image2 13.09.2018

Роварныя мерапрыемствы да Еўрапейскага тыдня мабільнасці. Не прапусціце!

З 16 па 22 верасня ва ўсім свеце праходзіць Еўрапейскі тыдзень мабільнасці – міжнародная кампанія, якая праводзіцца для павышэння дасведчанасці аб устойлівай гарадской мабільнасці. У рамках ЕТМ ў Мінску пройдзе цэлы фестываль роварных мерапрыемстваў. Фіксуйце сабе ў каляндарыкі, каб не прапусціць.

1.jpg

20 верасня. Прэзентацыя даследавання аб выгадзе ровара для горада і гараджан

20 верасня ў 19.00 на пляцоўцы EventSpace (вул. Кастрычніцкая, 16/3) адбудзецца прэзентацыя даследавання  «Ацэнка сацыяльна-эканамічнага эфекту ровара ў горадзе. У чым выгада веларуху для горада і гараджан?». Даследаванне праведзена Беларускай асацыяцыяй экспертаў і сюрвеераў на транспарце па замове Мінскага роварнага таварыства ў 2018 годзе. Уваход на мерапрыемства бясплатны, але па папярэдняй рэгістрацыі.

Чаму ў Даніі, Галандыі і Францыі веласіпедыстаў заахвочваюць грашовыя кампенсацыі? Як Еўрасаюз штогод зарабляе 513 мільёнаў еўра на раварыстах? Чым будаўніцтва веласіпеднай інфраструктуры выгадна аўтамабілістам? Колькі трэба грошай, каб зрабіць Мінск раем для веларуху? На гэтыя і многія іншыя пытанні эксперты з Расіі, Фінляндыі, Бельгіі і Беларусі адкажуць на прэзентацыі, а таксама прадставяць свежыя дадзеныя беларускіх і замежных даследаванняў пра ўплыў раварыстаў на эканоміку горада.

У прэзентацыі возьмуць удзел:

Юрый Важнік, старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце, Беларусь.

Канстанцін Панамароў, рэферэнт Прадстаўніцтва Фонду імя Фрыдрыха Эберта (Германія).

Пека Такхола, кансультант гарадской адміністрацыі Оулу (Фінляндыя).

Хольгер Хауболд, супрацоўнік эканамічнай і падатковай палітыкі Еўрапейскай федэрацыі веласіпедыстаў (Бельгія).

Павел Гарбуноў, старшыня праўлення Мінскага веласіпеднага таварыства.

2.jpg

21 верасня. Веласіпедысту  – фрукт ці акцыя «На працу на ровары»

Раніцай 21 верасня людзям, якія абралі для паездак на працу або вучобу ровар, будуць дарыць садавіну. Валанцёры Мінскага роварнага таварыства будуць заахвочваць веласіпедыстаў ў пяці кропках сталіцы.

Пачастунак за выбар экалагічнага транспарту можна будзе атрымаць з 7.15 да 10.30 па наступных адрасах:

  1. Каля Стэлы  Мінск - горад-герой» (скрыжаванне праспекта Машэрава і праспекта Пераможцаў);
  2. Каля ўваходу ў Батанічны сад (пр. Незалежнасці);
  3. На праспекце Пушкіна (каля прыпынку Чыгладзэ, насупраць дома па адрасе пр. Пушкіна, 85).
  4. Каля Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (вул. Мяснікова, 44).
  5. Насупраць універмага «Беларусь» (пр. Партызанскі, 54).

3.jpg

21 верасня. Публічная лекцыя «Чаму беларусы перастаюць ездзіць на ровары восенню, а фіны працягваюць круціць нават зімой?»

21 верасня ў 19.00 у Прэс-клубе (вул. Харужай, 3-601) пройдзе лекцыя  «Чаму беларусы перастаюць ездзіць на ровары восенню, а фіны працягваюць круціць нават зімой?». Мэта лекцыі – натхніць людзей падаўжаць свой «роварныны сезон». Уваход на мерапрыемства бясплатны, але неабходна зарэгістравацца, запоўніўшы кароткую анкету.

Спікеры лекцыі:

Пека Такхола, кансультант гарадской адміністрацыі Оулу (Фінляндыя);

Анастасія Янчэўская, дырэктар Мінскага роварнага таварыства;

Павел Гарбуноў, старшыня праўлення Мінскага роварнага таварыства.

Чаму фінам не холадна ездзіць на ровары ўзімку? Ці патрэбныя адмысловыя «зімовыя» колы? Ці ўплывае язда на ровары ў халодную пару года на здароўе? Як гарадскія службы ў гарадах Фінляндыі спраўляюцца са снегападамі? Ці трэба чысціць веладарожкі ад снегу? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні вы пачуеце падчас мерапрыемства.

Публічная лекцыя будзе накіравана на актыўных веласіпедыстаў, гарадскіх актывістаў, журналістаў і ўсіх зацікаўленых у развіцці веларуху ў Беларусі.

4.jpg

22 верасня. Свята на вуліцы Леніна і велапрабег «Веласіпедыст, дай агню!»

22 верасня ў рамках Дня без аўтамабіля на вуліцы Леніна, якая ў гэты дзень ужо традыцыйна стане пешаходнай, адбудзецца вялікі гарадское свята. Днём гараджан чакаюць кірмаш, майстар-класы, выставы, кінапаказ і канцэрт, а ўвечары праспект Незалежнасці перакрыюць для велапрабегу «Веласіпедыст, дай агню!».

Аўтамабільны рух па вуліцы Леніна ад праспекта Незалежнасці да вул. Кірава будзе перакрыты 22 верасня з 6.00 да 24.00. Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню без аўтамабіля, пачнуцца ў 14.00 і завершацца позна вечарам яркім парадам альтэрнатыўных аўтамабілю сродкаў перамяшчэння.

У праграме свята:

-канцэртна-забаўляльная частка;

-пазнавальныя і рухомыя гульні для дзяцей;

-дэманстрацыя альтэрнатыўных аўтамабілям сродкаў перамяшчэння;

-конкурс на самы яркі ровар;

-выстава  «Веласіпедыст і стыль»;

-бясплатнае абслугоўванне ровараў;

Кульмінацыяй мерапрыемства стане велапрабег па праспекце Незалежнасці ад вуліцы Леніна да Нацыянальнай бібліятэкі, да ўдзелу ў якім запрашаюцца не толькі раварысты, але і ўладальнікі іншых экалагічных відаў транспарту – ролікаў, монаколёсаў, скейтбордаў, самакатаў, гироскуэраў, сигвэяў. Прагулка па праспекце пачнецца а 21.00 і пройдзе ў спакойным тэмпе 15-18 км/г. Для ўдзелу ў мерапрыемстве абавязкова абсталяваць свае сродкі перамяшчэння святловымі элементамі.

Мерапрыемствы Еўрапейскага тыдня мабільнасці ў Мінску арганізаваны Мінскім гарадскім камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Мінскім гарадскім упраўленнем МНС, УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскім роварным таварыствам, Цэнтрам экалагічных рашэнняў, Аховай птушак Бацькаўшчыны і іншымі арганізацыямі.

Роварныя мерапрыемствы ЕНМ-2018. падтрыманы Еўрапейскім саюзам у межах праекта «Гарадскі роварны рух у Беларусі».