image2 11.04.2023

Чысціня, утульнасць і клопат

У Лідскім раёне з'явілася прадпрыемства, аналагаў якому няма ў іншых раёнах Беларусі. Адным яно дапамагае скарыстацца паслугамі клінінгу і гігіенічнага догляду, а іншым – атрымаць першы досвед працы на сябе. Вытворчы кааператыў «УЧысціні» – вынік рэалізацыі ініцыятывы па падтрымцы жаночага прадпрымальніцтва «Сацыяльнае прадпрыемства па аказанні клінінгавых паслуг і паслуг гігіенічнага догляду за немабільнымі грамадзянамі».

kl.jpg

Фота ініцыятывы «Сацыяльнае прадпрыемства па аказанні клінінгавых паслуг і паслуг гігіенічнага догляду за немабільнымі грамадзянамі»

Ідэю стварэння кааператыва рэалізавалі на практыцы некалькі арганізацый, сярод якіх Лідская раённая арганізацыя грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» і Лідскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН). Праца сфакусавалася на жанчынах, якім цяжка канкураваць на рынку працы праз адсутнасць прафесійнай адукацыі і спецыяльных навыкаў і вопыту, а таксама на тых, хто жадаў бы мець дадатковы прыбытак.

Ідэя атрымала падтрымку ў межах конкурсу ініцыятыў, арганізаванага праектам «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь.

st2.jpg

Ганна Сергіевіч, псіхолаг Лідскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, удзельніца ініцыятывы

Фота: Яна Бондар/ПРААН

Урокі прадпрымальніцтва

Важным кампанентам ініцыятывы былі адукацыйныя мерапрыемствы па павышэнні бізнес-кампетэнцый патэнцыйных прадпрымальніц Лідскага раёна.

– Мы запрасілі далучыцца да ініцыятывы жанчын, якія задумваліся ці марылі пра ўласную справу, але з розных прычын не маглі наблізіцца да рэалізацыі сваёй ідэі, – распавядае псіхолаг Лідскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ганна Сергіевіч. – Тады мы прапанавалі магчымасць даведацца, як распачаць свой бізнес і весці яго пры далейшай падтрымцы ментараў.

Суразмоўца згадвае: на першы форум прадпрымальніц, які арганізавала каманда ініцыятывы, прыйшлі каля сотні ўдзельніц. «Не хапае ведаў», «не ведаю і баюся», «няма свабодных матэрыяльных сродкаў» ‒ тое, што ўдзельніцы часцей за ўсё называлі ключавымі бар'ерамі на шляху да прадпрымальніцтва і што было пакладзена ў аснову адукацыйнага блока.

Чатыры месяцы выкладчыкі Лідскага каледжа працавалі з групай з 20 матываваных жанчын. Заняткі па асновах бізнесу праходзілі на базе тэрытарыяльнага цэнтра, дзе, дарэчы, пры фінансавай падтрымцы праекта адна з аўдыторый была забяспечана камп'ютарнай тэхнікай. Удзельніцы мелі магчымасць прайсці дзве стажыроўкі на базе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. ‒ На працягу ўсяго часу мы таксама прапаноўвалі суправаджэнне ў адкрыцці ўласнага бізнесу, ‒ удакладняе Ганна.

st4.jpg

Для ініцыятывы была набыта мабільная ванная сістэма з душам для ляжачых хворых

Фота ініцыятывы

Ёсць попыт – з'явілася прапанова

Іншым кампанентам ініцыятывы сталася стварэнне сацыяльнага прадпрыемства па аказанні клінінгавых паслуг (прыбіранне памяшканняў) і паслуг гігіенічнага догляду за немабільнымі грамадзянамі.

Ідэя дадаць сацыяльны складнік належыць Лідскаму ТЦСАН, куды перыядычна прыходзяць запыты ад сем'яў на прыбіранне (спецыялізаваных кампаній у горадзе няма, многія замаўлялі клінінг у Гродне) і дадатковы догляд за сваяком. Сярод патэнцыйных кліентаў ‒ тыя, хто з розных прычын часова страціў здольнасць перасоўвацца. Часам у сем'яў проста няма сродкаў на якасны догляд за маламабільным сваяком: хтосьці працуе, хтосьці «не быў гатовы», а хтосьці фізічна не даваў рады.

