image2 20.07.2020

ЕС запускае новы праект, накіраваны на барацьбу з арганізаванай злачыннасцю ў рэгіёне Усходняга партнёрства

Запушчаны новы праект, узначалены Еўраполам і фінансаваны Еўрапейскім саюзам; ён накіраваны на ўмацаванне патэнцыялу Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны для больш эфектыўнай барацьбы з арганізаванай злачыннасцю. Праект будзе спрыяць зніжэнню ўзроўню злачыннасці і стварэнню больш бяспечнай жыццёвай прасторы для грамадзян у рэгіёне.

У рамках гэтай чатырохгадовай ініцыятывы Еўрапол падтрымае супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі органамі як на стратэгічным, так і на аператыўным узроўні. Спецыяльнае фінансаванне дазволіць краінам Усходняга партнёрства браць удзел у аператыўных дзеяннях супраць некаторых з дзесяці найбольш значных пагроз бяспекі ЕС, пералічаных у Палітычным цыкле ЕС. Існуючыя сеткі інфармацыйнага абмену і аператыўнага супрацоўніцтва могуць атрымаць далейшае распаўсюджванне для правядзення сумесных расследаванняў у мэтах павышэння эфектыўнасці барацьбы з транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю.

«Гэтая ініцыятыва ўяўляе сабой важны крок у стварэнні трывалых рамак аператыўнага ўзаемадзеяння і даверу паміж праваахоўнымі органамі дзяржаў-членаў ЕС і нашымі Усходнімі партнёрамі, ‒ заявіла выканаўчы дырэктара Еўрапола Катрын дэ Бол. ‒ Нашы ўзгодненыя намаганні прывядуць да больш энергічных дзеянняў у дачыненні да сумесных праблем і трансгранічных пагроз, з якімі мы сутыкаемся».

Лоўрэнс Мерэдыт, дырэктар Дэпартамента Усходняга суседства Еўрапейскай камісіі, заявіў: «Сеткі арганізаванай злачыннасці дзейнічаюць па-за рамкамі нацыянальных межаў і дэстабілізуюць сітуацыю ў рэгіёне ў цэлым. Барацьба з сур’ёзнай арганізаванай злачыннасцю ‒ гэта агульная задача, якая стаіць перад Еўрапейскім саюзам і краінамі-партнёрамі. Умацоўваючы стратэгічнае і аператыўнае супрацоўніцтва паміж Еўраполам і краінамі-партнёрамі, мы ганарымся тым, што тым самым мы робім унёсак у поспех сумесных расследаванняў». 

Усім шасці краінам Усходняга партнёрства, якія размяшчаюцца ўздоўж узбярэжжа Чорнага мора і фармуюць частку «гераінавага маршруту» з Блізкага Усходу ў Еўропу, уяўляюць пагрозу злачынныя групоўкі, якія дзейнічаюць у гэтым рэгіёне. Гэтыя групоўкі займаюцца незаконным увозам мігрантаў, арганізаванымі маёмаснымі злачынствамі, гандлем людзьмі і зброяй, наркагандлем, адмываннем грошай і іншымі спадарожнымі злачынствамі, такімі як падробка дакументаў. Гэтыя крымінальныя сіндыкаты пагражаюць не толькі абароненасці і бяспецы людзей, але і стабільнасці ў рэгіёне Усходняга партнёрства і ўсяго ЕС. Вельмі важна забяспечыць больш актыўнае ўзаемадзеянне паміж праваахоўнымі органамі дзяржаў-членаў ЕС і краінамі Усходняга партнёрства ў мэтах павышэння эфектыўнасці агульнага трансгранічнага рэагавання на дзеянні арганізаванай злачыннасці ў розных краінах.

У рамках больш шырокай ініцыятывы супрацоўніцтва ЕС у памеры 10 мільёнаў еўра, ЕС вылучыў 2,5 мільёна еўра на падтрымку праекта, які будзе праводзіцца на працягу наступных чатырох гадоў. Іншыя два кампаненты накіраваныя на навучанне супрацоўнікаў праваахоўных органаў і ацэнку пагроз (праект, які ўзначальваецца CEPOL* і ўдзел у якім бярэ Еўрапол), а таксама на вяртанне атрыманых злачынным шляхам актываў (праект, кіраванне якім ажыццяўляе Міжрэгіянальны Навукова-даследчы інстытут ААН па пытаннях злачыннасці і правасуддзя (UNICRI)).

* CEPOL ‒ Агенцтва ЕС па навучанні праваахоўных органаў