У свеце існуе мноства гарадоў, якія ўкараняюць устойлівую сістэму абыходжання з адходамі. І хоць гэта не самая эстэтычная справа, яна можа сыграць вырашальную ролю ў тым, каб дапамагчы гарадам стаць больш зялёнымі ў доўгатэрміновай перспектыве. Наўрад ці многія лічаць смецце асноўным кампанентам больш зялёнага жыцця. Аднак выкарыстанне інавацыйных стратэгій для кіравання адходамі можа быць вельмі эфектыўным метадам вырашэння экалагічных праблем.
У 2017 годзе МГА «Экапартнёрства» распрацавала стратэгію інтэграванага кіравання адходамі электроннага і электрычнага абсталявання для Пухавіцкага раёна, якая дапамагла спланаваць мерапрыемствы па стварэнні сістэмы збору такіх адходаў. Пры падтрымцы праекту «Развіццё паслуг у сферы кіравання адходамі для сельскага насельніцтва Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам, удалося рэалізаваць многія з запланаваных мерапрыемстваў.
У 2018 годзе ў Мар’інай Горцы ўрачыста адкрылі пляцоўку для збору электронных і электрычных адходаў. Стварэнне такога аб’екта зробіць сістэму збору адходаў электроннага і электрычнага абсталявання больш зручнай для жыхароў. За адзін раз на спецыялізаваную пляцоўку можна адвесці ўсю назапашаную старую тэхніку, а таксама загадзя адсартаваныя пластык, шкло, ртуцьзмяшчальныя лямпы, паперу. Цяпер жыхарам не трэба чакаць, калі камунальныя службы змогуць забраць іх адсартаваныя адходы. Пляцоўка складаецца з трох блокаў, якія абсталяваныя адмысловымі налепкамі-паказальнікамі, каб было лёгка разабрацца, што і куды выкідаць.
З’яўленне такога аб’екта – толькі адно з мерапрыемстваў праекта. За апошнія 2,5 гады ў грамадскіх месцах ўсталявана 54 кантэйнеры для збору адпрацаваных батарэек, набытыя мікрааўтобус для электронных і электрычных адходаў у сельскай мясцовасці і бульдозер для ліквідацыі стыхійных звалак, якія робяць сістэму збору адходаў у раёне больш зручнай і экалагічнай.
У шасці ўстановах адукацыі ўсталяваныя кантэйнеры для кампаставання зялёных адходаў, якія дапамагаюць школам не адпраўляць апалае лісце і скошаную траву на палігон, а атрымліваць з іх каштоўнае ўгнаенне.
У рамках праекта вядзецца шырокая інфармацыйная праца з мясцовай супольнасцю. У раёне праводзіліся акцыі па абмене старых электрапрыбораў на торбы, кепкі, дзіцячыя кніжкі, валанцёрскія прыборкі, падчас масавых мерапрыемствах працавала адукацыйная пляцоўка праекта. Для школьнікаў былі арганізаваныя конкурсы малюнкаў, вырабаў, слоганаў, відэаролікаў. Адзін з дзіцячых малюнкаў стаў асновай для лагатыпа праекта ў выглядзе васьмінога, які цяпер размяшчаецца на брашурах, білбордах, буклетах, промапрадукцыі праекта. Таксама МГА «Экапартнёрства» выпусціла метадычны дапаможнік для педагогаў, які дапамагае спланаваць заняткі па пытаннях адходаў. Акрамя інфармацыі для саміх выкладчыкаў, дапаможнік змяшчае вялікую колькасць займальных конкурсаў і віктарын, якія можна праводзіць з навучэнцамі.