Урачыстая цырымонія адкрыцця ліфта ў сярэдняй школе № 8 г. Наваполацка адбылася 6 сакавіка 2018 года а 10.00 пры ўдзеле прадстаўнікоў Наваполацкага гарвыканкама і запрошанага каардынатара праектаў Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Наталлі Стасевіч.
Гэта адзін з этапаў рэалізацыі ўнікальнага для Полацкага рэгіёну ў прыватнасці і Беларусі ў цэлым інклюзіўнага праекта па ўключэнні дзяцей і моладзі з інваліднасцю ў адукацыйную прастору і грамадскае жыццё горада.
Будаўніча-мантажныя работы на аб’екце пачаліся 28 жніўня 2017 года. За мінулы час у СШ №8 з’явілася прыбудова ў тры паверхі, была ўсталяваная кабіна ліфта − яго вытворчасць ўзяло на сябе ААТ “Магілёўліфтмаш”, побач з шахтай − заменены вокны. За фінансаванне работ адказваў каардынатар праекта − Наваполацкі гарвыканкам.
Са з’яўленнем ліфта ў СШ №8 навучэнцы з інваліднасцю атрымаюць дадатковыя магчымасці для камфортнага перамяшчэння. Тым больш што новы навучальны год ва ўстанове пачалі 30 школьнікаў з асаблівасцямі ў развіцці, з іх 11 − з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата. Яшчэ 35 асаблівых дзяцей займаюцца тут у пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Работы па адаптацыі школьнага асяроддзя да адукацыйных патрэб хлопчыкаў і дзяўчатак будуць працягнутыя. У рамках інклюзіўнага праекта 24 лістапада 2017 года ў СШ №8 адбылося адкрыццё класа дыстанцыйнага навучання, у найбліжэйшыя месяцы на тэрыторыі ўстановы пачнуцца работы па будаўніцтве безбар’ернай спартыўнай пляцоўкі.
Наваполацкі гарадскі выканаўчы камітэт пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза з 1 лістапада 2016 года рэалізуе праект “Наваполацк-ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада”, накіраваны на забеспячэнне роўных і недыскрымінацыйных магчымасцяў атрымання адукацыі для дзяцей і моладзі.