Сонечныя калектары дазволяць практычна цалкам закрыць патрэбы яслі-сада № 1 у гарачай вадзе, па меншай меры, у цёплую пару года. Спецыялісты адзначаюць: у добрае сонечнае надвор’е ў Беларусі за суткі можна атрымаць 10 кілават-гадзін энергіі з аднаго квадратнага метра. Гэта значыць, што з красавіка па кастрычнік да 80 адсоткаў неабходнай дзіцячаму саду вады будзе нагрэта менавіта сонцам.
Калектары з’явяцца ва ўстанове дашкольнай адукацыі менавіта таму, што яна загружана цэлы год і, у адрозненні ад школ, сады не робяць перапынкаў на лета. Менавіта летам звычайна атрымліваецца “ўзяць” максімальную карысць з абсталявання – выкарыстоўваць сонца на 100 адсоткаў.
– Усталёўка сонечных калектараў для нагрэву вады – гэта таксама выдатнае рашэнне і для ўстаноў іншага тыпу – тых, што ў асноўным працуюць сезонна, у асноўным летам. Для курортнага Браслава гэта, напрыклад, базы адпачынку, санаторыі, лагеры, аграсядзібы. Яны могуць выкарыстоўваць гэтае рашэнне з сонечнымі калектарамі, – адзначае каардынатар праекта ад Цэнтра экалагічных рашэнняў Дзмітрый Буронкин. – Для Браслаўскага раёна, які прасоўвае сябе як турыстычны і першы кліматычна нейтральны рэгіён, – гэта ідэальна. Для насельніцтва – гэта добры дэманстрацыйны ўзор выкарыстання аднаўляльнай энергіі на мясцовым узроўні.
Такія станоўчыя змены сталі магчымыя дзякуючы рэалізацыі ў рэгіёне праекта «Браслаўскі раён – першы кліматычна нейтральны муніцыпалітэт Беларусі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Браслаўскім райвыканкам і Цэнтрам экалагічных рашэнняў.
