Сёння Еўрапейскі саюз сумесна з урадам Грузіі запусціў будаўніцтва Еўрапейскай школы ў Грузіі, первуой еўрапейскай школы за межамі ЕС. Сумесная ініцыятыва прывядзе да стварэння школы для грузінскіх вучняў, а таксама вучняў з усяго рэгіёну, каб вучыцца паводле ўнікальнай мадэлі адукацыі, заснаванай на еўрапейскіх і міжнародных каштоўнасцях мультыкультуралізму, міру і талерантнасці.
Афіцыйная цырымонія адкрыцця адбылася пад старшынствам камісара ЕС па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні Ёханэса Хана і прэм'ер-міністра Грузіі Георгія Гахарыя.
Камісар Ёханэс Хан сказаў: «Для мяне як еўракамісара прыярытэтам з'яўляецца аказанне дапамогі маладым людзям у краінах-суседзях Еўрапейскага саюза, шляхам прадстаўлення ім больш шырокіх магчымасцей, развіцця іх навыкаў і садзейнічання іх працаўладкаванню. У гэтым кантэксце, мы падвоілі фінансаванне Усходняга партнёрства на карысць моладзі і адукацыі і дамагліся істотных вынікаў. Адкрыццё Еўрапейскай школы ў Грузіі з'яўляецца выдатным прыкладам нашага імкнення прынесці адчувальную карысць у жыццё грамадзян».
Школа будзе пабудавана побач з Тбіліскім возерам Лісі і, як чакаецца, адкрые свае дзверы для першай кагорты студэнтаў у 2023 годзе. Навучэнцы з Грузіі, а таксама з Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Рэспублікі Малдова і Украіны змогуць прайсці навучанне па ўнікальнай вучэбнай праграме, якая адпавядае высокім патрабаванням грузінскай, еўрапейскай і міжнароднай сістэм адукацыі.
Гэтая інавацыйная ініцыятыва заснавана на пілотнай стыпендыяльнай праграме, запушчанай у верасні 2018 года, якая прапануе вучням ва ўзросце 16 і 17 гадоў з Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Рэспублікі Малдова і Украіны спецыялізаваную навучальную праграму, натхнёную еўрапейскай школьнай сістэмай.
З нагоды свайго візіту ў Грузію камісар Хан таксама меў магчымасць сустрэцца з новым прэм'ер-міністрам Георгіем Гахарыя, міністрам замежных спраў, ключавымі членамі парламента Грузіі ад розных палітычных фракцый, старшынёй партыі «Грузінская мара» для абмеркавання апошніх палітычных падзей у Грузіі.
Для даведкі
Лепшыя перспектывы для моладзі ў цэнтры ўвагі намаганняў ЕС у рамках Усходняга партнёрства. Разам з Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Рэспублікай Малдова і Украінай Еўрапейскі саюз імкнецца стварыць для маладых людзей дадатковыя магчымасці вучыцца і працаваць за мяжой, паўнавартасна ўдзельнічаць у жыцці грамадства і рэалізоўваць свой патэнцыял. Маючы пакет падтрымкі ў памеры 340 млн. еўра, ЕС працуе разам са сваімі шасцю краінамі-партнёрамі над паляпшэннем адукацыі і працаўладкавання моладзі ў рэгіёне. На сённяшні дзень гэта дазволіла ажыццявіць больш за 80 000 моладзевых абменаў, у тым ліку ў рамках праграмы Erasmus+, адкрыць новыя магчымасці працаўладкавання для моладзі, даць ім больш шырокі і лёгкі доступ да фінансавання для адкрыцця бізнесу, а таксама стварыць праграмы прафесійнай адукацыі і прафесійнага навучання (ПАН).
Сумесная палітычная ініцыятыва, Усходняе партнёрства (УП), скіравана на паглыбленне і ўмацаванне адносін паміж Еўрапейскім саюзам (ЕС), яго дзяржавамі-членамі і шасцю ўсходнімі суседзямі: Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Рэспубліка Малдова і Украіна. Гэта асобны кірунак Еўрапейскай палітыкі добрасуседства. Усходняе партнёрства накіравана на фарміраванне агульнай прасторы дэмакратыі, росквіту, стабільнасці і партнёрскіх адносін. Да 31 кастрычніка 2019 года працягваюцца структураваныя кансультацыі адносна будучых палітычных рамак УП.
