Каля 300 уладальнікаў прысядзібных гаспадарак узялі ўдзел у мерапрымствах праекта “Сетка агароднікаў Століншчыны па эксперыментаванні, абмене і распаўсюджванні інфармацыі” (ЕхNet), які ажыццяўляўся на Столеншчыне з лістапада 2013 года да канца 2016 пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Праект ЕхNet быў накіраваны на стварэнне сеткі агароднікаў Столінскага раёна з мэтай аб’яднання іх намаганняў у вырашэнні актуальных пытанняў. Акрамя гэтага, аказвалася практычная падтрымка агароднікам у пытаннях сумеснага набыцця насення, сельгастэхнікі, рэалізацыі вырашчанай прадукцыі. Праект ЕхNet рэалізоўваўся Столінскім цэнтрам сельскага развіцця у партнёрстве з Асацыяцыяй FERT (Францыя).
Да 80% сродкаў на рэалізацыю ініцыятыў праекта выдаткоўвалася з яго бюджэта. Астатнюю частку сродкаў ўкладалі самі людзі. Акрамя таго, аказвалася і працягвае аказвацца інфармацыйна-кансультатыўная падтрымка, накіраваная на павышэнне рэнтабельнасці аграбізнесу, прадухіленне шкоды навакольнаму асяроддзю.

За час ажыццяўлення праекта былі праведзены 32 эксперыменты ў агародніцтве, у тым ліку па павышэнні эфектыўнасці падсвятлення расады агуркоў і барацьбы з грыбковымі захворваннямі, увядзенні ў выкарыстанне металакаркасных цяпліц, апрабаванні новых сартоў і гібрыдаў агародніны, угнаенняў, сродкаў аховы раслін.
Да таго ж у рамках праекта 40 групавых ініцыятыў невялікіх прыватных гаспадарак атрымалі фінансавую падтрымку для набыцця і сумеснага выкарыстання сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Былі праведзены шматлікія семінары, удзельнікі праекта ездзілі на сельскагаспадарчыя выставы, у азнаямляльныя паездкі ў Венгрыю і Польшчу.



