Вярхоўны прадстаўнік/Віцэ-старшыня Еўрапейскай камісіі Жазэп Барэль зазначыў: «Моц нашых суседзяў — гэта таксама моц Еўрапейскага саюза; Усходняе партнёрства застаецца найважнейшым элементам знешняй палітыкі ЕС. Нашы прапановы ідуць у кірунку далейшага ўмацавання шасці краін-партнёраў, адлюстроўваючы супольна выпрацаваныя прыярытэты і задачы і захоўваючы пры гэтым акцэнт на дасягненні адчувальных, пазітыўных вынікаў для ўсіх грамадзян».
Еўрапейскі камісар па пытаннях суседства і перамоў аб пашырэнні Олівер Вархелі сказаў: «Мы пасылаем вельмі выразны сігнал нашым усходнім краінам-партнёрам: мы дапаможам вам пабудаваць моцную эканоміку, забяспечыць эканамічны рост і ствараць працоўныя месцы, прыцягваючы прамыя замежныя інвестыцыі і ўмацоўваючы ўзаемную сувязь у такіх ключавых сектарах, як транспарт, энергетыка і навакольнае асяроддзе. Мы будзем цесна супрацоўнічаць у вырашэнні актуальных глабальных праблем, уключаючы цяперашнюю пандэмію каранавірусу».
Грунтуючыся на дасягненнях партнёрства за першыя 10 гадоў, сённяшняя прапанова прадугледжвае, што ў перыяд пасля 2020 года ЕС найперш будзе працаваць разам з краінамі-партнёрамі над вырашэннем агульных праблем і ўмацаваннем устойлівасці ў святле сённяшніх выклікаў. Разам з тым, ЕС і краіны-партнёры працягнуць супольныя намаганні па акрэсленні новых палітычных прыярытэтаў, накіраваных на падтрымку экалагічнай трансфармацыі, лічбавай трансфармацыі і дасягненне эканамічных вынікаў для ўсіх, у прыватнасці пашырэнне магчымасцей працаўладкавання для моладзі і садзейнічанне гендарнай роўнасці.
Партнёрства, якое СТВАРАЕ:
Разам дзеля стварэння жыццяздольнай, устойлівай і інтэграванай эканомікі
Умацаванне эканомікі, скарачэнне няроўнасці і ператварэнне краін-партнёраў у месцы, дзе людзі хочуць будаваць сваю будучыню. Праз павелічэнне гандлю і паглыбленне эканамічнай інтэграцыі, інвестыцыі ў МСП, узаемную сувязь, людзей, выкарыстанне магчымасцей падвойнай — экалагічнай і лічбавай — трансфармацыі, мэта палягае ў тым, каб стварыць прывабнае бізнес-асяроддзе, якое забяспечвае годныя і ўстойлівыя працоўныя месцы і эканамічныя магчымасці, якія дазваляюць кожнаму палепшыць дабрабыт. Каб садзейнічаць паскоранаму росту мы будзем арыентавацца на ключавыя сектары эканамічнага развіцця, такія як энергетыка, транспарт і навакольнае асяроддзе.
Партнёрства, якое АБАРАНЯЕ:
Разам дзеля падсправаздачных дзяржаўных інстытутаў, вяршэнства права і бяспекі
Эфектыўнае кіраванне і дэмакратычныя інстытуты, вяршэнства права, паспяховая антыкарупцыйная палітыка, барацьба супраць арганізаванага злачынства, павага правоў чалавека і бяспека, у тым ліку для насельніцтва ў зонах канфлікту, з'яўляюцца асновай моцных і ўстойлівых дзяржаў і грамадстваў. Яны таксама з'яўляюцца важнымі перадумовамі для функцыянавання рынкавай эканомікі і забеспячэння ўстойлівага росту. У прыватнасці, вяршэнства права — ключавы фактар забеспячэння эфектыўнага дзелавога клімату і важны фактар прыцягнення прамых замежных інвестыцый. Неабходна зноў пацвердзіць прыхільнасць асноватворным прынцыпам партнёрства, лепш ацаніць рэальныя вынікі і наступствы рэформ і іх успрыняццё грамадзянамі.
