовых насаджэнняў абноўленыя.
Створаная міні-вытворчасць фруктовых чыпсаў і лінія па разліве мёду з'яўляюцца дэманстрацыйнымі пляцоўкамі, дзе мясцовыя жыхары могуць прайсці навучанне і скарыстацца паслугамі.
Дзякуючы інфармацыйна-адукацыйным мерапрыемствам фарміруецца супольнасць аматараў садаводства і пчалярства. І пачаткоўцы і дасведчаныя жыхары маюць магчымасць камунікаваць і падтрымліваць адзін аднаго.
“Прыемна ўсведамляць, што ініцыятыва робіць свой унёсак у вырашэнне глабальнага выкліку па захаванні і памнажэнню папуляцыі пчол. За 2021 год партнёры ініцыятывы павялічылі колькасць сваіх пчоласем’яў у 1,5 разы. Ініцыятыва важная і для эканомікі раёна: жыхары атрымліваюць магчымасць дадатковага даходу, для некаторых - гэта шанец змяніць дзейнасць і стаць садаводамі, пчалярамі”, - адзначае каардынатар ініцыятывы Ўладзімір Аляксандронец.
Ініцыятыва “Брагінская сота: дапамога сельскаму бізнесу, дапамога людзям” рэалізуецца ў рамках праекта “Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.