Для людзей з абмежаванай мабільнасцю звычайныя гігіенічныя працэдуры накшталт прыняцця ванны і мыцця галавы выклікаюць шмат складанасцяў, і такіх людзей у раёне нямала. Сёння ў раёне жыве каля шасці тысяч людзей з інваліднасцю, з іх больш за дзвесце ўвесь час карыстаюцца інваліднымі вазкамі. Яшчэ прыкладна дзве сотні штогод выпісваюцца з раённай бальніцы ў стане малой мабільнасці (няхай нават часовай) з прычыны хвароб і траўмаў. Да гэтай групы можна дадаць і людзей старэйшага веку, якія таксама схільны мець праблемы з перасоўваннем, а разам з гэтым страчваць здольнасць самастойна сябе абслугоўваць. Усё гэта сведчыць пра патэнцыйна высокі попыт на паслугі сацыяльнага прадпрыемства.

Для працы ініцыятыва плануе прыцягваць выпускніц адукацыйнай праграмы, якія жадаюць працаваць на сябе, але пакуль не наважваюцца рэалізоўваць свае ўласныя бізнес-праекты. Акрамя бізнес-трэнінгаў, жанчыны прайшлі курс навучання па асаблівасцях працы з маламабільнымі людзьмі.

Некалькі месяцаў яны вывучалі спецыфіку догляду: заглыбляліся ў асаблівасці псіхалагічнага ўзаемадзеяння, адпрацоўвалі навыкі першай медыцынскай дапамогі. Лідчанкі засвойвалі таксама кінестэтыкс ‒ перадавую сістэму догляду за людзьмі з парушэннем рухальнай актыўнасці, якая дазваляе эфектыўна і без шкоды для ўласнага здароўя перасоўваць маламабільных людзей, дапамагае захоўваць і развіваць рухальныя кампаненты чалавека, адаптаваць навакольнае асяроддзе і шукаць індывідуальныя спосабы дапамогі чалавеку падчас перасядання з інваліднага вазка, замены падгузніка, пасцельнай бялізны і іншых гігіенічных маніпуляцый.

st5.jpg

Набыты ў межах рэалізацыі ініцыятывы электрычны пад'ёмнік дазваляе падняць чалавека і перамясціць у патрэбнае месца ‒ у інвалідны вазок, у ванну

Фота ініцыятывы

Спрасціць і падтрымаць

Асаблівы гонар Ганны Сергіевіч у тым, што дзякуючы фінансавай падтрымцы праекта ў раёне з'явілася найноўшае абсталяванне для догляду маламабільных людзей.

– Мы набылі электрычны пад'ёмнік, які можна выкарыстоўваць нават у малагабарытных кватэрах. Ён дазваляе націсканнем кнопкі падняць чалавека і перамясціць яго ў патрэбнае месца ‒ у інвалідны вазок, у ванну. Такая тэхніка проста незаменная ў многіх сем'ях, дзе ёсць дарослыя ляжачыя, ‒ прыводзіць прыклад Ганна. Набыты надзіманыя ванначкі, якія дазваляюць вымыць галаву, не падымаючы чалавека з ложка.

– Акрамя таго, у нас з'явілася мабільная сістэма з душам. Яна дапамагае памыць і высушыць чалавека, не падымаючы і не перасоўваючы яго ў прасторы. Гэтая тэхніка забяспечвае камфорт для нерухомага кліента, а таксама значна палягчае працу жанчыны, якая аказвае паслугу, ‒ распавядае пра тэхналагічныя ноу-хау Ганна.

Мы набылі таксама ўсё, што трэба для якаснага аказання паслуг па прыбіранні кватэр і дамоў: пыласосы, парагенератары, прафесійную бытавую хімію для розных патрэб.