Партнёрства, якое ІДЗЕ ЗЯЛЁНЫМ ШЛЯХАМ:
Разам дзеля экалагічнай і кліматычнай устойлівасці
Экалагічныя і кліматычныя праблемы патрабуюць тэрміновых дзеянняў з боку ЕС і краін-партнёраў. ЕС будзе дапамагаць краінам-партнёрам выконваць іх нацыянальны план у рамках Парыжскага пагаднення і мадэрнізаваць эканоміку, скарачаць вугляродны след і рухацца ў бок кліматычнай нейтральнасці, прызнаючы пры гэтым інвестыцыйныя выклікі. ЕС таксама будзе падтрымліваць энергаэфектыўнасць будынкаў, развіццё аднаўляльных крыніц энергіі і мадэрнізацыю сферы аховы здароўя.
Партнёрства, якое ЯДНАЕ:
Разам дзеля ўстойлівай лічбавай трансфармацыі
Моцная лічбавая прысутнасць ЕС у суседніх краінах будзе спрыяць росту і ўстойліваму развіццю. У гэтай сувязі ЕС будзе працягваць інвеставаць у лічбавую трансфармацыю краін-партнёраў у адпаведнасці з заканадаўствам і перадавой практыкай ЕС і падтрымліваць рост высокаінавацыйных лічбавых стартапаў у рэгіёне. ЕС будзе і надалей аказваць падтрымку і садзейнічанне кіберустойлівасці краін-партнёраў.
Партнёрства, якое ПАШЫРАЕ МАГЧЫМАСЦІ:
Разам дзеля ўстойлівага, справядлівага і інклюзіўнага грамадства
Свабодныя і справядлівыя выбары, а таксама транспарэнтныя, арыентаваныя на інтарэсы грамадзян і падсправаздачныя дзяржаўныя органы кіравання маюць найважнейшае значэнне для дэмакратыі. Разам з актыўнай грамадзянскай супольнасцю, свабоднымі, плюралістычнымі і незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі і абаронай правоў грамадзян, у тым ліку правоў меншасцей, яны з'яўляюцца ключавым складнікам жыццяздольнага, справядлівага, інклюзіўнага і дэмакратычнага грамадства. Супрацоўніцтва ў гэтых сферах будзе важным прыярытэтам для ЕС.
Для даведкі
Усходняе партнёрства было запушчана ў 2009 годзе з мэтай умацавання і паглыблення палітычных і эканамічных адносін паміж ЕС, яго дзяржавамі-членамі і Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Рэспублікай Малдова і Украінай. Партнёрства развіваецца ў адпаведнасці з інтарэсамі, амбіцыямі і прагрэсам кожнага партнёра, дапускаючы розныя шляхі, але ў гнуткім і інклюзіўным фармаце для сумеснага вырашэння агульных і глабальных праблем і спрыяння рэгіянальнай інтэграцыі. Бягучыя палітычныя мэты былі вызначаныя ў рамках парадку дня «20 канкрэтных вынікаў на перыяд да 2020 года», узгодненага ў 2017 годзе.
Новыя палітычныя мэты былі сфармуляваныя ў выніку структураваных кансультацый па будучыні Усходняга партнёрства, праведзеных у 2019 годзе з шырокім і інклюзіўным удзелам дзяржаў-членаў, краін-партнёраў, арганізацый грамадзянскай супольнасці, навукоўцаў, дзелавых колаў і фінансавых інстытутаў. У цэлым, па цяперашніх рамках рэалізацыі палітыкі Усходняга партнёрства існуе шырокі кансэнсус адносна іх трываласці і адчувальных выгад для людзей.
Далейшыя дзеянні
Еўрапейская камісія і Еўрапейская служба знешніх дзеянняў разлічваюць, што дзяржавы-члены і краіны-партнёры ўхваляць прапанову па стратэгічных мэтах у сувязі з самітам Усходняга партнёрства ў чэрвені 2020 года, што дасць мандат на распрацоўку новага набору адчувальных вынікаў, зыходзячы з бягучых 20 вынікаў да 2020 года.
Дадатковая інфармацыя:
Дакладная нататка: Палітыка Усходняга партнёрства на перыяд пасля 2020 года
Інфармацыйны бюлетэнь: Усходняе партнёрства у перыяд пасля 2020 года