– Жанчыны, якія паўдзельнічалі ў ініцыятыве, змогуць карыстацца ўсім гэтым бясплатна. Выдаючы ім абсталяванне для прыбірання, мы даем магчымасць паспрабаваць працаваць на сябе, не робячы ніякіх матэрыяльных укладанняў. Такая падтрымка вельмі важная для многіх, бо, як мы памятаем, часта менавіта праз недахоп грошай нашы жанчыны не могуць распачаць сваю справу, ‒ тлумачыць Ганна.

Паводле задумы, ініцыятыва вырашае як сацыяльныя праблемы раёна, так і эканамічныя: адны атрымліваюць патрэбную замоўленую паслугу, іншыя даюць яе – і такім чынам рэалізуюць свой патэнцыял і атрымліваюць прыбытак.

– Мы спадзяемся, што не менш за пяць удзельніц ініцыятывы з нашай падтрымкай знойдуць свой шлях у прадпрымальніцтве: або на базе нашага прадпрыемства, або самастойна, ‒ падсумоўвае Ганна.

st3.jpg

Алеся Панцюхова, удзельніца ініцыятывы

Фота: Яна Бондар/ПРААН

«Сама б не наважылася!»

Прыемным бонусам ініцыятывы сталася тое, што ў Лідзе ўтварылася цудоўная згуртаваная каманда актыўных жанчын. Самі ўдзельніцы ініцыятывы прызнаюцца: падчас заняткаў не толькі вучыліся, але і паспелі пасябраваць. Кажуць, што адчуваюць сябе «амаль сям'ёй» і з радасцю сустракаюцца, абменьваюцца ідэямі.

Алеся Панцюхова, адна з удзельніц ініцыятывы, распавядае: – Падчас пандэміі каранавіруса я працавала санітаркай у шпіталі. Тады я ўпершыню сутыкнулася з вялікай колькасцю людзей, якім патрэбна дапамога: у кагосьці інваліднасць, нехта ў паважным веку. Ведаеце, цяжка працаваць з чалавекам, які амаль не рухаецца. Ва ўсіх розныя характары: нехта пажартуе, а нехта і накрычыць.

Тым не менш, я прыняла рашэнне не кідаць добрай справы. Хачу стаць часткай сацыяльнага прадпрыемства, якое сфармавалася на базе тэрытарыяльнага цэнтра. У цэлым вельмі радая, што далучылася да ініцыятывы: падчас навучання набыла новыя навыкі па розных кірунках. Радая, што спецыялісты патлумачылі, як карэктна паводзіць сябе з людзьмі, якія маюць інваліднасць, як размаўляць, каб не пакрыўдзіць. Што да тэмы прадпрымальніцтва, то практычна ўсе заняткі былі для мяне вельмі карысныя. Я з вялікім задавальненнем наведвала заняткі па фінансавай граматнасці.

І яшчэ мяне матывуе праца ў групе і падтрымка выкладчыкаў. Я, мусіць, ніколі не паглядзела б у бок прадпрымальніцтва, калі б ішла адна, а тут адчуваю калектыўнае «Алеся, давай, давай!».

Сацыяльна значная ініцыятыва «Сацыяльнае прадпрыемства па аказанні клінінгавых паслуг і паслуг гігіенічнага догляду за немабільнымі грамадзянамі» рэалізавана ў межах праекта «Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам эканомікі. У межах праекта падтрымку атрымалі 40 сацыяльна значных ініцыятыў у 12 раёнах краіны.

Сацыяльна значныя ініцыятывы спрыяюць мясцоваму развіццю праз вырашэнне сацыяльна важных праблем і павышэнне ўзроўню жыцця мясцовых жыхароў. Падтрымка сацыяльна значных ініцыятыў спрыяе выкананню дзяржаўных праграм «Сацыяльная абарона на 2021-2025 гг.», «Рынак працы і садзейнічанне занятасці на 2021-2025 гг.». Такія ініцыятывы дапамагаюць прадстаўнікам уразлівых груп насельніцтва пачаць бізнес, ствараючы тым самым працоўныя месцы і генеруючы прыбытак. Для людзей з інваліднасцю і людзей сталага веку такія ініцыятывы паляпшаюць даступнасць і якасць медыцынскіх і рэабілітацыйных паслуг і спрыяюць сацыяльнай адаптацыі.